Беларусь

Бясплатна. Але не для ўсіх…


Развіваць ініцыятыву
У апошні дзень мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Па сутнасці, гэта праграмны дакумент, накіраваны на далейшую лібералізацыю эканомікі, стварэнне спрыяльных умоў для дынамічнага і ўстойлівага развіцця краіны.
Даручана праект дапрацаваць
Новы Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч, прызначаны на гэту пасаду напрыканцы мінулага года, «забракаваў» праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Кіраўнік Урада адзначыў сістэмныя недахопы дакумента і даручыў яго распрацоўшчыкам, у першую чаргу Міністэрству эканомікі, аператыўна дапрацаваць праект.
Лепшыя тавары
Падведзены вынікі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» за 2010 год. Пераможцамі сталі 312 тавараў, якія выпускаюцца 189-ю прадпрыемствамі і арганізацыямі. Сярод іх – прадукцыя ААТ «Савушкін прадукт», «Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат», «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», «Бярозаўскі сыраробчы завод», РУП «Брэстхлебпрам». Званне лаўрэата конкурсу ў намінацыі «Паслугі насельніцтву» ўдастоена транспартнае РУП «Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Брэсцкі вагонны ўчастак».
Мандат выкананы
Беларусь прыняла рашэнне аб непрацягванні мандата Офіса АБСЕ ў Мінску. Як заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў краіны Андрэй Савіных, ацэнка вынікаў дзейнасці Офіса сведчыць аб тым, што яго мандат выкананы і ў Беларусі адсутнічаюць аб’ектыўныя падставы для захавання місіі АБСЕ.
Бясплатна. Але не для ўсіх…
Беларускі бок вітае рашэнне Польшчы аб увядзенні бясплатных нацыянальных віз, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных. Ён таксама адзначыў, што гэтае рашэнне тычыцца толькі нацыянальных віз, якія выдаюцца на тэрмін больш за 90 дзён на працягу 6 месяцаў. Такія візы могуць атрымаць абмежаваныя катэгорыі грамадзян, якія дадаткова пацвердзяць мэтазгоднасць свайго знаходжання ў Польшчы працяглы час.
У госці да Дзеда Мароза
У рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы ў час школьных канікулаў назіраецца небывалы наплыў наведвальнікаў. Штодня да любімага казачнага героя прыязджаюць каля 5 тысяч турыстаў, у асноўным гэта беларускія і расійскія школьнікі. Дарэчы, мінулы год стаў сапраўды рэкордным за ўвесь постсавецкі перыяд для Нацыянальнага парка: 327 тысяч чалавек пабывалі ў Белавежскай пушчы – гэта амаль на 100 тысяч больш, чым было ў 2009 годзе.
На дарогах – без здарэнняў
Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, за час масавых навагодніх мерапрыемстваў на Брэстчыне не было зафіксавана сур’ёзных інцыдэнтаў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку, выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў. А на дарогах вобласці за ўвесь дзень 1 студзеня не адбылося ніводнага дарожна-транспартнага здарэння.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля