Беларусь


“Не!” – хімічнай зброі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў прыхільнасць нашай краіны Міжнароднай канвенцыі па забароне хімічнай зброі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 19 мая на сустрэчы з генеральным дырэктарам Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) Ахметам Узюмджу, які, у сваю чаргу, падкрэсліў высокі ўзровень узаемадзеяння АЗХЗ і Беларусі.
Самы непрабівальны
Галкіпер зборнай Беларусі Кевін Лаланд мае лепшы працэнт непрабівальнасці па выніках папярэдняга этапа чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. У чатырох праведзеных матчах (без уліку ўчарашняй чвэрцьфінальнай гульні са шведамі) ён прапусціў толькі дзве шайбы, адбіўшы 53 з 55 кідкоў па варотах (96,36 працэнта). На другім месцы – варатар зборнай Канады Бен Скрывенс, на трэцім – расіянін Сяргей Баброўскі і нарвежац Стэфан Себерг.
Лепшыя арганізатары
Падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы з насельніцтвам на фізкультурна-спартыўных аб’ектах у 2013 годзе. Першае месца ў адпаведных намінацыях занялі Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту і Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні, другое – Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту “Вікторыя” імя А.П. Мяшкова.
Украінцы прагаласуюць
у Беларусі
Каля 12 тысяч украінскіх грамадзян, якія жывуць ці часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, унесены ў спісы для галасавання на выбарах Прэзідэнта Украіны. Арганізаваны два выбарчыя ўчасткі: адзін – ва ўкраінскім пасольстве ў Мінску, другі – у генконсульстве Украіны ў Брэсце. Яны будуць працаваць 25 мая з 8.00 да 20.00.
І зноў байк-фестываль
Сёння ў аздараўленчым лагеры “Арляня” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё  ХІV Міжнароднага байк-фестывалю “Брэст-2014”. Ён будзе працягвацца тры дні. У праграме – парад мотатэхнікі ў Брэсце, рок-канцэрт, разнастайныя конкурсы, дабрачынны аўкцыён, феерверк.
Дыягназ – шок
Упраўленне Следчага камітэта Беларусі па Брэсцкай вобласці праводзіць праверку па факце смерці 21-гадовай жыхаркі Брэста. 19 мая з дыягназам “анафілактычны шок на ўвядзенне лекавых прэпаратаў” яна была дастаўлена з медыцынскага цэнтра “ЛОДЭ”, дзе наведвала ўрача-гінеколага, у рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і там 20 мая памерла.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля