Беларусь

Дзень самакіравання,


або Як я паспытала настаўніцкага хлеба
Па даўняй традыцыі ў нашай школе №2 г. Бярозы нядаўна зноў прайшоў дзень самакіравання. У дзяцінстве для мяне гэта азначала звычайна, што ўрокі будуць праводзіць старшакласнікі, магчыма, нават выпускнікі, што заўсёды цікавей, калі вядзе ўрок той, хто яшчэ сам вучыцца.
Сёлета для мяне гэты дзень перастаў быць вясёлым днём, калі на ўроках зусім не пытаюць і можна нават не рыхтаваць дамашняе заданне. Сама стала выпускніцай, а значыць, сама павінна была весці ўрокі! Мне даверылі ўрок у пяцікласнікаў і дзесяцікласнікаў. Дзеці пятага класа ўспрымалі нас, аднадзёнак-настаўнікаў, менавіта так, як мы ўспрымалі старшакласнікаў калісьці: сур’ёзна, паважліва, наіўна. А калі мініяцюрныя вучні пасля ўрока панеслі дзённікі з ацэнкамі для подпісу – я была ўражана такімі адказнымі адносінамі.
Стаўленне дзесяцікласнікаў – вучняў, з якімі ў мяне некалькі месяцаў розніцы, – трохі здзівіла, але таксама прыемна. Чакала ледзь нават не бунту, усякай адсутнасці павагі, дрэннай дысцыпліны, але дзесяцікласнікі паставіліся дзіўна па-людску да нас, “настаўнікаў”, і ўрокі прайшлі ў атмасферы ўзаемаразумення.
Пасля гэтых сарака пяці хвілін больш ніколі не буду адносіцца да прафесіі настаўніка легкадумна, ніколі не буду балбатаць і ігнараваць просьбы чалавека, які стаіць ля дошкі. Дарагія настаўнікі, як вы нас церпіце? Бо мы часам невыносныя! І няма чаго, аказваецца, дурное меркаваць, быццам настаўнікі нічога не робяць –
іх дамашнім заданнем, не менш складаным, з’яўляецца падрыхтоўка да ўрока, каб нас жа, вучняў, зацікавіць і прымусіць прыслухацца. А праверка сшыткаў?! У мяне не самы ўзорны почырк, але цяпер і я буду старацца пісаць акуратней, бо, правяраючы сшыткі, некаторыя крамзолі зразумець проста немагчыма! Праверыла асабіста.
І як складана, калі ўсе ў класе балбочуць і ніхто цябе не слухае! Аказваецца, калі мы гаворым шэптам, нас усё ж такі чуваць. І калі ціха смяёмся – гэта таксама чуваць. І калі нехта чыхае, не прыкрываючыся рукой, уголас – гэта таксама моцна перашка-джае весці ўрок. Выходзіць, што непаважлівыя нашы паводзіны могуць зрабіць такую цікавую прафесію нават небяспечнай і “шкоднай”, а настаўнікаў, якія “выпраменьваюць” шчырую сімпатыю, раздражняльнымі.
Дык прабачце нам, дарагія, цярплівыя настаўнікі! Цяпер ведаю, як цяжка вам даводзіцца, а таму сумленна абяцаю: Я буду паважаць вас і вашу працу.
Паліна ВЕСЯЛОВА,
клуб журналістыкі ЦПР,
г. Бяроза.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля