Чалавек-аркестр

Чалавек-аркестр

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ужо 13 гадоў на Лунінеччыне гарыць “Свечка” Ганны Бандарэнкі,
а шматлікія таленты жанчыны не даюць сумаваць гараджанам
У невялічкім Лунінцы Ганна Бандарэнка, бадай, адна з самых яркіх зорачак. На мясцовым небасхіле яна заззяла 13 гадоў таму, калі таленавітая жанчына разам з мужам перабраліся з Караганды на малую радзіму каханага. Узялі з сабой ні многа ні мала – мудрасць пражытых гадоў і веру ў лепшае. У “багаж” кампактна ўмясцілася і невычэрпная фантазія Ганны Пятроўны, яе няўтольная прага мастацтва, самаадданая любоў да людзей. Усё гэта 26 гадоў таму ўвасобілася ў літаратурна-музычным клубе “Свечка”, які “нарадзіўся” яшчэ ў Карагандзе, а на Палессі толькі зайграў новымі адценнямі.
Сваю “Свечку” Ганна Бандарэнка пяшчотна называе тым самым святлом, што нясе ў сабе мастацтва. Гэта радасць, якая разгараецца ад іскрынак мноства таленавітых асоб – мастакоў, паэтаў, музыкантаў, сэрцы якіх б’юцца ў адзіным парыве. Ідэя арганізацыі клуба, здольнага аб’яднаць розных па сваіх характарах і светапоглядах людзей, узнікла за тысячы кіламетраў адсюль. Якраз на стыку тысячагоддзяў, калі многім яе землякам, што перажылі ліхія 1990-я, неабходна была падтрымка, жанчына пачала займацца дабрачыннасцю. Тады Ганна Пятроўна ў поўнай меры зразумела сваё сапраўднае прызначэнне: дапамагаць лю-дзям, у якіх нічога не засталося, дарыць ім надзею, у тым ліку і праз мастацтва. Шматлікія дабрачынныя мерапрыемствы ў той час дазволілі выратаваць не адзін лёс.
Змяніўшы месцажыхарства, мая гераіня была вольная зай-мацца тым, да чаго заўжды ляжала душа. Спачатку здавалася, што гэта мода, мары аб якой не давалі спакою яшчэ з дзяцінства. Патрэбна было абавязкова выпусціць іх вонкі, на прастору. Нават займаючы не зусім творчыя пасады, жанчына знаходзіла хвілінку, каб намаляваць прыгожую жаночую галоўку ў стыльным капялюшыку – кожны раз новым.
У 2006 годзе Ганна Бандарэнка падзялілася плёнам творчых пошукаў з лунінчанамі. Перадгісторыяй да грандыёзнага шоу, вартага нават сталічных падмосткаў, паслужылі рубрыкі “Знаёмая незнаёмка” і “Тэатр знаёмых твараў”, якія аўтар вяла ў раённай газеце “Лунінецкія навіны”. Пры дапамозе калег па цэху – фотамайстроў Сяргея Карпуковіча, Віталя Кацубы, Ірыны Варонінай – атрымалася прадставіць на суд грамадскасці персанальную фотавыставу. Больш за 200 жаночых вобразаў, створаных дзякуючы любімым капялюшыкам Ганны Бандарэнкі, сталі гарадской сенсацыяй. І калі мясцовыя модніцы дагэтуль саромеліся насіць падобныя галаўныя ўборы, дык сёння яны ўсё часцей сустракаюцца ў гардэробах лунінчанак. А Ганна Пятроўна ў працяг тэмы прыдумала яшчэ адну рубрыку – “Адкрыцці пад вуаллю”, дзе таямнічыя сілуэты прыгажунь у капялюшыках зноў узбударажылі фантазіі чытачоў мясцовых газет.
Ды няўрымслівы творца нават і не падумала спыніцца на дасягнутым. Да бляску адтачыўшы журналісцкае майстэрства ў новым праекце “Таленты буйным планам”, Ганна Пятроўна вырашыла пазнаёміць гараджан і з героямі сваіх публікацый, якіх за два гады існавання рубрыкі назбіралася вельмі шмат. Настолькі, што зноў прыйшлося, у літаральным сэнсе закасаўшы рукавы, ладзіць шоу з аднайменнай назвай. Прыхільнікаў уласнай творчасці Ганна Бандарэнка парадавала калекцыяй адзення “Палескі праванс” у стылі боха, які вельмі даспадобы прадстаўнікам сучаснай багемы.
Пра даволі багаты вопыт у журналістыцы жанчына гаворыць з асаблівым задавальненнем.
– Калі пачынаю пісаць, – расказвае яна, – часам нават зай-здрошчу сама сабе. Такі багаты соцыум, што немагчыма не падзяліцца яго сакрэтамі з іншымі. Кожны чалавек – асобная гісторыя. Калі ён пачынае адкрывацца, агаляць патаемныя грані сваёй душы – з гэтым нішто не можа параўнацца. Усіх сваіх герояў прапускаю праз сэрца, а найбольш падабаецца тое, як пасля гэтага расцвітае чалавек.
Што і казаць, атрыманы вынік з лішкам кампенсуе ўсю тую энергію, якой патрабуе работа з людзьмі. І думкі пра адпачынак у галаве Ганны Пятроўны выцясняюцца новымі ідэямі, якія прагнуць рэалізацыі. “Я вельмі люблю лю-дзей і таму не магу спыніцца”, –
шчыра прызнаецца яна.
Пра такіх асоб, як мая гераіня, кажуць “чалавек-аркестр”. За што б
яны ні ўзяліся,  усё атрымліваецца выдатна. Цяжка нават назваць такі від мастацтва, да якога Ганна Бандарэнка не мела б дачынення. Думаеце, музыка? І памыляецеся, бо з песняй па жыцці жанчына крочыць, колькі сябе памятае. Часам нават здавалася, што менавіта ў гэтым кірунку патрэбна шукаць сябе. Яна піша музыку і вершы, стварае кампазіцыі, якія потым становяцца сапраўднымі хітамі. Так, напрыклад, песню “Мой горад” самі лунінчане зрабілі гімнам роднай старонкі.
У дзяцінстве хацелася пайсці па бацькавых слядах і стаць актрысай, але ж і гэта ёсць. У клубе “Свечка” Ганна Пятроўна даўно рэалізавала акцёрскі талент. Аднак у жыцці – ніякай гульні, як бы цяжка не прыходзілася.
– Кажуць, што чалавека здольнага Бог  трымае на адлегласці ад сваіх блізкіх, – гаворыць жанчына. –
Мае сыны жывуць у Алма-Аце і Маскве, унукі таксама там. Калі б
яны былі побач, мажліва, часу для творчасці не хапала б. Ды лёс склаўся менавіта так, то чаму
не расправіць крылы?..
На спрадвечнае пытанне: “Хто мы і куды ідзём?” – Ганна Бандарэнка пачала шукаць адказы даволі даўно. Аднойчы пры падрыхтоўцы навуковай работы па сацыялогіі ў вочы трапіла кніга, чытаючы якую, жанчына не магла стрымаць слёз. “Хто я насамрэч? – думала яна. – І музыкант, і паэт, і журналіст, і мастак, і мадэльер… Ці ж так бывае?” Адказам стала вельмі простае азначэнне сацыяльнай работы, якое і прываблівае нашу гераіню ў дадзенай сферы – гэта прафесія ў прафесіях. Чалавек, якому прыходзіцца працаваць з людзьмі, павінен умець усё.
Вось і тлумачэнне шматлікім талентам Ганны Бандарэнкі, якія гарманічна ўпісаліся ў каларыт гасціннай лунінецкай зямлі, не даючы сумаваць ні іх уладальніцы, ні працавітым палешукам.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Лунінец.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

ПЯЦЬ КРОКАЎ, або Адзін выпадак, які змяніў светапогляд і адкрыў сэрца дабрыні

Следующая запись

Асабісты рэцэпт здаровага ладу жыцця Сяргей САСНОЎСКІ, уладальнік тытула “Містар Фітнес” конкурсу “Містар Беларусь–2014” (г. Пінск):