Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Цеплынёй душэўнай трэба дзяліцца са сваёй другой палавінкай і з усім светам – тады і шчасце не абміне твой дом

Цеплынёй душэўнай трэба дзяліцца са сваёй другой палавінкай і з усім светам – тады і шчасце не абміне твой дом


Завітала да бабы Мані і дзеда Васіля Амялюсікаў. Захацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтымі людзьмі, пра якіх кажуць, што жывуць яны годна, а ў сямейных адносінах дадуць фору сучаснай крэатыўнай моладзі. Можа, таму, што застаюцца вернымі простым сямейным каштоўнасцям, цаніць якія навучылі іх апаленая вайной маладосць, галодны пасляваенны час, цяжкая праца на зямлі.
Марыі Рыгораўне 92 гады. Рухавая і вясёлая бабулька, яна сустрэла мяне радасна, зычліва. Мы сядзім за сталом, засланым чыстым белым абрусам, і мая суразмоўніца няспешна апавядае. Пра вайну, пра тое, як вывезлі ў Германію. Потым на вуснах з’яўляецца ўсмешка, і баба Маня кажа: “Адразу пасля знаёмства з Васем я адчула, што ён вельмі чулы чалавек і з ім мне будзе добра, таму без ваганняў згадзілася пайсці за яго замуж”.
Васіль Барысавіч мабілізаваўся дамоў у 1946 годзе і прывёз маладую жонку на Палессе, у невялікую вёску Падышча, што на Іванаўшчыне, якая, дарэчы, за гады вайны таксама зведала шмат пакут, была спалена. Тут, а дакладней – на хутары, за два кіламетры ад вёскі, прайшло яго дзяцінства. Збудавалі сваю хату і пачалі жыць, працаваць па прыкладзе бацькоў. Работы не баяліся, гэтаму вучылі і сваіх дзетак, што адзін за адным пайшлі ў сям’і. (Дзве дачкі і сын, якіх выгадавалі Марыя Рыгораўна і Васіль Барысавіч, паважаныя ў грамадстве і ўжо даўно немаладыя людзі, маюць сваіх унукаў).
Мае героі адпрацавалі ў калгасе ўсё сваё жыццё. Марыя Рыгораўна –
даяркай, Васіль Барысавіч – конюхам. І неяк так непрыкметна праляцеў час, што і не заўважылі: дзеці павырасталі і стварылі свае сем’і, а гады абавязваюць ісці на заслужаны адпачынак. Тут і ўсплыў яшчэ адзін цікавы факт. Аказваецца, Амялюсікі, якія пражылі разам столькі гадоў, нават забыліся на тое, што ў пасляваенных клопатах не зарэгістравалі свой шлюб, таму па дакументах мужам і жонкай не з’яўляліся. Давялося непаразуменне выпраўляць: у 1975 годзе ўрачыста, са сведкамі, словам, усё як мае быць, нашых “маладых” распісалі ў Адрыжынскім сельсавеце.
Увесь час дзед Васіль дапытліва ўзіраецца мне ў твар, уважліва сочыць за нашай  з Марыяй Рыгораўнай гутаркай. На жаль, не чуе, бо на вайне яго моцна аглушыла варожым снарадам. Але ж мне цікава паслухаць і яго, таму свае пытанні перадаю праз бабулю Маню. Васіль Барысавіч дзеліцца ўспамінамі аб ваенным ліхалецці і аб шчаслівым сямейным жыцці, разважае аб сучасным жыцці і моладзі, аб палітыцы беларускай дзяржавы, дэманструе ўзнагароды.
На сценах светлага пакоя, адведзенага пад кухню, – фотаздымкі дзяцей, унукаў, праўнукаў у акуратных рамачках з саломы, зробленых шмат гадоў назад рукамі Васіля Барысавіча. У другім пакоі – шмат вышываных навалачак і сурвэтак. Наогул, у гэтым доме столькі сонца і святла, столькі жыццялюбства і шчырага жадання падзяліцца сваёй душэўнай цеплынёй!
Чым больш выпрабаванняў выпадае на жыццёвым шляху, тым шчаслівейшы чалавек, калі ідзе па жыцці з надзеяй і ўмее радавацца кожнаму дню. Амялюсікі – удзельнікі страшнай вайны, падчас якой прыходзілася есці лісце з акацыі і сырыя буракі, спаць у халодных скляпах на акупаванай ворагам зямлі, забыць пра юнацтва, сонца, каханне… Але яны – шчаслівыя. Абое перайшлі на дзясяты дзясятак, жывуць, радуючыся гэтаму свету.
Кожны год жыцця дабаўляе на твары маршчынкі. Васіль Барысавіч і Марыя Рыгораўна – людзі, якія пражываюць сваё жыццё годна. А значыць, і кожны пражыты год дабаўляе на іх твары не адзнаку старасці, а дадатковую прыгажосць.
Дар’я ГАРБАЦКАЯ,
студэнтка БДУ,
Іванаўскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля