Беларусь

1,6 млрд. руб. на суботніку зарабілі жыхары Брэстчыны


Рэспубліканскі суботнік яшчэ раз пацвердзіў: добрыя традыцыі жывуць у нашым грамадстве. 490 тысяч берасцейцаў выйшлі ў гэты дзень на вуліцы, каб навесці парадак, прыбраць смецце, надаць належны выгляд помнікам Вялікай Айчыннай вайны, брацкім магілам, месцам масавых захаванняў воінаў і партызан. Стымулам было не толькі сонечнае надвор’е, але і разуменне, што такім няхітрым спосабам мы ўносім сваю лепту ў святкаванне 65-годдзя Вялікай Перамогі.
Разам з усімі брастаўчанамі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і граблі прадстаўнікі ўлады. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар асабістым прыкладам яшчэ раз даказаў простую ісціну: фізічная праца ніколькі не прыніжае годнасці чалавека, а, наадварот, – узвышае яго. Чыноўнікі наглядна прадэманстравалі сваё валоданне рабочым інвентаром.
У суботу ў Брэсце асабліва старанна працавалі ў новым скверы ў гонар героя абароны Брэсцкай крэпасці Івана Зубачова. Супрацоўнікі аблвыканкама на чале з губернатарам добраўпарадкоўвалі мясцовасць, запланаваную пад гэты сквер, – на перакрыжаванні вуліц Гогаля і Зубачова. А на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў гэты дзень завіхаліся актывісты БРСМ, начальнікі аддзелаў і спецыялісты гарвыканкама, прадстаўнікі прадпрыемстваў Брэста. Многія калектывы вобласці правялі суботнік на сваіх рабочых месцах.
Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі на Брэстчыне ў гэты дзень склаў 1,3 мільярда рублёў, а 1,6 мільярда ўдалося зарабіць падчас суботніка. 50 працэнтаў гэтых сродкаў пералічана ў рэспубліканскі фонд, астатнія грошы накіраваны на рэстаўрацыю і капітальны рамонт помнікаў Берасцейшчыны.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля