1 верасня ў вёсцы Здзітава Бярозаўскага раёна расчыніла дзверы новая сярэдняя школа
Сучасны, прасторны і светлы двухпавярховы будынак, звонку больш падобны на палац, бачны здалёк. Менавіта да яго 1 верасня, калі сонца яшчэ свяціла па-летняму, а халаднаваты ветрык напамінаў пра тое, што прыйшла ўжо восень, вялі ўсе дарогі. Па святочнаму апранутыя дзеці і дарослыя з усіх канцоў вёскі сцякаліся да школы, каб паўдзельнічаць у яе ўрачыстым адкрыцці. Сюды ж спяшаліся і шматлікія госці: не так часта адкрываюцца ў раёне новыя аб’екты. Апошняя ўстанова адукацыі – Бярозаўская пачатковая школа ў мікрараёне вуліцы Тышкевіча была ўведзена ў строй яшчэ ў 1998 годзе.
Раздзяліць радасць свята за здзітаўцамі прыехалі таксама старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч, генеральны дырэктар аб’яднання “Брэстаблсельбуд” Пётр Масальскі.
Звяртаючыся да школьнікаў і іх бацькоў, Канстанцін Андрэевіч зазначыў:
¬– У нашай краіне стала традыцыяй у Дзень ведаў адкрываць новыя школы. Не адышлі мы ад гэтай традыцыі і сёння. У гэтым прыгожым будынку з цудоўнымі ўмовамі для вучобы, у які інвесціравана больш за 11 мільярдаў рублёў, змогуць займацца дзеці з 8 вёсак. Тым самым на практыцы рэалізуецца Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла – ствараюцца роўныя магчымасці для атрымання ведаў гарадскімі і сельскімі вучнямі.
Генеральны дырэктар “Брэстаблсельбуда” Пётр Масальскі ўручыў сімвалічны ключ ад новай школы яе дырэктару Аляксандру Барнюку і камплект мячоў ад будаўнікоў. Ну а першымі, пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, парог палаца навукі разам са сваёй настаўніцай пераступілі першакласнікі. Іх у Здзітаўскай сярэдняй школе сёлета 13. Першакласнікаў наведаў і губернатар. Канстанцін Сумар пазнаёміўся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі і ўручыў ім падарунак ад Прэзідэнта – падручнік “Беларусь – наша Радзіма”.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Бярозаўскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.