Бульба па-мотальску
У СВК «АГРА-МОТАЛЬ» – адным з самых эфектыўна працуючых сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі – адбыўся абласны семінар, прысвечаны пытанням далейшага развіцця бульбаводчай галіны.
Рэспубліка Беларусь займае першае месца ў свеце па вытворчасці бульбы на душу насельніцтва (850 кілаграмаў) і восьмае – па валавым зборы (8,7 мільёна тон).
Паспяховаму вырошчванню бульбы ў краіне павінны спрыяць не толькі глебава-кліматычныя ўмовы (размяшчэнне ў «сусветным бульбяным поясе»), але і попыт, які пастаянна расце на яе ў многіх рэгіёнах Расіі, Малдовы і Украіны.
Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2006-2010 гады запланавана давесці валавы збор бульбы ва ўсіх катэгорыях гаспадарак да 9 мільёнаў тон, а пасяўныя плошчы ў сельскагаспадарчых арганізацыях – да 65 тысяч гектараў. Інтэнсіўнае гаспадаранне з ураджайнасцю больш за 300 цэнтнераў з гектара забяспечвае чысты прыбытак 800-900 долараў ЗША з аднаго гектара, а рэнтабельнасць – не менш за 75 працэнтаў, што выгадна адрознівае бульбу ад іншых сельскагаспадарчых культур. Летась плошча, занятая ў Беларусі бульбай, з улікам прыватнага сектара, склала каля 400 тысяч гектараў. У гаспадарках пад гэтую культуру было адведзена 52,5 тысячы гектараў, што на 3,6 тысячы больш, чым у 2008 годзе.
У сельгаспрадпрыемствах Брэстчыны за чатыры гады дзеяння праграмы сабрана толькі 505 тысяч тон бульбы або 71 працэнт да задання. Гэта, зразумела, выклікае занепакоенасць у кіраўніцтва вобласці і прымушае шукаць шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася. У дадзеным кантэксце 20 сакавіка на базе СВК «Агра-Моталь» адбыўся семінар-нарада на тэму «Аб развіцці бульбаводства ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці». Да гэтага мерапрыемства было прымеркавана выязное пасяджэнне аблвыканкама, у ходзе якога разгледжаны пытанні вырошчвання, аховы і захоўвання бульбы. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу і іншых зацікаўленых абласных арганізацый, начальнікі райсельгасхарчаў, кіраўнікі спецыялізаваных бульбаводчых гаспадарак, дырэктары крухмальных заводаў.
“Рэспубліканская праграма развіцця бульбаводства на 2006-2010 гады пачала ўжо прыносіць першы плён, але пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння, яшчэ шмат. Неабходна вызначыцца, якія шляхі і крыніцы фінансавання патрэбны для таго, каб паспяхова рэалізаваць праграму вытворчасці гэтага каштоўнага прадукту харчавання”, – сказаў, адкрываючы мерапрыемства, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і заклікаў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў сур’ёзна заняцца вырошчваннем бульбы, адвесці пад яе ў кожнай гаспадарцы не менш за 100 гектараў плошчаў. Гэта, на яго думку, – мінімум і для захавання тэхналогіі яе вырошчвання, і для атрымання станоўчага фінансавага выніку. Бо не сакрэт: укладваючы сродкі ў тую ці іншую культуру (у прыватнасці, у бульбу), трэба вучыцца зарабляць грошы.
Менавіта так і робяць у СВК «Агра-Моталь». Гэта сельгаспрадпрыемства працуе эфектыўна, выкарыстоўвае асноўныя элементы «галандскай тэхналогіі» пры пасадцы, уборцы, посляўборачнай дапрацоўцы і перадрэалізацыйнай падрыхтоўцы бульбы. У Моталі змаглі разумна распарадзіцца сродкамі, выдзеленымі па рэспубліканскай праграме развіцця бульбаводства, атрымалі пры гэтым максімальную аддачу ад кожнага ўкладзенага рубля. Толькі за тры апошнія гады аб’ёмы вытворчасці адборных клубняў элітных гатункаў выраслі на 35 працэнтаў, а прыбытак ад іх рэалізацыі – у тры разы. Натуральна, сёлета пасяўныя плошчы пад культуру тут плануюць значна пашырыць і сабраць ужо каля 10 тысяч тон «другога хлеба».
Сакрэтамі вырошчвання бульбы па-мотальску ахвотна падзяліўся з удзельнікамі семінара вопытны кіраўнік СВК і бульбавод Вячаслаў Каштальян. Ён паабяцаў забяспечыць усіх жадаючых добрым насенным матэрыялам элітных гатункаў беларускіх і галандскіх селекцый, які выдатна захаваўся ў абсталяваных сучаснымі вентыляцыйнымі сістэмамі бульбасховішчах.
На жаль, вопыт гаспадаркі па асваенні найноўшых тэхналогій па шэрагу прычын не знайшоў пакуль шырокага прымянення ў айчынным бульбаводстве. На ліквідацыю гэтага прабелу і быў накіраваны абласны семінар-нарада. Вынікі яго падвёў губернатар вобласці, сфармуляваўшы свайго роду трыадзіную задачу для аграрыяў на бягучы год: пашырыць плошчы пад бульбу; займацца вырошчваннем не толькі таварнай прадукцыі, але і насенняводствам; будаваць дыхтоўныя сховішчы для ўраджаю.
Марыя ФЕДАРУК, «НТ»,
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.