Брэсцкі Цэнтр укаранення навукова-тэхнічных распрацовак плануе палепшыць экалогію і стварыць унікальную антывірусную праграму

Брэсцкі Цэнтр укаранення навукова-тэхнічных распрацовак плануе палепшыць экалогію і стварыць унікальную антывірусную праграму

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Чалавецтва не перастае пераконвацца ў тым, што будучае – за навукай! Да банальнага простая думка даўно стала безапеляцыйнай ісцінай. Менавіта гэтым немудрагелістым дэвізам ужо больш за 10 гадоў кіруюцца супрацоўнікі КУП “Цэнтр укаранення навукова-тэхнічных распрацовак”. У 2008-м перспектыўнае прадпрыемства набыло статус тэхналагічнага парка вобласці, а сёння ў яго складзе – 11 новых навукаёмістых структур. Амбіцыйным інтэлектуалам, аб’яднаным агульнай справай, пад сілу нават змяніць экалогію ці стварыць антывірусную праграму, аналагаў якой у свеце няма! Але пра ўсё па парадку…
…ПРА ІНАВАЦЫІ
Цэнтр прадстаўляе інтарэсы Брэсцкага аблвыканкама, Беларускага інавацыйнага фонду і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Адсюль – багаты спектр паслуг: падтрымка прадпрыемстваў, задзейнічаных у сферы інавацый, развіццё трансферу тэхналогій у вобласці, стварэнне і ўдасканаленне новых відаў прадукцыі, а таксама кампетэнтныя кансультацыі па да-дзеных пытаннях. У спісе, які можна працягваць і працягваць, варта вылучыць распрацоўку інвестыцыйных праектаў і бізнес-планаў. Іх ужо каля 70.
Акрамя таго, навукоўцы дбайна сочаць за далейшым лёсам сваіх “дзецішчаў”: забяспечваюць належнай увагай кожны этап рэалізацыі падрыхтаванай праграмы – ад прыцягнення інвестараў да прасоўвання на тэрыторыі краіны ці за мяжой. Прычым пошук замежных партнёраў і новых перспектыў тут даўно ўвайшоў ва ўжытак і лічыцца адным з правіл прафесійнага кодэкса гонару.
Па словах Віталя Бонды, намесніка дырэктара цэнтра па камерцыйных пытаннях, добрай рэпутацыяй можа пахваліцца і служба IT-праектаў. У прыватнасці, таленавітыя праграмісты спецыялізуюцца на стварэнні аўтаматызаваных сістэм кіравання, інфармацыйна-аналітычных сістэм, а таксама інтэрнэт-сайтаў і парталаў. З ліку іх найбольш вядомых дасягненняў – распрацоўка і суправаджэнне сайта аблвыканкама, некаторых гар- і райвыканкамаў.
…ПРА ЭКАЛОГІЮ
Хвалююць супрацоўнікаў цэнтра і праблемы навакольнага асяроддзя. Прафесійны інтарэс да іх прадыктаваны звычайным жаданнем дыхаць чыстым паветрам і піць крыштальную ваду. З другасным выкарыстаннем бытавых камунальных адходаў, напрыклад, звязаны шматлікія навуковыя пошукі. Лінія па перапрацоўцы смецця ад рэзідэнта тэхнапарка прыватнага прадпрыемства “Сіфанія – Экатэхніка” карыстаецца папулярнасцю не толькі на радзіме. У суседняй Расіі на яе аснове створана 7 прадпрыемстваў. Да таго ж кампанія выйграла тэндар на будаўніцтва буйнога смеццеперапрацоўчага завода ў Магілёўскай вобласці. Наступным сур’ёзным крокам для “Сіфаніі”, безумоўна, стане выхад на еўрапейскі рынак.
Адходы з лёгкасцю ператвараюцца ў даходы. Спецыялісты тэхнапарка цэнтра дэманструюць тое, што інакш, як сапраўдным прамысловым цудам, і не назавеш: апілкі ці салома становяцца брыкетам, пластыкавыя бутэлькі – трубамі. Нават актуальнае для берасцейцаў пытанне ачышчальных збудаванняў і непрыемнага паху, звязанага з імі, знайшло адлюстраванне ў дзейнасці ўстановы.
Супрацоўніцтва з навуковымі дзеячамі краіны дазваляе выпрацоўваць эфектыўныя метады змяншэння колькасці шкодных выкідаў у сцёкі водных артэрый вобласці. А шматлікія семінары па тэме сталі своеасаблівым рупарам для зацікаўленых.
– Адметнасць падобных праектаў у тым, што мы прапануем вырашэнне праблемы за адносна невялікія грошы, – тлумачыць Вячаслаў Кірылюк, дырэктар Цэнтра ўкаранення навукова-тэхнічных распрацовак. – Падрабязней даведацца пра дзейснасць падобных тэхналогій можна будзе 1 лістапада на семінары, які пройдзе на базе РУСП “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Заходні”.
Навуковая сустрэча пад назвай “Сучасныя тэхналогіі ачысткі сцёкаў жывёлагадоўчых комплексаў і біягазавыя ўстаноўкі” закране праблемы ўтылізацыі арганічных асадкаў сцёкавых вод, спосабы ўтылізацыі гною і іншае. Навукоўцы раскажуць аграрыям, як можна паспяхова займацца любімай справай, не забруджваючы пры гэтым наваколле. І, што самае важнае – з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі. Словам, і танна, і хітра! За больш дэталёвай інфармацыяй наконт удзелу ў семінары, а таксама па іншых пытаннях супрацоўніцтва звяртайцеся па тэлефонах: 8(016)21-28-44 (тэл./факс), 21-55-26, 21-21-89.
…ПРА ПЕРСПЕКТЫВЫ
Яны, па вялікім рахунку, звязаны з навуковым супрацоўніцтвам за межамі рэспублікі, узаемавыгадным экспартам прадукцыі і паслуг. Ды гэта – глабальнае! З таго, што знаходзіцца побач, літаральна на адлегласці выцягнутай рукі, асаблівая ўвага надзяляецца ўнікальнаму ноу-у, якое спецыялісты цэнтра распрацоўваюць сумесна з маладымі навукоўцамі і іх выкладчыкамі з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Гэта антывірусная праграма, заснаваная на выкарыстанні штучнага інтэлекту. Сёння навукоўцы актыўна шукаюць інвестараў, якія дапамогуць ажыццявіць ідэю. Распрацоўка, дарэчы, з разраду суперэксклюзіву, аналагаў якому грамадскасць пакуль што не прыдумала. Можа, яна назаўжды пераверне сучасныя ўяўленні ў галіне камп’ютарнай бяспекі і праславіць сваіх аўтараў як інтэлектуальных рэвалюцыянераў новага пакалення…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Цеплынёй душэўнай трэба дзяліцца са сваёй другой палавінкай і з усім светам – тады і шчасце не абміне твой дом

Следующая запись

з 26 па 28 кастрычніка пройдзе выстава-кірмаш «Ваш дом-2011»