Беларусь

Прэзентацыя творчасці


Гурткі Дома дзіцячай творчасці “Вясёлка” ў Чарнаўчыцах сталі сапраўднай школай майстэрства юных талентаў
На базе нашай школы дзейнічае 9 гурткоў, і ўсе яны прадэманстравалі вучням, настаўнікам, бацькам свае лепшыя работы. А паказаць было што, бо гурткі працуюць творча і цікава.
Перад гурткоўцамі і вучнямі школы выступіла дырэктар Дома дзіцячай творчасці “Вясёлка” Ірына Іванюк. Яна адзначыла творчую дзейнасць кіраўнікоў і гурткоўцаў, паведаміла пра конкурсы і выставы, дзе былі паказаны лепшыя работы школьнікаў.
Вельмі прыгожыя і цікавыя работы прадэманстраваў гурток “Прырода і фантазія”. Яго ўдзельнікі ствараюць з прыродных матэрыялаў сапраўдныя мастацкія творы. У спрытных руках ажываюць і пачынаюць гаварыць сухія галінкі, кветкі, мох, салома, карэнне, каменьчыкі… На многіх выставах пабывалі работы гурткоўцаў і не раз былі адзначаны ўзнагародамі.
Гурток “Родныя ўзоры” невыпадкова носіць такое імя. Удзельнікі вырашылі захаваць тыя ўзоры, якія былі створаны ў родных Чарнаўчыцах і навакольных вёсках майстрыхамі-вышывальшчыцамі ў даўнія часы. Так, па захаваным фрагменце школьнікі аднавілі старажытны ўзор, перанеслі яго на ручнік, дапоўнілі недастаючыя кампаненты арнаменту – і атрымалася выдатная работа, якая ўпрыгожвае раённую выставу дзіцячай творчасці.
Гурток “Мадэляванне” паказаў новыя мадэлі ваеннай тэхнікі, аўтатранспарту, самалётаў, будынкаў. Гэты гурток наведваюць толькі хлопчыкі, тут яны вучацца пілаваць, стругаць, клеіць, робяць розныя патрэбныя і прыгожыя рэчы для школы, дома, саду і агарода. А ў гуртку “Шахматы” кожнаму, хто пажадае, дапамогуць асвоіць старажытную гульню. Тут выхоўваюць чэмпіёнаў школы, раёна, а таксама ўдзельнікаў абласных спаборніцтваў. У гуртку “Спадчыннікі” ўдзельнікі вывучаюць беларускую культуру, гісторыю, нацыянальныя традыцыі, наведваюць гістарычныя мясціны. У “Лялечным” гурткоўцы з вялікай цікавасцю інсцэніруюць беларускія і рускія казкі. Добрыя лялькі, казачныя дэкарацыі, дружны калектыў, і разам з тым – вялікая і руплівая праца…
Ансамбль “Айціс” парадаваў прысутных на прэзентацыі сваімі спевамі. Дзяўчынкі наведваюць гурток “Эстрадныя спевы”. “Айціс” выступае не толькі на школьнай сцэне, але з’яўляецца ўдзельнікам усіх сельскіх і многіх раённых мерапрыемстваў. У гуртку “Вакальным” таксама сабраліся таленавітыя дзеці. Яны любяць беларускую песню і музыку.
Удзельнікі гуртка “Літаратурная творчасць” чыталі свае вершы, казкі, апавяданні. Многія з іх мараць стаць журналістамі, таму актыўна практыкуюцца са словам.
Кажуць, што ўсе дзеці ад нараджэння таленавітыя. Выдатна, што ў маіх равеснікаў ёсць столькі розных магчымасцей развіць творчыя здольнасці.
Анастасія РАБЧЭЎСКАЯ,
гурток “Літаратурная творчасць” Чарнаўчыцкай СШ,
Брэсцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля