Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Больш за 5000 вылетаў зрабіў ваенны лётчык Міхаіл Сцяпанаў

Больш за 5000 вылетаў зрабіў ваенны лётчык Міхаіл Сцяпанаў


Па-сапраўднаму смелыя і моцныя духам людзі многа гаварыць аб сваіх справах не любяць. Неахвотна адказваюць на пытанні, таму што лічаць: нічога асаблівага ў сваім жыцці не зрабілі. Атрымаць пропуск у іх душу зусім не проста…
Я гэта зразумела, калі пачала сваю размову з ваенным лётчыкам, падпалкоўнікам запасу Міхаілам Сцяпанавым, кавалерам двух ордэнаў Чырвонай Зоркі. За гады свайго служэння Радзіме афіцэр убачыў і перажыў столькі, колькі іншаму хапіла б на некалькі жыццяў. Геаграфія палётаў гаворыць сама за сябе: Германія, Егіпет, Эфіопія, В’етнам, Манголія, Куба, Афганістан…
Т
аржок – старажытны рускі горад, гісторыя якога старажытней самой Масквы. Стаіць ён на сямі ўзгорках, а 36 храмаў надаюць яму непаўторную прыгажосць. Тут і прайшло Мішава дзяцінства. Бацька быў чыгуначнікам, маці працавала ў сферы гандлю. Прыкладам і чалавекам, які аказаў уплыў на выбар жыццёвага шляху, стаў родны дзядзька. Ён прайшоў усю вайну на штурмавіках Іл-2, ваенную службу скончыў камандзірам атрада ў Туле. Менавіта да яго на летнія канікулы і прыязджаў Міша Сцяпанаў. А яшчэ таму, што там праводзілі трэніроўкі дэсантнікі. Хлопец не толькі глядзеў, але яшчэ і сам прымаў у іх удзел.
Любоў да самалётаў пачалася недзе ў 7-8 класах. Ужо тады Міша вырашыў: “Буду лётчыкам!” Таму, калі перад хлопцам стаў выбар, куды пайсці вучыцца, сумненняў не было – толькі лётнае вучылішча!
У той час многія хлопцы марылі пра неба. Міхаілу не было яшчэ і 17 гадоў, калі паехаў разам з сябрам паступаць у Качынскае вучылішча. Абодва лёгка прайшлі ўсе іспыты. Адным з галоўных крытэрыяў была добрая фізічная падрыхтоўка, а з гэтым у хлопцаў праблем не было: у школе Міхась займаўся валейболам, быў капітанам дзіцячай зборнай, гуляў і ў ручны мяч, не аказаліся лішнімі трэніроўкі ў дзядзькі ў Туле.
Свой першы самастойны палёт Міхаіл Сцяпанаў здзейсніў у 1964 годзе. Адчуванне вышыні, неба прыйшло крышку пазней, калі з’явіліся навыкі. Праўда, вучэбныя вылеты з інструктарам адрозніваюцца ад самастойных, але ўсё роўна гэта непаўторныя адчуванні, захапленне ад таго, што менавіта ты – за штурвалам самалёта, ты гэта зрабіў!
Крылы ён адчуў хутка, а вось каб стаць сучасным лётчыкам, прафесіяналам – трэба час. Практыку палётаў малады афіцэр прайшоў у Германіі, а першай ваеннай кропкай, куды ён быў камандзіраваны, стаў Егіпет.
Жылі недалёка ад Александрыі, на мяжы зялёнай зоны. Аэрадром быў сур’ёзна замаскіраваны. Побач размяшчаліся цывільныя. Праўда, лёталі яны вельмі рэдка. У Егіпце тады ішла вайна. Нашы лётчыкі забяспечвалі ахову Александрыйскага порта – там стаялі і нашы караблі, таксама кантралявалі паветраную мяжу ўздоўж Суэцкага канала. Камандзіроўка доўжылася 13 месяцаў. Афіцэр успамінае, што ўвесь гэты час не бачыў на небе ні аднаго воблака – толькі яркае сонца з раніцы да вечара… Калі ляцелі дадому і ўвайшлі ў зону воблачнасці, узрадаваліся: нарэшце «выключылася» тое бязлітаснае сонца.
Па вяртанні з Егіпта Міхаіл Васільевіч удзельнічаў у паказальных палётах. Тады і адбыўся выпадак, аб якім лётчык, успамінаючы, кажа так: “Халодны пот шугануў, а каленкі трэсліся”.
Да выступленняў рыхтаваліся грунтоўна, бо фігуры вышэйшага пілатажу заўсёды выконваюцца на лімітавых рэжымах. Было шмат трэніровак, адточвалі кожнае дзеянне. Сцяпанаву трэба было выканаць адзінкавы пілатаж на МІГ-21 на малой вышыні. Нягледзячы на перадпалётную праверку, у час палёту самалёт раптоўна зрабіўся незбалансаваным у папярочным стаўленні і на максімальных нагрузках стаў «выскакваць» у іншы бок. Да зямлі заставалася зусім мала.
Магло здарыцца непапраўнае, але выратавала хуткая рэакцыя. Лётчык Сцяпанаў змог вывернуць самалёт, выканаць усе фігуры пілатажу. І толькі калі пайшоў на трэці разварот, думкі вярнуліся да таго, што здарылася: “Гэта ж трэба… Ледзь не забіўся…”.
Потым – Эфіопія і Куба. У пэўнай ступені, пашчасціла – эфіопска-самалійскі канфлікт не быў доўгім. Мясцовае насельніцтва радавалася гэтаму ад усёй душы, цешыліся і нашы лётчыкі.
Камандзіроўку на Кубу Міхаіл Васільевіч успамінае нават з усмешкай – вельмі спрыяльны клімат і цёплая сяброўская атмасфера. Праца была ўжо знаёмай: закрывалі Гавану з неба, кантралявалі мяжу і порт. А яшчэ выступалі ў ролі настаўнікаў: мясцовых лётчыкаў вучылі да ўзроўню пілотаў 3-га класа, асвойвалі з кубінцамі начныя палёты, забяспечвалі ўзнаўленне лётных навыкаў пасля прыбыцця з адпачынку. Калі з’яўляўся вольны час, выходзілі ў мора парыбачыць, займаліся падводным паляваннем. Не забывалі пра спорт, бо заўсёды трэба было падтрымліваць форму. Кубінцы добра ставіліся да савецкіх вайскоўцаў, паважалі лётчыкаў. Яны, наогул, народ лагодны, вясёлы, спагадлівы, усмешлівы.
Пасля нядоўгага адпачынку – зноў у камандзіроўку. 15 месяцаў Міхаіл Васільевіч праслужыў у В’етнаме. Там толькі што скончылася вайна з Амерыкай, народ бедаваў… Дапамагалі в’етнамскім лётчыкам асвойваць МІГ-21. Сцяпанаў рыхтаваў інструктараў для начных палётаў. Тэорыю в’етнамцы вывучалі самі, а нашы лётчыкі адпрацоўвалі з імі практычныя навыкі. Тая ж місія была і ў Манголіі. Савецкія лётчыкі на практыцы адпрацоўвалі і правяралі разам са сваімі замежнымі калегамі мадэлі форм і метадаў вядзення баявых аперацый у розны час сутак.
Самыя цяжкія ўспаміны ў падпалкоўніка Міхаіла Сцяпанава звязаны з Афганістанам. Афіцэр знаходзіўся там з 1983-га па 1984 год. Складана было ва ўсім, ды і людзі розныя: хтосьці хутка прыстасоўваўся да баявых умоў, хтосьці адаптаваўся даўжэй. Вакол – смерць, выбухі, міны, цяжка фізічна і псіхалагічна. У Афгане хутка можна было зразумець, хто ёсць хто. Вайна атрымалася складаная, часта – незразумелая. Хапала няўзгодненых і неабдуманых дзеянняў. Напрыклад, даюць заданне – навядзенне на цэль за суткі. А тут уцечка інфармацыі – і заданне станавілася бессэнсоўным.
Ляталі амаль кожны дзень. У Міхаіла Васільевіча – 510 баявых вылетаў. Яму, камандзіру эскадрыллі, даводзілася вадзіць групы, візуальна ўяўляючы, куды ляціш, адказваць за даручаны асабовы склад. Добра, калі меліся пэўныя звесткі або фотапланшэт цэлі – тады і задачу выканаць лягчэй. Але так было рэдка. За час удзелу ў баявых дзеяннях катапультавацца Сцяпанаву не даводзілася, але на яго вачах гінулі таварышы, гарэлі самалёты. Скакалі лётчыкі з падпаленых крылатых машын рэдка…
У гарах бамбілі кожны дзень. Міхаіл Васільевіч кажа, што за час свайго знаходжання ў Афгане перавёз вагонаў шэсць бомбаў. А ў перапынках паміж вылетамі гулялі з верталётчыкамі ў футбол і валейбол.
Афганістан яшчэ доўга заставаўся ў жыцці Міхаіла Сцяпанава. Ён пераганяў самалёты ў Кандагар, былі кароткатэрміновыя дзесяцідзённыя камандзіроўкі. Навучалі афганцаў і тэарэтычна, і практычна. Наша неабстраляная моладзь таксама мела патрэбу ў добрых настаўніках. Апошні раз ён быў на заданні ў Афганістане ў 1988-м – пад самы Новы год…
Сёння падпалкоўнік запасу Сцяпанаў жыве ў Бярозе. Экспазіцыя ў зале авіяцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея распавядае аб яго насычаным лётным жыцці і аб вайсковых буднях.
Міхаіл Васільевіч абавязкова падымае галаву да неба, калі чуе гул самалёта. І цікавіцца ўсім тым, што адбываецца ў яго роднай часці. Усяго за гады службы ён зрабіў больш за пяць тысяч вылетаў. Лічыць, што сваю лётную службу скончыў рана, можна было яшчэ гадоў 5 – 7 лётаць. Але на ўсё ёсць свой час. У той момант акалічнасці былі не на яго баку…
Афіцэр запасу ганарыцца тым, што ў шматлікіх краінах свету служаць яго вучні. Сам жа і цяпер без справы не сядзіць. Ёсць дача і любімы занятак – рыбалка. У Бярозе жыве сын, а ў Баранавічах – дачка. Разам з унукам Міхаіл Васільевіч бывае на святах мясцовай авіябазы, сустракаецца з сябрамі і вучнямі. Лічыць, што рэалізаваў ужо 75 працэнтаў таго, чаго жадаў.
Юнацкая мара аб небе, аб самалётах стала для Міхаіла Сцяпанава справай усяго яго жыцця – і аб гэтым ён ні разу не пашкадаваў.
Ірына МІНЕЕВА,г. Бяроза.
Фота з архіва сям’і Сцяпанавых

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля