Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Бярозаўскія школьнікі аддаюць перавагу літаратурным творам землякоў

Бярозаўскія школьнікі аддаюць перавагу літаратурным творам землякоў


Цікавіць падлеткаў мінулагодні адзінаццаты нумар часопіса “Маладосць”, які цалкам прысвечаны выдатным людзям Берасцейскага краю. Гэтае выданне можна пабачыць на вучнёўскім стале старшакласнікаў у час урокаў, скажам, матэматыкі ці хіміі ў СШ №1 г.Бярозы. А яшчэ тут з задавальненнем чытаюць аповесць земляка з Івацэвіч Валерыя Гапеева “Доказ закона прыгажосці”. Большасць юнакоў і дзяўчат “смакуе” ўжо і інтэрнэтны экзэмпляр гэтага твора. А настаўнікі дакладных навук даравалі калегам-філолагам за інфармацыйнае “маўчанне” толькі пасля таго, як увага дарослай аўдыторыі была скіравана на чарговы твор Валерыя Гапеева – апавяданне “Развітальная вячэра. Сямейная драма”, якое было надрукавана ў дзясятым нумары часопіса “Полымя” за 2009 год.
Даволі хутка настаўнікамі і вучнямі было прынята рашэнне запрасіць таленавітага пісьменніка-земляка да сябе ў госці для таго, каб пазнаёміцца з яго асобай, творчасцю і па мажлівасці абмеркаваць змест апошняй аповесці для старшакласнікаў “Доказ закона прыгажосці”. Падобныя сустрэчы з майстрамі пяра, беларускай філалогіі і літаратуразнаўства ўжо даўно сталі традыцыйнымі ў бярозаўскай школе №1. Тут у свой час пабывалі ў гасцях Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Зэкаў, Васіль Жуковіч, Міхась Скобла, Алесь Камоцкі. Некалькі разоў гасцявала і выпускніца гэтай навучальнай установы, славутая паэтэса Ніна Мацяш.
Валерый Мікалаевіч Гапееў, як высветлілася, лёгкі на пад’ём. Зараз ён з’яўляецца адказным сакратаром газеты “Івацэвіцкі веснік”. Гадуе сына і дачку. Аўтар кнігі прозы для падлеткаў “Пастка на рыцара” (2002). Ён апублікаваў у рэспубліканскіх часопісах “Першацвет”, “Бярозка”, “Маладосць” і “Полымя” да 20 апавяданняў. Таксама напісаў і надрукаваў аповесці: “Ведзьміна Тоня”, “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” і “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага сэксу”.
Юныя чытачы мелі магчымасць задаць госцю пытанні і выказаць свае ўражанні ад самастойна прачытанай апошняй аповесці Валерыя Гапеева “Доказ закона прыгажосці”. Вучняў-адзінаццацікласнікаў цікавіла, калі і чаму стаў аўтар пісаць па-беларуску, на якой мове размаўляе дома і на працы, як папулярызуе яе як пісьменнік у нашай краіне? Чаму галоўнымі героямі ў Гапеева з’яўляюцца менавіта падлеткі? Ці ёсць канкрэтныя прататыпы яго літаратурных герояў?
Спадабаўся маладой аўдыторыі клопат і боль Валерыя Мікалаевіча за стан беларускай літаратурнай мовы ў нашай краіне. У 2009 годзе ЮНЕСКА да ліку знікаючых моў аднесла, на жаль, і беларускую. Нягледзячы на двухмоўе ў нашай рэспубліцы, сёння ў грамадстве ўсё ж такі, на шчасце, назіраецца высокая нацыянальная самасвядомасць інтэлігенцыі, якая абрала ў большасці для сваёй работы менавіта беларускую літаратурную мову. Так і пісьменніку-земляку спачатку параіў пісаць па-беларуску супрацоўнік часопіса “Крыніца” Алесь Асташонак, а затым гэта стала патрэбай душы.
Магчымасць папулярызацыі беларускай мовы ў нашым грамадстве Валерый Гапееў бачыць, у першую чаргу, у якаснай літаратуры, у цікавай і займальнай падачы сюжэта ў мастацкім творы.
Пісьменнік цвёрда перакананы, што няма дзіцячых праблем – ёсць праблемы ў нашых дзяцей. І яны перажываюцца імі настолькі ж балюча, як і мы перажываем свае. На сустрэчы Валерый Мікалаевіч таксама прызнаўся, што героі яго апавяданняў і аповесцей у большасці не маюць рэальных і канкрэтных прататыпаў, а, хутчэй за ўсё, носяць у сабе абагульнены вобраз разнастайных людзей нашага грамадства.
Прыемна было назіраць, як пасля заканчэння літаратурнай вечарыны вучні-старшакласнікі доўга не адпускалі незвычайнага госця, сапраўднага грамадзяніна, філосафа, аднадумцу – сучаснага празаіка Валерыя Гапеева. Сапраўды, з разумным і таленавітым чалавекам ёсць аб чым пагаварыць.
Мікола ЖУКОВІЧ, дырэктар САШ №1,
г. Бяроза

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля