Вам вяселле на лёдзе ці па-бразільску?
Нягледзячы на тое, што зараз пост і вяселлі не гуляюць, многія актыўна рыхтуюцца да гэтай урачыстасці. Акрамя рэстарана і тамады існуюць і іншыя турботы. Галоўная з іх – зрабіць гэты дзень самым яркім, радасным і неардынарным. Работнікі ЗАГСаў могуць правесці рэгістрацыю шлюбу, народзінаў ці юбілейнай даты мужа і жонкі ў любым стылі. Сёння ўжо не рэдкасць выязныя рэгістрацыі, а заканадаўства аб шлюбе і сям’і ўвесь час дапаўняецца і ўдасканальваецца. Як укараняюцца ноу-хау на Брэстчыне і што абяцаюць нам будучыя змяненні ў заканадаўстве?
Расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Ларыса БАЛАНДЗІНА:
– Органы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану з’яўляюцца часткай прававой інфраструктуры, якая забяспечвае правы грамадзян у сферы шлюбна-сямейных адносін шляхам поўнай і своечасовай рэгістрацыі юрыдычных падзей. На тэрыторыі вобласці функцыянуюць 16 аддзелаў ЗАГС райвыканкамаў, 3 аддзелы запісу гарвыканкамаў і Дом грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама. Усяго ў мінулым годзе зарэгістравана 50319 запісаў актаў грамадзянскага стану, што на 68 больш, чым ў 2009 годзе.
Для таго, каб людзям было зручна і камфортна ў органах ЗАГСа, прыняты адпаведны графік работы. Прыём грамадзян і рэгістрацыя шлюбаў праводзяцца ў выхадныя. Аднак у Брэсце існуе пакуль праблема з урачыстай рэгістрацыяй маладых у зручны для іх час. У сувязі з тым, што большасць насельніцтва прытрымліваецца рэлігійных пастоў, асноўная колькасць вяселляў прыходзіцца на пэўныя перыяды.
Заўважана, што трэцяя частка шлюбаў рэгіструецца ў нядзелю. Так, напрыклад, аддзелам ЗАГС Камянецкага райвыканкама рэгіструюцца ў нядзелю аж 80 працэнтаў ад агульнай колькасці. Знаходзіцца ўстанова блізка ад царквы, што дае магчымасць маладым сумясціць рэгістрацыю шлюбу з абрадам вянчання.
Важнейшы кірунак дзейнасці органаў ЗАГСа – умацаванне сямейных зносін, павышэнне статусу і прэстыжу інстытута сям’і, фарміраванне ідэалу зарэгістраванага шлюбу. Галоўным упраўленнем юстыцыі аблвыканкама з аддзеламі ЗАГС праводзіцца работа па ўдасканаленні абраднасці і выкарыстанні новых форм і метадаў работы. Для таго, каб зрабіць урачыстасць незабыўнай, работнікі творча падыходзяць да арганізацыі цырымоній заключэння шлюбу, святкавання юбілейных дат мужа і жонкі, імянарачэння, аб’ядноўваючы народныя традыцыі і сучаснасць.
У грамадзян з’явілася замацаваная на заканадаўчым узроўні магчымасць зарэгістраваць шлюб і народзіны дзіця па індывідуальным сцэнарыі. Многія з маладых рэгіструюць шлюб у памятных гістарычных месцах, сучасных спартыўных аб’ектах.
Новыя паслугі сталі вельмі папулярныя ў насельніцтва. Хацелася б вылучыць аддзел ЗАГС Баранавіцкага гарвыканкама. Яго спецыялісты правялі паказальную рэгістрацыю заключэння шлюбу “Вяселле на лёдзе” ў Дзень закаханых у Лядовым палацы. Запомніліся гараджанам таксама “Кавальскае вяселле” на Востраве закаханых, “Абярэгавае вяселле” і “Рэнесанснае вяселле” ў памяшканні аддзела ЗАГС, а таксама “Бразільскае вяселле” і “Баранавіцкі вальс”.
У сваім майстэрстве і неардынарнасці супрацоўнікі органаў рэгістрацыі ЗАГСа спаборнічаюць у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства. У 2010 годзе дыпломам у намінацыі “Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду рэгістрацыі народзінаў” была адзначана спецыяліст ЗАГСа Кобрынскага райвыканкама Любоў Собаль.
Увесь час вядзецца ўдасканаленне і прававой базы галіны. Па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі ў праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і” прапанавана скараціць тэрмін для рэгістрацыі шлюбу з 15 дзён да 3, а таксама даць магчымасць аформіць шлюб у любым ЗАГСе, а не толькі па месцы жыхарства. Пакуль законапраект знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Запісала Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.