Ад слова – да справы
На гэтым тыдні адбыліся выніковыя прэс-канферэнцыі ў абласной пракуратуры і ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама
У аўторак Сяргей Хмарук, пракурор вобласці, дакладна прааналізаваў крымінальную сітуацыю, што склалася за мінулыя гады на Брэстчыне.
Па-ранейшаму сілавыя структуры хвалююць рост і дынаміка рэцыдыўных злачынстваў: розніца паміж мінулым і пазамінулым гадамі складае 22,2 працэнта са знакам “плюс”. Гэта значыць, па словах Сяргея Канстанцінавіча, што праваахоўныя органы на асобных стадыях усё ж такі не змаглі спрацаваць зла-джана, ды з іншага боку – у крымінальную сферу не былі ўцягнуты новыя асобы.
Другі, не менш праблемны, напрамак дзейнасці пракуратуры – барацьба з карупцыяй. Выкарыстанне службовага транспарту ў асабістых мэтах, напрыклад, ці выпадкі, калі адказная асоба бярэ на працу свайго родзіча, таксама з’яўляюцца правапарушэннямі. Нехта палічыць гэта не вартымі ўвагі дробязямі, але Сяргей Хмарук упэўнены: такія паводзіны трэба спыняць яшчэ на пачатковай стадыі – яны могуць прывесці і да больш істотных злачынстваў. Увогуле, летась па вобласці выяўлена 346 карупцыйных злачынстваў – гэта амаль у два разы менш, чым у 2009-м. Дарэчы, колькасць фактаў давання хабару перавышае лічбу яго атрымання. Сяргей Хмарук неаднойчы выказваўся наконт таго, як карысна было б папрактыкаваць сярод карупцыянераў яўку з пакаяннем, бо такім чынам чалавек, магчыма, псіхалагічна паўздзейнічае на іншых. Ідэя і сёння не губляе сваёй актуальнасці.
Нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў, асабліва ў адносінах да суб’ектаў гаспадарання, не стаў менш ліберальным, але, лічыць пракурор, заўсёды варта ацэньваць грамадскую небяспеку крымінальнага дзеяння, а не асобу злачынцы, зыходзячы з пазіцыі “Ці не было злога намеру?”. Журналісты адразу ўхапіліся за словы і спыталі пра тое, што не дае спакою многім гара-джанам: “Якім чынам ацэньваць намеры кампаніі “Облик”, якая ўзводзіць жыллё па ўсім Брэсце, пачынае новую будоўлю, не закончыўшы папярэдняй, а людзі не атрымліваюць ні абяцаных кватэр, ні ўкладзеных грошай?” Сяргей Хмарук даў вычарпальны адказ: “Пакуль што меркаваць рана, бо дзейнасць фірмы на дадзены момант правяраецца. Ды самае галоўнае, што патрэбна зрабіць, – гэта прымусіць кампанію “Облик” разлічыцца з інвестарамі, якія ўклалі ў будаўніцтва немалыя сродкі”.
Звароты жыхароў вобласці ў пракуратуры таксама старанна разглядаюцца. Дарэчы, іх колькасць узрасла на 5 працэнтаў, а на асабістым прыёме ў пракурора Брэстчыны пабывала больш за 8 тысяч чалавек.
***
Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама сабрала прадстаўнікоў СМІ днём пазней – у сераду. Сустрэча пачалася з імправізаванай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Скажы “не” наркотыкам!”, арганізаванага аддзелам наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі сумесна з гаркамам БРСМ. Віншавальная частка праграмы плаўна перайшла ў знаёмства з новым начальнікам аддзела Андрэем Ярошыкам, які адразу ж прапанаваў журналістам супрацоўніцтва і паабяцаў своечасова забяспечваць новай інфармацыяй. І хоць Андрэй Міхайлавіч прыбыў на Брэстчыну з Гродна і знаходзіўся на пасадзе ўсяго толькі 26 дзён, ды адаптацыя на новым месцы не перашкодзіла яму аб’ектыўна ацаніць сітуацыю.
– Насамрэч, падабенства менталітэтаў гродзенцаў і берасцейцаў дае падставы меркаваць, што і праблемы будуць аналагічныя. Тут, як і там, больш за ўсіх да наркотыкаў схільныя падлеткі, “залатая моладзь”, якія набываюць забароненыя сінтэтычныя рэчывы на дыскатэках. Наша мэта – не вылечыць, а прадухіліць, таму асобны акцэнт зробім на працы ў маладзёжным асяродку.
Начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі ўслед за сваім падапечным даў разнапланавую характарыстыку дзейнасці праваахоўных органаў. Тое, што па вобласці знізілася колькасць злачынстваў, паспяхова выконваецца праграма “Мінус 100”, а ўзровень даверу да міліцыі расце, радуе не толькі людзей у форме, але і звычайных гараджан.
А вось падставай для хвалявання стала праблема злачынстваў у сельскай мясцовасці. Уладзімір Васільевіч перакананы: каб папярэдзіць недазволеныя законам учынкі, кожны ўчастковы інспектар павінен дасканала ведаць сваю тэрыторыю. Гэты факт выпусцілі з-пад увагі, таму прыйдзецца дапрацоўваць сёлета.
Крытычным пунктам стала і барацьба з п’янствам. Летась ад алкагольнага атручвання памерлі 273 чалавекі. Страшна, што колькасць такіх выпадкаў не зніжаецца…
Непрыемнае лідарства па рэспубліцы ў галіне дарожных правапарушэнняў таксама псуе статыстыку і засмучае супрацоўнікаў міліцыі. Летась звыш 9 тысяч берасцейцаў селі за руль нецвярозымі, каля тысячы з іх зрабілі гэта двойчы на працягу года, таму былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Нягледзячы на сумныя па некаторых паказчыках лічбы, Уладзімір Сычэўскі адзначыў: на новы ўзровень узнялася праца радавога супрацоўніка. Для міліцыянераў арганізоўваюцца розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, лепшых адзначаюць узнагародамі – каб быў стымул і надалей старанна выконваць свае абавязкі. У 2011 годзе ва ўпраўленні абяцаюць “зрабіць работу над памылкамі”, паспець тое, на што не хапала часу ў мінулым годзе, яшчэ ж – умацоўваць аўтарытэт міліцыі сярод грамадзян не словамі, а справай.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.