У пошуках новай хвалі

У пошуках новай хвалі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Такім прынцыпам кіруецца малады перспектыўны бізнесмен са Століншчыны Аляксандр Банэль
Сваю першую справу 17-гадовы Аляксандр пачаў з гандлю дзіцячымі цацкамі. Пакуль яго равеснікі толькі-толькі выбіралі прафесіі ды вызначаліся з навучальнымі ўстановамі, дзе хацелі б атрымаць адукацыю, ініцыятыўны хлопец адразу прыступіў да практыкі. Навука мала цікавіла юнага бізнесмена, ён старанна даследаваў рыначную кан’юнктуру, пратоптваючы сцежкі для далейшага развіцця. Гандаль пайшоў добра, бо ў той час попыт перавышаў прапанову, а гэта значыць – фактычна не было канкурэнцыі.
Праз некаторы час новая хваля зноў з галавой накрыла маладога чалавека: у моду ўвайшлі DVD-дыскі. Настойлівасць і мэтанакіраванасць Аляксандра пераканалі мясцовых чыноўнікаў зарэгістраваць нетыповы для горада гандлёвы аб’ект, які ўяўляў сабой невялічкую будку на калёсах. А фартуна працягвала ўсміхацца: хутка колькасць падобных кропак павялічылася да трох. Здаецца, дзіцячыя жаданні Аляксандра паступова ператвараліся ў рэальнасць. Але ж разам з чалавекам растуць і сталеюць яго мары. Аднойчы прадпрымальнік вырашыў: пара браць быка за рогі і арганізоўваць сур’ёзны бізнес…
Ужо 6 гадоў Аляксандр Банэль кіруе вытворчасцю мэблі – пераважна кухоннай. Яго салон “Stilimax” выгадна вылучаецца з шэрагу падобных: яркая шыльда, аформленая ў чырвоным колеры, адразу прыцягвае ўвагу так, што прайсці міма проста немагчыма.
– А калісьці тут было сапраўднае бязладдзе, – успамінае Аляксандр. – З сябрам Іванам, з якім, дарэчы, разам вучыліся ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы, пачыналі справу з венікамі ў руках. Шмат сіл уклалі, каб надаць салону прывабны выгляд. Маем і невялічкую майстэрню, дзе зараз задзейнічана 7 чалавек.
На пытанне – чаму выбраў менавіта мэблевы бізнес? – хлопец упэўнена адказвае: “Заўжды падабалася займацца дызайнам інтэр’еру”. Адносна вытворчасці Аляксандр даўно збудаваў ідэальную схему ў сваім уяўленні: невялічкая майстэрня, дзе пераважае ручная праца, а індывідуальныя пажаданні кліента стаяць на першым месцы.
Малады кіраўнік праводзіць у салоне амаль увесь вольны час, не застаецца нават і хвілінкі на любімую рыбалку і іншыя хобі. Працоўны графік з 9.00 да 21.00 даўно стаў прафесіянальнай звычкай. Ці варта казаць, што падобнай самааддачы Аляксандр чакае і ад сваіх падначаленых. Тым больш, што такі падыход да справы імпануе і кліентам, якіх у невялічкім горадзе знайсці не надта проста.
Прынцып “кліент заўжды мае рацыю”, безумоўна, дадае плюсы і без таго добрай рэпутацыі салона мэблі. Калі ж глянуць на сітуацыю з іншага боку, дык індывідуальная праца з кожным пакупніком прадугледжвае і дадатковыя клопаты. Тут неабходна ўлічваць нават самую малюсенькую дробязь, напрыклад, крывыя сцены ў кватэры кліента.
Не зважаючы на пэўныя цяжкасці, перспектыўны прадпрымальнік Аляксандр Банэль глядзіць далёка ўперад. Ён заўжды ў пошуках новай хвалі, якая прынясе не толькі нядрэнныя прыбыткі, але і асалоду ад любімай справы.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Столін.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Актуальнасці мясцовага маштабу

Следующая запись

Эх, калі прозвішча змяню – лепш я зажыву!