Заўтра ў кінатэатры “Беларусь” адкрываецца VIII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў

Заўтра ў кінатэатры “Беларусь” адкрываецца VIII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Яшчэ не сціхлі водгаласы нядаўняга тэатральнага форуму “Белая Вежа-2012”, а Брэст зноў рыхтуе падмосткі. Чарговы фестываль, але ўжо з прыстаўкай “кіна” літаральна топчацца на парозе і гучна грукае ў дзверы. Да нас спяшаюцца айчынныя кінематаграфісты, замежныя госці і проста тыя, хто лічыць знаходку братоў Люм’ер важным дасягненнем цывілізацыі. Дарэчы, у лік апошніх варта ўключыць і брастаўчан. За перыяд існавання нацыянальнага кінафестывалю гасцінныя гаспадары прасякнуліся да яго неверагоднай цеплынёй.
У афішы VIII Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў, які працягнецца з 29 верасня па 2 кастрычніка, 51 назва. Заявак было значна больш, прызнаюцца члены аргкамітэта, але, каб адглядзець хаця б гэта, журы давядзецца працаваць не складаючы рук: хранаметраж асенняга кінамарафону налічвае 28 гадзін. “Паляваць” на крыштальных буслікаў – імі па традыцыі прадстаўлены галоўныя прызы форуму – будуць стваральнікі 9 гульнявых, 6 анімацыйных, 19 дакументальных і 17 студэнцкіх фільмаў. А размяркуе ўзнагароды каманда дасведчаных суддзяў на чале з Сяргеем Лазаруком, першым намеснікам старшыні Саюза кінематаграфістаў Расіі.
Па словах дырэктара фэсту Галіны Шынкар, у даволі насычаную праграму арганізатары ўціснулі таксама сустрэчы з тымі, кім не раз даводзілася захапляцца па той бок блакітнага экрана. Да прыкладу, новы фільм “Немец” фестывальнай публіцы прэзентуе Анатоль Кузняцоў, выканаўца ролі Сухава ў фільме “Белае сонца пустыні”. Чакаюць у Брэсце і знакамітую расійскую актрысу Вольгу Астравумаву, акцёра тэатра на Таганцы Аляксандра Цуркана, Алега Несцерава, вядомага, дарэчы, не толькі працай у кіно, але і шэрагам паспяховых музычных праектаў. Апошні прывязе на форум стужку “Выкрасці Бельмандо”. Зноў з’явіцца на брэсцкай чырвонай дарожцы і Ігар Угольнікаў.
– Расійскія знакамітасці ўсё часцей выказваюць жаданне наведаць фестываль, – паведаміла Галіна Шынкар. – Ды паклікаць усіх не дазваляюць пэўныя фінансавыя цяжкасці і насычаны працоўны графік саміх артыстаў. Сёлета хацеў прыехаць Аляксандр Панкратаў-Чорны, але ў яго не атрымалася па тэрмінах. Затое знакаміты сцэнарыст, рэжысёр Іраклій Квірыкадзэ згадзіўся прадэманстраваць свае педагагічныя здольнасці і даць майстар-клас будучым кінематаграфістам.
Аматары кіно таксама ўшануюць памяць заўчасна памерлага Аляксандра Колбышава. Яго стужка “Ваўкі” атрымала гран-пры на мінулым фестывалі. Гледачам пакажуць ролік “Жаданне жыць”, прысвечаны таленавітаму рэжысёру. Ну, а разгорнуцца фестывальныя відовішчы ў паўцёмных залах кінатэатраў “Беларусь” і “Мір”. Менавіта туды на сустрэчу з кіно запрашаюцца ўсе неабыякавыя да гэтага чароўнага віду мастацтва.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Смага сваіх каранёў

Следующая запись

Штодзень з гаспадарак Брэстчыны на прыёмныя пункты паступае каля 9 тысяч тон цукровых буракоў