“Антыкрызісная” каша
КАША “ПАЛЬЧЫКІ АБЛІЖАШ!” ад Галіны БАБАРЫКА, настаўніцы Мачульскай базавай школы Столінскага раёна, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі:
– Мая сям’я аддае перавагу простым у прыгатаванні стравам, асноўнымі інгрэдыентамі якіх з’яўляюцца гародніна і фрукты – адным словам, усё тое, што расце на ўласным прысядзібным участку. Ежа атрымліваецца смачнай, карыснай і таннай (апошняе вельмі важна ў час крызісу).
Чытачам “Народнай трыбуны” прапаную рэцэпт кашы “Пальчыкі абліжаш!”. Узяць спелы, сярэдняй велічыні гарбуз. (Калі даводзіцца купляць на рынку, то выбірайце так, як і кавуна: пастукайце па гарбузу: спелы – больш “галасісты”.) Вымыць яго звонку, разрэзаць на дзве палавінкі, выбраць насенне, выкінуць валакністую частку. Спелы гарбуз будзе жоўты ў сярэдзіне, нават можна паспрабаваць на смак: ён павінен быць саладкаватым. Палавінку гарбуза рэжам на палоскі, кожную палоску нажом ачышчаем ад скуркі (асцярожна з нажом, каб не парэзаліся). Кавалкі гарбуза наразаем на невялікія квадраты, кладзём у каструлю, наліваем туды дзве шклянкі вады, накрываем крышкай і ставім на газ.
Тым часам у другім (большым, пажадана чыгунным) посудзе гатуем рысавую кашу (замест рысу можна выкарыстоўваць проса): спачатку на вадзе, а пасля дадаём малако, масла і цукар. Кавалкі гарбуза ў каструлі становяцца мяккімі, іх размінаем відэльцам і змешваем з кашай. У гэты час можна дадаць і разынкі. Ставім на хвілін пятнаццаць у печ, можна ў разагрэтую духоўку.
Смачна есці!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.