Беларусь

Ганцавіцкі авангард


Пераможцы абласнога фестывалю школьных СМІ “Пішу пра цябе, мая школа!” у дадатак да дыплома атрымалі ад упраўлення адукацыі аблвыканкама камп’ютарную тэхніку

Па выніках адборачнага тура фестывалю школьных СМІ Берасцейшчыны ў фінал трапілі 6 газет. Іх рэдкалегіі на мінулым тыдні сустрэліся ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі, каб памерацца сіламі ў вочным туры. Для фіналу журы выбрала  максімальна складаныя заданні, каб юныя карэспандэнты па-сур’ёзнаму пазнаёміліся з журналісцкай справай. Кожнай камандзе давялося адправіцца ў вызначаную жэрабем школу Брэста, дзе за 3 гадзіны неабходна было сабраць як мага больш інфармацыі. Убачаным і пачутым рэдкалегіі павінны былі падзяліцца з чытачамі ў спецвыпусках сваіх газет. Невыпадкова ж конкурс меў назву “Прыйду і здзіўлюся”.
Арганізатары не абмяжоўвалі ўдзельнікаў ні тэмамі, ні колькасцю матэрыялаў, ні жанрамі. “Узброіўшыся” дыктафонамі, фотаапаратамі, блакнотамі, школьнікі раз’ехаліся па сваіх крыніцах інфармацыі: у сярэднія школы №№12, 15, 20, 28, 1-ю і 5-ю гімназіі.
Вярнуўшыся на сваё месца дыслакацыі – абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе іх чакаў камп’ютарны клас, рэдкалегіі заняліся ўласна творчасцю. Хтосьці пісаў, хтосьці набіраў тэксты, хтосьці вярстаў. Нягледзячы на абмежаваны час для выпуску газеты, пэўную стомленасць пасля цяжкага дня, вочы ва ўсіх дзяцей свяціліся настроем на перамогу, хоць фіналісты нават не ведалі, якія шыкоўныя прызы падрыхтавала ўпраўленне адукацыі аблвыканкама.
На другі дзень камандам прапанавалі яшчэ два конкурсы: абарона прэзентацый работы рэдкалегій і бліц для рэдактараў школьных газет. І хоць апошняе спаборніцтва было сюрпрызам, тым не менш лідары рэдкалегій змаглі прыдумаць загалоўкі для газетнага матэрыялу, арыгінальна адказалі на пытанне, што яны зрабілі б на пасадзе рэдактара галоўнай дзіцячай газеты краіны, і падрабязна растлумачылі, чаму менавіта іх газета павінна стаць пераможцам.
Пазней журы прызналася: выбраць лепшых было не такой і лёгкай задачай, бо ўсе фіналісты пастараліся. На падвядзенні вынікаў нямала цёплых слоў прагучала ў адрас юнкараў і настаўнікаў, якія курыруюць выданне школьных газет. Паступіла прапанова зрабіць конкурс традыцыйным, бо, як паказаў фестываль, школьным СМІ Брэстчыны ёсць што сказаць і паказаць.
Галоўныя ўзнагароды фестывалю школьнікам уручыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Дыплом III ступені і прынтар – газеце “Переменка” (САШ №3 г. Івацэвічы). Другое месца і камп’ютар атрымала рэдакцыя “Камертона” (гімназія №6 імя Маршала Г.К. Жукава, г. Брэст). Дыплом I ступені і камп’ютар з прынтарам павезлі ў Ганцавічы стваральнікі газеты “Школьный фрегат” з САШ №1.
Пасля ўзнагароджання ганцавіцкія школьніцы (у камандзе былі толькі дзяўчаты) эмацыянальна дзяліліся ўражаннямі. У адзін голас яны паведамілі, што верылі ў перамогу і стараліся паказаць сябе з лепшага боку. Ганцавіцкай газеце – паўтара года, а яна паспела ўжо “засвяціцца” ў рэспубліканскім конкурсе школьных газет “Пунсовыя ветразі”. У школе няма спецыяльнага юнкараўскага гуртка, аднак пасля перамогі на фестывалі СМІ ў Брэсце ён проста абавязаны з’явіцца. Трэба ж будзе належным чынам падрыхтавацца да наступнага фэсту школьнай прэсы. А што новы агляд газет навучальных устаноў Брэстчыны адбудзецца, школьнікі не сумняваюцца, бо яны ж самі ўпэўніліся: пісаць пра школу вельмі цікава.
Дзмітрый ШЫФЕРШТЭЙН,
студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля