з 26 па 28 кастрычніка пройдзе выстава-кірмаш «Ваш дом-2011»
У канцы XIX стагоддзя Брэст быў адным з вядучых цэнтраў, дзе праводзіліся кірмашы, – гістарычна склалася, што горад стаў сувязным звяном паміж Захадам і Усходам.
Два брэсцкія штогадовыя кірмашы лічыліся лепшымі на беларускіх землях. На іх прыязджалі госці з многіх гарадоў розных краін.
«Я думаю, што наша выстава з’яўляецца працягам тых гістарычных традыцый», – расказаў карэспандэнту партала Interfax.by член аргкамітэта Міжнароднай выставы-кірмашу «Ваш дом-2011» старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага абл-выканкама Уладзімір Парашка.
«Такія мерапрыемствы, як наша выстава, даюць імпульс развіццю будаўнічай галіны, садзейнічаюць росту інавацыйнай і інвестыцыйнай прыцягальнасці Брэсцкай вобласці, – адзначыў У. Парашка. – Развіццё рэгіёна арыентавана на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і, безумоўна, немагчыма без стабільнай работы будаўнічага комплексу».
«Асноўнай асаблівасцю выставы стане нацэленасць экспазіцыі непасрэдна на спажыўцоў прадукцыі – прыватных асоб, якія жадаюць атрымаць шырокую інфармацыю, набыць будматэрыялы і тавары для дома», – падкрэсліў прадстаўнік аргкамітэта форуму «Ваш дом-2011».
У выставе-кірмашы будзе ўдзельнічаць шырокае кола вытворцаў і пастаўшчыкоў паслуг і матэрыялаў у сферы будаўніцтва. Яны прапануюць сучасныя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі, новыя тэхналогіі ў будаўніцтве і праектаванні, уладкаванні кватэр і дамоў вялікай колькасці заказчыкаў і спецыялістаў.
«Гэта дасць наведвальнікам і патэнцыяльным спажыўцам добрую магчымасць ацаніць выстаўленую прадукцыю, як кажуць, памацаць усё ўласнымі рукамі», – сказаў Уладзімір Парашка.
Выстава будзе цікавай і карыснай не толькі спажыўцам, але таксама вытворцам, пастаўшчыкам і інвестарам. Геаграфічная блізкасць Брэсцкай вобласці, і Брэста ў прыватнасці, да Польшчы, па словах У. Парашкі, «і ўскосна, і напрамую адлюстроўваецца на дзейнасці народнай гаспадаркі рэгіёна, у тым ліку і на рабоце будаўнічага комплексу вобласці».
«Толькі за першае паўгоддзе 2011 года польскімі інвестарамі было накіравана ў эканоміку вобласці 10,5 мільёна долараў, з іх 10,2 мільёна – прамых інвестыцый», – паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве.
Вялікай інвестыцыйнай прыцягальнасцю на тэрыторыі Брэстчыны валодаюць аб’екты, якія звязаны з будаўніцтвам АЗС з комплексам сэрвісных паслуг, прыдарожнага сэрвісу.
Прыкладаў стварэння сумесных беларуска-польскіх падрадных арганізацый няшмат, адзначыў У. Парашка. «Аднак кантакты на прафесійным узроўні ў нас ёсць. На працягу апошніх гадоў на тэрыторыі вобласці на аб’ектах рэстаўрацыі архітэктурна-гістарычных помнікаў працуюць спецыялісты з Польшчы (касцёл у вёсцы Воўчын)», – дадаў ён.
Станоўчы ўплыў на развіццё будаўнічай галіны маюць і будаўнічыя матэрыялы, якія выпускаюцца на тэрыторыі Польшчы. «Без іх ужо немагчыма ўявіць работы па рамонце і рэканструкцыі аб’ектаў рознага прызначэння».
Пры гэтым прадпрыемствамі вобласці паспяхова рэалізуецца праграма імпартазамяшчэння. Асвоены выпуск шэрагу сучасных будматэрыялаў: профілю ПВХ, шырокага спектра сучасных лакафарбавых вырабаў (акрылавых і водна-дысперсійных фарбаў), поліўрэтанавай мантажнай пены, сухіх будаўнічых сумесей з прымяненнем нанагазабетону.
На выставе «Ваш дом-2011» можна будзе купіць ва ўласнасць зямлю для пабудовы свайго дома, атрымаць кансультацыю спецыялістаў, пазнаёміцца з самымі цікавымі будаўнічымі праектамі.
Выстава «Ваш дом-2011» пройдзе з 26 па 28 кастрычніка.
Месца правядзення – Лядовы палац спорту, адрас: г. Брэст, вул. Маскоўская, 151.
Падрабязную інфармацыю аб выставе-кірмашы можна прачытаць на сайце www.belexpo.by.
Па пытаннях удзелу і наведвання выставы можна звяртацца па тэлефонах: +375(17)334-26-78, +375(17)334-58- 16, электронны адрас: edu@belexpo.by.
Юргіс Думбляўскас.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.