Беларусь

“Бутэрбродная раніца”


Ад Наталлі ПЕТРАНОЎСКАЙ, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы Лунінецкага
райвыканкама:
¬– Як кажуць, душу на кухні адводжу толькі ў выхадныя дні. Абавязкова з дочкамі гатуем якое-небудзь печыва, спрабуем новыя рэцэпты, удасканальваем сваімі ідэямі стравы, якія раней гатавалі. І ўсё ж перавагу аддаю харчаванню простаму і ў традыцыях беларускай кухні. У ліку любімых – салаты з агародніны, кураціна ў самых розных варыянтах. А ў будні вымушана гатаваць аператыўна, бо рытм жыцця і працы такі, што на кухонныя справы даводзіцца адводзіць мінімум часу. У такім выпадку можа выручыць закуска “Бутэрбродная раніца”.
Для гатавання трэба ўзяць: 300 г курынай пячонкі, 1 агурок сярэдняга памеру, 2-3 яйкі, 50 г 20-працэнтнай смятаны, чорны хлеб, перац, соль, алей.
Варым яйкі. Пячонку мыем і рэжам на невялічкія кавалачкі, можна саломкаю, солім, перчым. На моцным агні разаграваем на патэльні алей, потым у адзін слой выкладаем пячонку і смажым 2 – 3 хвіліны, да з’яўлення тонкай скурачкі. Пераварочваем і яшчэ 2 хвіліны смажым. Здымаем патэльню з агню, накрываем накрыўкай і пакідаем астуджвацца. Далей нарэжам тоненькай саломкаю агурок, трошкі яго прысолім і парэжам кубікамі яйкі. Цёплую пячонку расціраем відэльцам, дадаём смятану, агурок (папярэдне зліць сок) і яйкі. Старанна ўсё перамешваем, па смаку дадаём соль. Атрыманую масу выкладаем на кавалкі хлеба, упрыгожваем зверху лісточкамі пятрушкі ці галінкамі кропу, змяшчаем на блюда і частуемся.
Прынамсі, асновай для “Бутэрброднай раніцы” могуць быць белы хлеб, грэнкі. Ды з чорным хлебам гэтая закуска найсмачнейшая…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля