З выставы “Белагра-2014” дэлегацыя ААТ “Брэстхлебпрам” вярнулася з дыпломам

З выставы “Белагра-2014” дэлегацыя ААТ “Брэстхлебпрам” вярнулася з дыпломам

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Міжнародная спецыялізаваная выстава (дарэчы, 24-я па ліку) аб’яднала пад сваім “крылом” каля 150 вядучых вытворцаў прадуктаў харчавання з 14 краін свету. Яна прайшла з 3 па 8 чэрвеня ў Мінску і на дэманстрацыйным полі ААТ “Гастэлаўскае”. Лепшыя айчынныя прадпрыемствы, якіх сёлета налічвалася не менш за сотню, пазнаёмілі ўдзельнікаў выставы з нацыянальнымі сакрэтамі здаровага харчавання. Свае смачныя таямніцы раскрылі і берасцейскія пекары.
Экспазіцыя гандлёвай маркі з аднайменнай назвай увасобіла ў сабе галоўныя сімвалы хлебапякарнай справы, знаёмыя, бадай, кожнаму беларусу. Мініяцюрны млын сведчыў пра неверагодную працавітасць нашых аграрыяў, спелыя каласы, акуратна сабраныя ў снапок, нагадвалі пра іх залатыя рукі, а мяшкі з мукой асацыяваліся з асалодай ад выкананай справы. Побач палала імправізаваная печ, дзе падыходзіў духмяны каравай. На ўваходзе гасцей сустракала сардэчнае “Заўжды з дабром!”, якое даўно стала візітнай карткай брэнда “Берасцейскі пекар”. Не абышлося і без доўгачаканай смакаты: свежых боханаў хлеба, выпечкі, мяккіх кулічоў і калачыкаў, апетытных торцікаў і кексаў – усяго таго, што на працягу многіх гадоў выпускаецца пад знакамітай маркай і паспела ўжо заваяваць сімпатыі землякоў.
Сапраўдныя кулінарныя шэдэўры, створаныя брэсцкімі кандытарамі, цешылі вока і прыцягвалі ўвагу гасцей выставы спакуслівым водарам. А самае прыемнае – гэтай салодкай пышнасцю можна было не толькі палюбавацца, але пасмакаваць і нават набыць. Каб шматлікія наведвальнікі не сумавалі і атрымлівалі максімальную асалоду ад экспазіцыі,  для іх было арганізавана грамадскае харчаванне. Гасцінныя берасцейцы частавалі не толькі хлебам уласнага прыгатавання, але і сакавітымі шашлыкамі, стравамі на грылі, смачнымі блінамі і многім іншым. Адным словам, на беднасць прапанаванага асартыменту не скардзіўся ніхто. Прыемную атмасферу дапамагла стварыць самабытная беларуская музыка ў выкананні фальклорных калектываў, бо дзе хлеб – там, як правіла, і песня.
Шаноўнымі гасцямі берасцейскага стэнда сталі Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў, а таксама старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка.
На падвядзенні вынікаў буйнейшага аграрнага форуму найбольш актыўныя яго экспаненты атрымалі дыпломы з рук міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леаніда Зайца. Сярод лепшых аказаўся і калектыў ААТ “Брэстхлебпрам”. Працавітыя берасцейскія пекары не толькі годна прадставілі свае вырабы, але і заключылі новыя кантракты, атрымалі высокую ацэнку ад арганізатараў і наведвальнікаў “Белагра-2014”.
Лепшага стымулу для далейшага самаўдасканалення нават прыдумаць цяжка, бо менавіта клопаты пра спажывальніка і сталі залогам поспеху прадпрыемства на прафесійнай ніве. ААТ “Брэстхлебпрам” з’яўляецца лідарам па выпечцы хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў на Брэстчыне. У складзе Міністэрства сельскай гаспадаркі краіны прадпрыемства актыўна развівае ўласную структуру. Сёння яно налічвае 7 філіялаў па ўсёй вобласці – Пінскі, Баранавіцкі, Столінскі, Кобрынскі, Ганцавіцкі, Лунінецкі і Давыд-Гарадоцкі. Галаўны офіс “Брэстхлебпрама” знаходзіцца ў абласным цэнтры.
На розных этапах хлебапякарнай справы задзейнічана звыш 2200 работнікаў – менавіта столькі пар працавітых рук налічваецца ва ўсім аб’яднанні. Дзякуючы іх стараннай працы, свежанькі духмяны бохан своечасова трапляе на наш стол. А пад гандлёвай маркай “Берасцейскі пекар” сёння вырабляецца каля 1000 найменняў хлебабулачных і 670 – кандытарскіх ласункаў. Гэта печыва “Лілея”, пернікі “Фруктовая мазаіка”, кукурузныя палачкі “Забава”, заварны хлеб “Жыцейскі”, хлеб дэсертны “Чарадзейка”, пірог “Карнавал” і многія іншыя.
Прадпрыемства ўжо на працягу многіх гадоў захоўвае слынныя традыцыі хлебапячэння, якія грунтуюцца на ўнікальных беларускіх рэцэптах. А найноўшае абсталяванне і сучасныя тэхналогіі, памножаныя на вопыт і працавітасць руплівых берасцейскіх пекараў, даюць у выніку тое, без чаго немагчыма жыццё сучаснага чалавека, – Яго Вялікасць Хлеб.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

27 чэрвеня на “прамой лініі” “НТ” прагучаць пытанні па транспартным абслугоўванні насельніцтва

Следующая запись

Ленінградцы намераны пераймаць вопыт берасцейскіх аграрыяў