“Зорныя” рэйсы

“Зорныя” рэйсы

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Жыццё гэтага сціплага чалавека, як і яго равеснікаў, сярод вясковай дзетвары нічым не вызначалася. Хадзіў у школу, пасля ўрокаў гуляў з хлопцамі ў футбол, калі крыху пасталеў – дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Перад арміяй па накіраванні ваенкамата пайшоў у ДТСААФ вучыцца на вадзіцеля. Затым – служба ва Узброеных Сілах СССР.
Праўда, у яго жыцці была ўдарная камсамольская будоўля – Байкала-Амурская магістраль. На ўзвядзенне яе ехала моладзь з усіх куточкаў неабсяжнай Краіны Саветаў. Кліч, кінуты камсамолам, не пакінуў абыякавым нікога. Рамантыка, асваенне невядомых мясцін, жаданне ўпісаць у будаўніцтва БАМа свой радок вабілі юнакоў і дзяўчат. Іх не палохалі ні камары, ні неўладкаваны быт, ні іншыя цяжкасці. Усё гэта было нішто ў параўнанні з той справай, якую маладыя павінны былі ажыццявіць.
Мікалай Кіндрук з вёскі Дрэбск Лунінецкага раёна не пракладаў магістраль саюзнага значэння. Але дачыненне да яе будаўніцтва мае самае непасрэднае. Хлопцу з палескай глыбінкі давялося ў гэтым рэгіёне праходзіць тэрміновую службу ў радах Савецкай Арміі вадзіцелем. І ён на працягу двух гадоў на давераным яму ЗІЛе дастаўляў будаўнікам БАМа за 350 кіламетраў прадукты. Даводзілася вазіць і будаўнічыя матэрыялы. Рэйсы тыя на ўсё жыццё запомніліся вясковаму хлопцу, а яшчэ сталі сапраўднай школай загартоўкі і набыцця прафесійнага майстэрства, якія дапамагаюць яму годна жыць і быць паважаным чалавекам сёння.
…Пасля службы ў арміі Мікалай Кіндрук вярнуўся на сваю маленькую радзіму. На работу ўладкаваўся ў мясцовы калгас вадзіцелем. Работніку-пачаткоўцу кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла “немалады” ўжо ГАЗ-52 – маўляў, калі справішся з ім, тады можна будзе і навейшую тэхніку даверыць. Мікалай справіўся. На давераным яму аўтамабілі выконваў усе работы, што даручалі, сам ліквідаваў паломкі, якія час ад часу здараліся, і адпраўляўся ў чарговы рэйс. А вечарам, пасля напружанага працоўнага дня, спяшаўся ў клуб. Тут прыгледзеў ён сабе будучую жонку. Запала яму ў душу дзяўчына з прыгожым імем Святлана, ды і ёй Мікалай, па ўсім бачна было, прыйшоўся даспадобы. Таму праз хуткі час у Дрэбску, адкуль родам жаніх з нявестай, гудзела вяселле, на якім гуляла амаль уся вёска.
Так і жывуць дагэтуль у згодзе ды каханні. За гэты час пабудавалі ў Кажан-Гарадку дыхтоўны дом, нарадзілі і выгадавалі тры дачкі, маюць двух зяцёў ды столькі ж унукаў. Жонка працуе ў Кажан-Гарадоцкай бальніцы, а сам Мікалай Мікалаевіч –
па-ранейшаму ў мясцовай гаспадарцы, якая пасля рэфармавання стала сельгас-кааператывам. Як і 29 гадоў таму, калі прыйшоў у калгас, займаецца грузаперавозкамі. Цяпер, праўда, не на старым ГАЗ-52, а на ГАЗ-53, якому таксама ўжо больш за 20 гадоў. Перавозіць мінеральныя ўдабрэнні, арганіку, бульбу, буракі і, вядома ж, у час жніва – збожжа ад камбайнаў. Прычым так спрытна і хутка курсіруе па маршруце поле – збожжаток, што ўжо чатыры разы па колькасці перавезенага зерня станавіўся пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на жніве сярод вадзіцеляў і пяць разоў – прызёрам. За першае месца атрымаў два матацыклы і два камп’ютары, за другое і трэцяе – халадзільнік, два тэлевізары, хатні кінатэатр, відэакамеру.
– Камп’ютары падарыў дочкам, – распавядаючы пра лёс сваіх узнагарод, сказаў Мікалай, – адзін матацыкл прадаў, на другім – езджу сам. Астатнім рэчам таксама знайшлося прымяненне.
– Але ж не толькі падарункамі запомніліся фестывалі-кірмашы, на якіх уручаліся гэтыя падарункі? – пытаюся ў Мікалая Мікалаевіча.
– Так. Бываючы на фестывалях, вывучаў геаграфію гарадоў, у якіх яны праводзіліся. Апошняя – Ліда. А былі яшчэ Масты, старажытны Полацк, Кобрын… Шмат цікавага давялося ўбачыць у кожным горадзе, бо ўсе яны па-свойму самабытныя, прыгожыя і адметныя.
Знаёмствы, сустрэчы, усё ўбачанае і пачутае падчас рэспубліканскіх дажынак, вядома ж, запомнілася. Магчыма, калі-небудзь ён раскажа пра гэтыя памятныя ў жыцці моманты сваім праўнукам. А яшчэ пакажа ім медаль “За працоўныя заслугі”, які летась атрымаў з рук Прэзідэнта, і ўспомніць, як хваляваўся, калі Кіраўнік краіны паціскаў яму руку, жадаючы новых працоўных дасягненняў дзеля росквіту роднай Беларусі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Лунінецкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Захапленне, а не хвароба

Следующая запись

Уважліва і прынцыпова