Беларусь

За дабро – дабром


У КОБРЫНЕ ПРАЙШОЎ РЭСПУБЛІКАНСКІ СЕМІНАР “ВОПЫТ РАБОТЫ РЭГІЁНАЎ ПА АКАЗАННІ
САЦЫЯЛЬНАЙ ПАДТРЫМКІ ВЕТЭРАНАМ, ІНВАЛІДАМ, ПАЖЫЛЫМ ГРАМАДЗЯНАМ”
Семінар выбіўся з графіка. Не таму, што яго ўдзельнікі спазніліся ці аказаліся людзьмі неарганізаванымі. Проста гаспадары мерапрыемства, кабрынчане, прапанавалі такую насычаную праграму, што хацелася падрабязней з усім пазнаёміцца. У кожным месцы было столькі цікавага, творчага, інавацыйнага, што абмежавацца кароткай даведкай не выходзіла. На графік забыліся дзеля глыбокага вывучэння вопыту сацыяльнай работы з ветэранамі, інвалідамі і пажылымі людзьмі.
Практычная частка пачалася ў Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго дырэктар Таццяна Бойка паведаміла, што ў структуры насельніцтва раёна 22 працэнты – гэта пажылыя людзі. Безумоўна, змяненне сацыяльнага статусу чалавека ў старасці ці з-за хваробы выклікае пэўныя цяжкасці ў адаптацыі да новых умоў жыцця. Вось чаму сацыяльная служба актыўна і пастаянна вывучае праблему, імкнецца, каб пажылыя, ветэраны, інваліды з аб’екта (кліента) сацыяльнай работы ператвараліся ў яе суб’ект.
Калі яшчэ гадоў дзесяць таму асноўная праца сацработнікаў заключалася ў аказанні бытавых паслуг, дык цяпер акцэнт зроблены на актыўны ўдзел згаданых катэгорый насельніцтва ў творчай дзейнасці, грамадска карыснай працы, актыўным адпачынку. Сярод кобрынскіх інавацый – перасоўныя клубы па інтарэсах для маладых інвалідаў на базе сельскіх устаноў культуры і адукацыі, валанцёрскі рух пажылых, участковая сацыяльная служба на вёсцы, створаная ў Дзівіне. Знайшла падтрымку сацыяльная тэхналогія “Візіты ўвагі”: маламабільных пажылых людзей і інвалідаў сацслужба наведвае дома разам з культработнікамі і школьнікамі. Для арганізацыі актыўнага баўлення часу непрацаздольных грамадзян стварылі клуб “Актыўныя мудрацы”. Добрая форма барацьбы з адзінотай пажылых і інвалідаў – “Вячоркі” дома. А яшчэ ёсць “Школы здароўя”, экскурсіі, выставы, святы.
У сістэме сацыяльнага абслугоўвання расце папулярнасць аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў. Ёсць такое і ў Кобрыне. У прасторных пакоях інваліды і шыюць, і абеды гатуюць, і займаюцца ў трэнажорнай зале, і аддаюць час мастацкай самадзейнасці.
Удзельнікі семінара паглядзелі выставу работ, якія падрыхтавалі выхаванцы дзённых аддзяленняў тэрытарыяльных цэнтраў Кобрына, Пружан, Бярозы. Гле-дзячы на вырабы, нават не верылася, што такая прыгажосць створана людзьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Ніякага абмежавання тут якраз і не адчувалася: бісерапляценне, вышыўка, кераміка, цацкі, жывапіс – усё яркае, ствараючае пазітыўны і аптымістычны настрой.
Знайшлося месца ў аддзяленні і для пенсіянераў. Сустракаючыся разам, яны спяваюць, вяжуць, засвойваюць камп’ютар ды проста размаўляюць, ліквідуючы тым самым узроставы дэфіцыт зносін. Пажылыя людзі ўпэўнены – так праводзіць час куды цікавей, чым на лаўцы каля дома.
Асабіста я назаўсёды развіталася са стэрэатыпным уяўленнем аб псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў, калі пазнаёмілася з такой установай у Кобрыне. Справа тут нават не ў сучаснай мэблі, утульных пакоях, узроўні медыцынскай дапамогі, а ў атмасферы. У доме-інтэрнаце пражывае 180 чалавек, яшчэ 120 – у аддзяленні, якое знаходзіцца ў асобным памяшканні ў чатырох кіламетрах ад установы. Колькім жа людзям тут дапамаглі жыць годна з 1969 года! Калектыў, які ўжо 27 год узначальвае Лявонцій Яромін, кіруецца высокімі прынцыпамі гуманнасці і чалавечнасці, таму клопатам акружаны кожны пацыент.
Кабінеты фізіятэрапіі і лячэбнай фізкультуры, утульныя холы, эстэтычна аформлены двор радуюць жыхароў інтэрната. Яны працуюць у швейнай майстэрні, займаюцца ў гуртках “Умелыя рукі”, вязання і вышыўкі, бісерапляцення, малявання, аплікацыі, аматараў шашак, шахмат і даміно, відэакамп’ютарным салоне, клубе мастацкай самадзейнасці. Пражываючыя актыўна займаюцца па праграмах “Спешыл Алімпікс” і “Вылечыся спортам”. Каманды інтэрната па міні-футболе, настольным тэнісе і боччэ (гульня металічнымі шарамі) неаднаразова займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
Здавалася б, старыя і нямоглыя людзі, а яны самавыяўляюцца ў песнях і вершах, у творчых работах. Ім цікава гэтым займацца, бо іх падтрымліваюць, заахвочваюць, даюць магчымасць заставацца ў соцыуме.
Не адчуваюць сябе адарванымі ад грамадства і ветэраны працы, пажылыя людзі, якія раней працавалі на Кобрынскім хлебазаводзе. Аб прадпрыемстве і рабоце з пенсіянерамі ўдзельнікам рэспубліканскага семінара расказаў яго дырэктар Аляксандр Хамук. Адзін толькі паказальны факт: пенсіянерам завод бясплатна дапамагае пасадзіць і сабраць бульбу, забяспечвае агароднінай. А як весела ў актавай зале праходзяць вечары-сустрэчы з пажылымі людзьмі! “Пра сваіх мы не забываем, – гаворыць дырэктар хлебазавода. – Гэта наш сацыяльны абавязак, для выканання якога і грошы знойдзем, і час”.
Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з арганізацыяй адпачынку і стварэннем умоў для заняткаў творчасцю пажылым людзям у гарадскім Палацы культуры. У выставачнай зале паглядзелі плён іх работы. Нельга было адвесці вачэй ад шыкоўных вышываных карцін, зграбных вырабаў традыцыйных рамёстваў, рарытэтных калекцый, сабраных пенсіянерамі.
Уражаннямі дзяліліся на пленарным пасяджэнні. Прадстаўнікі сацыяльных служб усіх абласцей і Мінска расказалі і аб сваёй практыцы работы з ветэранамі, інвалідамі і пажылымі людзьмі, абмеркавалі актуальныя пытанні аказання сацыяльных паслуг. Апошнія надзвычай запатрабаваныя. Так, у Брэсцкай вобласці зарэгістраваны 24,5 тысячы адзінокіх і 83 тысячы адзінокапражываючых непрацаздольных грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. У нас сацыяльныя паслугі аказваюць 20 тэрытарыяльных цэнтраў, у структуры якіх 98 аддзяленняў і 192 сацыяльныя пункты. Толькі за першае паўгоддзе сёлета атрымана 108 тысяч зваротаў грамадзян.
“Актуальнасць гэтай работы дыктуе час, – адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валянціна Каралёва. – На развіццё гэтай сферы скіравана і Комплексная праграма сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, разлічаная на 2011 – 2015 гады. Яе рэалізацыя дазволіць, у прыватнасці, палепшыць умовы знахо-джання інвалідаў, ветэранаў, пажылых у стацыянарных сацыяльных установах, будзе развівацца інфраструктура і матэрыяльнае забеспячэнне тэрытарыяльных цэнтраў, атрымаюць падтрымку інавацыйныя формы работы. Што важна, праграма –
гэта не проста пералік на паперы мерапрыемстваў, а падмацаваны істотнымі матэрыяльнымі сродкамі доўгатэрміновы план дзеянняў для ўсёй рэспублікі. Вялікая ўвага будзе нададзена абслугоўванню грамадзян дома, рабоце з маладымі інвалідамі, павышэнні кваліфікацыі сацыяльных работнікаў”.
Быць бездапаможным, пакінутым, забытым – страшна. Усё гэта абвастраецца, калі ты – стары або абмежаваны ў фізічных магчымасцях. Наша дзяржава ўлічвае гэты фактар і надае ўвагу сацыяльнай падтрымцы грамадзян. А сацработнікі імкнуцца быць клапатлівымі, цярплівымі, тактоўнымі, добразычлівымі. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Мікалай Якаўчук перакананы: “За дабро – дабром вернецца!” Абавязкова так яно і будзе.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Кобрын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля