Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Бліц-апытанне: ці заўжды маладыя спецыялісты знаходзяць работу па спецыяльнасці

Бліц-апытанне: ці заўжды маладыя спецыялісты знаходзяць работу па спецыяльнасці


Маім суседкам па кватэры таксама давялося пабываць у ролі маладых спецыялістаў. Абедзве дзяўчыны трапілі па размеркаванні ў дзіцячыя садкі, нягледзячы на тое, што атрымалі зусім іншыя прафесіі. Рэальнасць сама падказала пытанні: ці заўжды маладыя спецыялісты знаходзяць работу па спецыяльнасці, каму патрэбны дыпламаваныя выпускнікі навучальных устаноў?
Раіса СІДАРЧУК, супрацоўніца прыватнай фірмы:
– Лічу, што маладыя спецыялісты зараз не надта запатрабаваныя. Такое меркаванне абумоўлена сумным прыкладам майго сына. Ён скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і амаль паўтара года не мог знайсці сабе работу. Куды б ні звяртаўся – усюды патрэбны працоўны стаж, а дзе ж яго ўзяць маладому юнаку? Вось і атрымліваецца, што выпускнікам ВНУ цяжка пачынаць самастойную кар’еру.
Аліна САДОЎСКАЯ, Алеся БАХУР, студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна:
– Сучасная моладзь мае шанс атрымаць нядрэнную адукацыю. Пакідаючы сцены навучальнай установы, мы забіраем з сабою пэўны запас ведаў, які спатрэбіцца ў далейшым дарослым жыцці.
Думаем, больш за ўсё маладыя карыстаюцца попытам у сферах, дзе патрэбна працаваць з дакументацыяй – юрыдычнай ці эканамічнай. Ва ўстановы адукацыі таксама прыходзіць многа выпускнікоў. Таму шчыра спадзяёмся, што праблем з працаўладкаваннем не ўзнікне.
Сяргей ПРЫХОЖКА, былы малады спецыяліст:
– Зараз я працую ў службе бяспекі ахоўнікам, хоць і атрымаў дыплом эканаміста-менеджара. Мая сястра – бухгалтар, а на жыццё зарабляе як аператар на запраўцы. Здаецца, не вельмі патрэбны ў наш час маладыя спецыялісты. Вельмі многія так і не знаходзяць работу па спецыяльнасці…

Валерый САЛАНЕВІЧ, жыхар г.Пінска:
– У нашым горадзе складана знайсці работу нават чалавеку з вопытам, што ўжо казаць пра маладых! Мая жонка сутыкнулася з такой праблемай і на сабе адчула яе адмоўныя бакі. На прадпрыемствах і ў арганізацыях часта трымаюць людзей пенсійнага ўзросту – таму на маладых нават не глядзяць. Гэта не зусім правільна, бо ініцыятыўная моладзь можа прыўнесці свежы погляд на звычайныя рэчы. Ёй таксама неабходна дзесьці пачынаць, вучыцца зарабляць свае грошы.
Гутарыла Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля