Адзіная ў Беларусі жанчына-каваль жыве ў вёсцы Рачкі

Адзіная ў Беларусі жанчына-каваль жыве ў вёсцы Рачкі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ганна Іванюк з задавальненнем ловіць рыбу і заўжды вяртаецца з багатым уловам; сама рамантуе веласіпед і матацыкл “Мінск”. А калі памочнік у гаспадарцы – мотаблок – псуецца, муж, як правіла, застаецца без справы. Ганна сама заменіць сапсаваную дэталь. Дзмітрый і не спрабуе, бо даўно пераканаўся, што жонка любога аўтаслесара за пояс “запіхне”. У сям’і даўно прывыклі да “жалезнага” характару Ганны. Яна лёгка бярэцца выконваць цяжкую работу на роўных з мужчынамі: і травы накосіць, і дроў насячэ, і трактарам соткі ўзарэ, і гной раскідае.
…Аднойчы ў Брэсце Ганна трапіла ў кузню “Жар-птушка”, дзе працуе брат Сяргей, і зачаравана застыла на ганку. Стук молата па раскаленым жалезе, якое ў моцных мужчынскіх руках ператваралася ў сувенірную падкову, сотні іскраў у печы і вочы майстроў так захапілі яе, што не ўтрымалася, папрасіла брата самой паспрабаваць. Дзіўна, але, упершыню ўзяўшы кавальскі молат, яна адчула такі прыліў сілы, што змагла выкаваць (праўда, з дапамогай брата) падсвечнік! Паглядзець, як спрытна спраўляецца з молатам незнаёмка, збеглася ўся кузня.
– Шчыра кажучы, – успамінае Ганна, – тады я адчула, што кавальская справа – мая стыхія. Магчыма, у мінулым жыцці я была кавалём. Словам, асмелілася і папрасілася ў “Жар-птушку” на працу, хоць некалі і вывучылася на повара.
І яе прынялі! Ганна гарманічна ўлілася ў калектыў, пры гэтым нікога не бянтэжыць, што каваль – у спадніцы.
У “арсенале” Ганны – зробленыя па заяўках кветкі, рогі, вешалкі для вопраткі, падсвечнікі, секцыі для альтанак і пралёты лесвічных пляцовак. У кожны выраб яна ўкладвае сваю фантазію, настрой і часцінку душы. Усе яны – непаўторныя і арыгінальныя. Вось, напрыклад, ружа ў бронзавым афармленні панура схіліла пялёсткі і лісце: нечая злая рука адарвала яе ад сцябліны і адкінула на каменне. А белая вешалка для вопраткі, наадварот, нагадвае вясенні дыван з першых нясмелых кветак. Жалезныя боцікі з танюсенькімі шнуркамі, мабыць, спадабаюцца казачнаму гноміку; да гронкі вінаграду рука сама цягнецца, каб пакаштаваць, а яшчэ многа-многа падковак самых розных памераў. Ганна дорыць іх сябрам на шчасце.
Малады майстар навучылася каваць і прыгожа, і прафесіянальна. Яна лёгка чытае схемы і з дакладнасцю да міліметра выконвае выраб. Летась Ганне з Сяргеем Сацюком даручылі пафантазіраваць над 30-літровымі бочкамі. Брат і сястра выдатна справіліся і ператварылі іх у прыгожыя куфлі для піва, якія ўручылі ў Белавежскай пушчы прадстаўнікам дэлегацый з розных краін свету, што прыехалі на святкаванне 600-годдзя Нацыянальнага парку.
…Дзіўна, што ўмеюць жаночыя рукі: супакоіць і даць надзею другой палавіне, прылашчыць дзіця, стварыць утульнасць і прыгажосць у доме, прыгатаваць смакату, прыручыць жывёлу. Наша гераіня ўсё гэта таксама ўмее рабіць. А яшчэ яна хоча ажыццявіць сваю мару –пабудаваць хату з каванымі веснічкамі. І верыцца – мара збудзецца.
Святлана БЯЛЯК,
Жабінкаўскі раён.
Фота аўтара

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Прайшла тэатралізаваная прэзентацыя электроннай версіі фотамузея вёскі Новая Мыш

Следующая запись

Ці верыце вы ў прыкметы?