“Суд” для суддзяў
Якасць правасуддзя Брэстчыны ацанілі на пашыраным пасяджэнні прэзідыума абласнога суда і калегіі ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама
Менавіта на гэтым пытанні засяродзіў увагу старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала. Падвесці вынікі работы за 2010 год было вырашана ў новым фармаце – без сухіх лічбаў і статыстыкі. У пасяджэнні прынялі ўдзел першы намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Білейчык, начальнік галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Анжэліка Кясоўская, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
Перад удзельнікамі сур’ёзнай, прынцыповай размовы стаяла задача высветліць прычыны няякаснай работы некаторых суддзяў і вырашыць, як у будучым пазбегнуць памылак. Справа ў тым, што абласная судовая структура займае адно з апошніх месцаў у краіне па ўзроўні эфектыўнасці сваёй дзейнасці. Летась колькасць суддзяў, якія не мелі браку ў рабоце, скарацілася на 30 працэнтаў.
На галоўнае пытанне – чаму зніжаецца якасць правасуддзя ў вобласці? – паспрабавала адказаць старшыня абласнога суда Тамара Сучок. Яна падкрэсліла, што судамі вобласці вядзецца актыўная работа па скарачэнні справаводства, аператыўнасці разгляду спраў, а суддзі імкнуцца дасягнуць максімальнай даступнасці правасуддзя для людзей.
– У месяц на аднаго суддзю Брэстчыны прыпадае 120,3 справы пры норме 97 – па рэспубліцы, – заўважыла Тамара Сучок. – Гэта, бясспрэчна, уплывае на якасць працы людзей. Колькасць грамадзянскіх спраў павялічылася на 2 тысячы, адміністрацыйных – на 2,5 тысячы. Зараз у структуры працуюць маладыя суддзі, трэцяя частка мае стаж работы менш за тры гады. Для таго, каб не паўтараць памылак, за маладымі будуць замацаваны вопытныя куратары…
Падчас пасяджэння прагучалі і прапановы па ўдасканаленні сістэмы правасуддзя. У прыватнасці, разглядалася магчымасць пашырэння паўнамоцтваў судовай інстанцыі ў крымінальным справаводстве, перагляд падыходу да эканамічных правапарушэнняў, уздымалася хвалюючая праблема адсутнасці навукова-практычных дапаможнікаў для суддзяў.
Умовы і патэнцыял для будучых перамен ёсць – засталося ажыццявіць задуманае.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.