Берасцейшчына: ад суботы да суботы
БРЭСТ
Пра СЭЗ, культуру і людзей
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар у аўторак сустрэўся з удзельнікамі прэс-мерапрыемства “Дзякуй за мір!”, якое было арганізавана Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Кіраўнік вобласці пазнаёміў прадстаўнікоў расійскіх і саюзных СМІ з рэгіёнам і адказаў на іх пытанні аб адзінай мытнай прасторы, карысці для рэгіёна ад свабоднай эканамічнай зоны, міграцыі насельніцтва, развіцці культуры, навядзенні парадку на зямлі.
БРЭСЦКІ РАЁН
У лагер. На перавыхаванне…
На базе дывізіёна 115-га зенітнага ракетнага палка працуе ваенна-патрыятычны лагер для цяжкіх падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Жыццё 30 хлопцаў насычана рознымі мерапрыемствамі. Яны наведваюць трэнінгавыя заняткі па псіхалогіі, кіналекторыі па прававой тэматыцы, здаровым ладзе жыцця.
БАРАНАВІЧЫ
Паэзія ў кадры
У чацвер у чытальнай зале гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая адкрылася фотавыстава мясцовага мастака Сяргея Рабава. Па словах аўтара, новая экспазіцыя “Паэзія імгненняў” на эмацыянальным узроўні перадае гульню фарбаў і святла, якія ён змог захаваць. Атрымаць асалоду ад прагляду фотаработ можна да канца чэрвеня.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Разбавіць адзіноту
Навучэнцы музычнага каледжа – валанцёры пярвічнай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа – наведалі Вольнаўскую бальніцу сястрынскага догляду. Ва ўстанове яны арганізавалі канцэрт мастацкай самадзейнасці, правялі віктарыну “Угадай мелодыю” і раздалі падарункі. Пажылыя пацыенты запрасілі моладзь прыехаць да іх зноў.
БЯРОЗА
Не горш, чым у Сочы
Летнік “Бярозка” прымаў “Малыя алімпійскія гульні”. Спаборніцтвы для дзяцей былі арганізаваны ў рамках адукацыйна-спартыўнага праекта Прадстаўніцтвам НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці разам з абласным упраўленнем Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Усе ўдзельнікі атрымалі алімпійскія сертыфікаты і салодкія падарункі ад арганізатараў.
ГАНЦАВІЧЫ
Дзеля бяспечнай працы
21 чэрвеня кіраўнікі і спецыялісты па ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый раёна сабраліся ў райцэнтры для ўдзелу ў Дні аховы працы. Спачатку яны наведалі дыягнастычную станцыю №79 “Белтэхагляду”, лясгас, ТАА “Горск”, а затым з веданнем справы абмеркавалі ўмовы працы і быту работнікаў, укараненне сістэм кіравання аховай працы і іншыя надзённыя пытанні, звязаныя з бяспекай людзей на вытворчасці.
ДРАГІЧЫН
На сустрэчу ў Адамова
У сераду ў вёску Адамова Асавецкага сельсавета прыбыў агітпоезд. Адказныя работнікі райвыканкама, сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай службы правялі сустрэчу з людзьмі, выслухалі шэраг просьбаў, адказалі на хвалюючыя пытанні. Такая форма работы з насельніцтвам аддаленых і маланаселеных вёсак, прапанаваная раённым выканаўчым камітэтам, знайшла падтрымку ў вяскоўцаў.
ЖАБІНКА
Нырнуў з машынай у раку
Малады жыхар мікрараёна цукровага завода на нядаўна набытым і яшчэ не зарэгістраваным аўтамабілі ў сераду на падпітку вырашыў пакатацца па райцэнтры. На вуліцы Набярэжнай небарака не справіўся з кіраваннем і боўтнуўся з высокага берага ў раку Мухавец. Хлопцу пашчасціла выплыць, а вось машыну давялося выцягваць выратавальнікам МНС.
ІВАНАВА
Дыплом ад міліцыі за… верш
Па ініцыятыве ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама сярод школьнікаў Берасцейшчыны прайшоў конкурс на лепшы верш, прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Пераможцай стала дзесяцікласніца сярэдняй школы вёскі Рудск Марыя Бажко. Узнагароду Марыі ўручыў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзімір Сычэўскі.
ІВАЦЭВІЧЫ
На жураўліных крылах
У вёсцы Вулька Аброўская 22 чэрвеня адкрылі помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Яго ўзвядзенне ініцыявалі мясцовыя жыхары, падтрымалі дэпутаты і райвыканкам. Цяпер у цэнтры вёскі паўстаў манумент – адлятаючы ў неба журавель. На крылах птушкі размешчаны прозвішчы 12 вяскоўцаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, і 23 мірных жыхароў, якія былі расстраляны фашыстамі ў гады вайны.
КАМЯНЕЦ
Паляўнічае прызнанне
Егер Аляксандр Альхоўскі стаў лепшым у рэспубліцы і адзначаны Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Сярод арганізацыйных структур аб’яднання адпаведнае падраздзяленне раёна ўзяло “бронзу” і адзначана граматай і грашовай прэміяй.
КОБРЫН
Духоўная асвета
У райцэнтры прайшла духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш “Сям’я. Яднанне. Айчына”. Шмат цікавага яе арганізатары падрыхтавалі для юных наведвальнікаў: прэзентацыі навінак дзіцяча-юнацкай літаратуры, гульні-віктарыны па тэматыцы мерапрыемства. Цікавасць выклікалі экспазіцыі Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай і факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля – праваслаўнай святыні Беларусі.
ЛУНІНЕЦ
Дыялог культур
У рамках супрацоўніцтва з маладзёжным клубам “Будучыня Лунінеччыны” ў райцэнтры ў чарговы раз гасцявала дэлегацыя з нямецкага Ротвеля. Падчас неафіцыйнага візіту замежныя госці наведалі ліцэй, дзе пабывалі ў музеі беларускай культуры і быту, сустрэліся з медыцынскімі работнікамі, з’ездзілі ў вёску Добрая Воля. А яшчэ атрымалі асалоду ад канцэртнай праграмы мясцовых артыстаў і экскурсіі на Белае возера.
ЛЯХАВІЧЫ
На работу – з дыпломам
і… Ягоркам
Учора ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы 140 будучых спецыялістаў сельгасвытворчасці атрымалі дыпломы. Сярод выпускнікоў установы – Надзея і Андрэй Цямчыкі, якія неўзабаве адзначаць паркалёвае вяселле. Менавіта каледж падарыў сустрэчу дзяўчыне з Вілейкі і юнаку з Іванава, якая стала вызначальнай у іх лёсе. Маладыя людзі атрымалі накіраванне на працу ў адну з гаспадарак Брэстчыны, куды яны паедуць са сваім першынцам Ягоркам.
МАЛАРЫТА
Сала пайшло на “ўра”
На працягу пяці дзён у нямецкім Дрэздэне праходзіў 33-ці Міжнародны экуменічны форум “Дзень цэркваў”. У маштабным мерапрыемстве ўдзельнічалі дэлегацыі 20 краін. Нашу дзяржаву разам з іншымі беларусамі прадстаўляла настаўніца замежнай мовы раённай гімназіі Святлана Хальпукова. Яна паспяхова зрабіла візітную картку Беларусі на нямецкай мове, разам з астатнімі членамі дэлегацыі частавала ўдзельнікаў форуму беларускімі стравамі. А сала, якое настаўніца прывезла з дому, пайшло на “ўра”.
ПІНСК
Помнім праз песні
У гарадскім Доме культуры 23 чэрвеня выступіў Цэнтральны пагранічны ансамбль Федэральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі. Канцэрт быў прысвечаны 70-годдзю пачатку на граніцы першых баёў Вялікай Айчыннай вайны. Героіка-патрыятычныя музычныя і песенныя нумары ўсхвалявалі сэрцы і ветэранаў, і маладых пінчукоў.
ПІНСКІ РАЁН
Расціце прадпрымальнымі!
Кожная аздараўленчая кампанія ў дашкольных установах раёна чым-небудзь вылучаецца. Сёлетняя – не толькі дэвізам “Гуляем, адпачываем, развіваемся!”, але і арыгінальным творча-пазнавальным праектам “Гадуем прадпрымальных”, рэалізацыю якога пачалі ў летніках, што працуюць на базе дзіцячых садкоў. Дарослыя пазнаёмяць дашкольнікаў з прадпрымальнасцю на прыкладах з жыцця, пастараюцца навучыць дзяцей быць ініцыятыўнымі і актыўнымі.
ПРУЖАНЫ
Перакуліўся ў канаву
Трагічна закончыўся 21 чэрвеня працоўны дзень для працаўніка мясцовага ПМС. Ён абкошваў адхоны каналаў у меліярацыйнай сістэме Хомна. Трактар пад’ехаў занадта блізка да вады і перакуліўся. Трактарыст захлынуўся. Праваахоўныя органы праводзяць праверку.
СТОЛІН
Чаму “зляцеліся” турысты?
Заўтра завяршаецца турыстычны злёт сярод прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, прымеркаваны да Дня моладзі. На працягу трох дзён на базе піянерскага лагера “Гарынь” турысты-аматары даказвалі сваю прыхільнасць да здаровага ладу жыцця – менавіта гэта і стала асноўнай мэтай злёту. Працоўная моладзь спаборнічала ў спартыўным арыентаванні, конкурсе рыбалоўства, міні-футболе, валейболе, фігурным ваджэнні веласіпеда…
Служба навін “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.