На 70 працэнтах аб’ектаў гандлю, прадпрыемстваў грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу, рынкаў выяўляюцца парушэнні санітарных норм
Усе мы – пакупнікі. Усім нам хочацца набываць якасныя тавары. Асабліва калі купляем прадукты харчавання. Невыпадкова санслужба вядзе рэгулярны маніторынг аб’ектаў, на якіх могуць узнікнуць сітуацыі, што будуць пагражаць здароўю насельніцтва. На жаль, на 70 працэнтах правяраемых аб’ектаў у вобласці фіксуюцца парушэнні, якія найчасцей абумоўлены нядобрасумленнымі адносінамі работнікаў да сваіх абавязкаў. Каб засцерагчы сябе ад непрыемнасцей, пакупнікам варта быць больш уважлівымі.
Звярніце ўвагу на парадак у магазіне, сталовай, кафэ. Будзьце ўважлівымі да таго, хто вас абслугоўвае. Памятайце: бруд і прадукты харчавання несумяшчальныя. Купляючы тавар, паглядзіце на цэласнасць упакоўкі і наяўнасць на ёй неабходнай інфармацыі. Звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці. Калі маркіроўка сцерлася ці заклеена цэннікам, лепш адмовіцца ад пакупкі. Калі ўсё ж такі купілі нешта з пратэрмінаванай датай і высветлілі гэта дома, вярніце тавар прадаўцу –
вам абавязаны аддаць грошы ці замяніць купленае.
Не забывайце пра тэмпературныя рэжымы пры захоўванні і рэалізацыі харчовых тавараў. Малочныя вырабы, вараныя каўбасы, крэмавыя кандытарскія вырабы, сыры павінны прадаваць толькі з халадзільніка з тэмпературай 2-6 градусаў. Нельга пры такой тэмпературы захоўваць замарожаныя прадукты, рыбныя прэсервы. Звярніце ўвагу і на тэмпературны рэжым захоўвання вяндлінных, рыбных вырабаў, бо тэрмін іх прыдатнасці розны ў залежнасці ад тэмпературы захоўвання. Усё халадзільнае абсталяванне павінна мець тэрмометры. Не лянуйцеся паглядзець на іх!
Памятайце аб правільнасці таварнага суседства пры захоўванні і рэалізацыі прадуктаў харчавання. Нельга, каб побач са смажанай катлетай ляжала сырая рыба, з хлебам – нямытая свежая гародніна і г. д. Не купляйце гатовую прадукцыю, якая знаходзіцца ў сумніўным суседстве з сырой.
Свае прэтэнзіі да якасці тавару, правіл яго захоўвання можаце выкласці ў кнізе заўваг і прапаноў гандлёвага аб’екта ці паведаміць у санітарную службу свайго горада і раёна. Уважлівасць і прынцыповасць будзе да месца, бо такім чынам вы зможаце засцерагчы здароўе і сваё, і іншых пакупнікоў.
Людміла БРАЗОЎСКАЯ,
загадчык аддзела гігіены абласнога Цэнтра
гігіены, эпідэміялогіі
і грамадскага здароўя.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.