Беларусь

Да Сербіі не даехаў


Брэст
Дзве “Браціны” – для “Брэста”
Журналісты тэлерадыёкампаніі “Брэст” прывезлі дзве вышэйшыя ўзнагароды з 14-га адкрытага тэлевізійнага фестывалю Маскоўскай вобласці “Браціна”. Дарэчы, і прызы гэтага форуму, выкананыя ў выглядзе драўляных кубкаў, з якіх на Русі калісьці пілі медавуху, таксама называюцца “Браціна”. Адну заваяваў у конкурсе тэлевядучых Дзяніс Ліпкін, вядучы і кіраўнік праграмы “Ранішні эспрэса”, другую – галоўны аператар тэлерадыёкампаніі Руслан Сілюк. Акрамя нашых землякоў у фестывалі прымалі ўдзел больш за 60 расійскіх тэлекампаній і тэлевізіёншчыкі з сербскага горада Нові-Сад.
Брэсцкі раён
За вопытам – у Верцялішкі
Напрыканцы мінулага тыдня па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама, райкама БРСМ і пры падтрымцы РК прафсаюза работнікаў АПК маладыя спецыялісты, якія засталіся працаваць у сельгаспрадпрыемствах Прыбужжа, пабывалі ў СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна. Мясцовыя актывісты падзяліліся з гасцямі вопытам работы па патрыятычным выхаванні моладзі, паказалі ім шэраг сацыяльных аб’ектаў.
Баранавічы
Вабяць “тэра”, “дэкупаж”…
У краязнаўчым музеі адкрылася выстава “У прыроды няма дрэннага надвор’я”. Тут экспануюцца больш за 80 работ флордызайну і саломапляцення выкладчыкаў экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Наталлі Турко, Марыны Прусевіч, а таксама іх вучняў. Разнастайныя вырабы выкананы ў тэхніцы “дэкалькаманіі”, “клей-фарбы”, “тэра”, “дэкупаж”.
Баранавіцкі раён
Бяспечны гандаль
На базе аб’ектаў Баранавіцкага райспажыўтаварыства прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па пытаннях захавання маёмасці спажыўкааперацыі ад крадзяжоў і пажараў. Удзельнікі наведалі шэраг магазінаў раёна, пазнаёміліся з навейшымі сродкамі ахоўнай і пажарнай сігналізацыі, абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння гандлёвых аб’ектаў з міліцыяй.
Бяроза
Кваліфікацыя для дружыннікаў
У Малечы прайшоў вучэбны семінар для камандзіраў добраахвотных дружын і прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Першамайскага, Нарутавіцкага, Малецкага і Сялецкага сельсаветаў. У ім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік раённага штаба добраахвотных дружын Яўген Тарасюк, старшыні сельвыканкамаў, супрацоўнікі міліцыі.
Ганцавічы
З думай пра будучыню
На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Кавалевіч наведаў шэраг працоўных калектываў. Выступаючы перад работнікамі райаддзела ўнутраных спраў, СВК “Агарэвічы”, райспажыўтаварыства, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэпутат падвёў своеасаблівую рысу зробленаму за апошні час і спыніўся на праекце Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. Гаворачы аб тым, што IV Усебеларускі народны сход намеціць задачы на будучае, Леанід Мікалаевіч падкрэсліў: іх выкананне залежыць ад кожнага з нас.
Драгічын
“Мы кідаем курыць”
Тэматычная дыскатэка пад такім дэвізам пройдзе сёння вечарам у гарадскім маладзёжным цэнтры. З інфармацыяй перад удзельнікамі мерапрыемства выступяць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райбальніцы. Падчас дыскатэкі будзе праведзена акцыя “Мяняю цукерку на цыгарэту”.
Жабінка
На месцы дуба будзе шыльда
Чарэшчаты дуб-велікан у вёсцы Пятровічы, якому звыш 400 гадоў, аджыў свой век і ўяўляе пагрозу жыццю людзей з навакольных дамоў. Ракітніцкі сельвыканкам прыняў рашэнне аб зносе дуба. На месцы дрэва будзе ўстаноўлена памятная шыльда з фатаграфіяй дуба-велікана. Дарэчы, побач расце дуб, якому ўжо больш за 500 гадоў, аднак ён і цяпер знаходзіцца ў добрым стане.
Іванава
Сертыфікат пацвярджае якасць
Дакумент, які пацвярджае адпаведнасць сістэмы менеджменту якасці распрацоўкі і вытворчасці масла сметанковага і сыру  патрабаванням СТБ ІSO 9001-2009 і міжнародным стандартам, атрымаў СВК “Прыясельдны”. Цяпер прадукцыя, якую гаспадарка вырабляе з уласнай сыравіны, будзе пазначацца спецыяльным знакам, што выклікае яшчэ большы давер да яе.
Івацэвічы
Малайчына, Аліна!
Удзельніца дзіцячага “Еўрабачання-2008” Аліна Молаш заваявала яшчэ адну ўзнагароду міжнароднага ўзроўню. Васьмікласніца сярэдняй школы №1 райцэнтра атрымала дыплом 2-й ступені і каштоўны падарунак на Х Міжнародным конкурсе юных талентаў “KAUNAS TALENT-2010”. У літоўскім горадзе Каўнас Аліна прадстаўляла Беларусь і годна выступіла сярод юных артыстаў з 13 краін свету.
Камянец
Выступілі годна
17 юнакоў і дзяўчат з Камянеччыны прымалі ўдзел у адкрытым першынстве ДЮСШ г. Ляхавічы па дзюдо. Павел Мартысюк, Станіслаў Гумбатаў і Кірыл Мартысюк у сваіх вагавых катэгорыях сталі трэцімі, Ягор Грэбень – другім, Алег Рахацэвіч і Артур Гаўрылавец – першымі. Пераможцай у вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў сярод дзяўчынак выйшла Марыя Кавальчук, якая ў фінале сустракалася са сваёй зямлячкай Марыяй Бандарук. Трэцяе месца ў сваёй вагавой катэгорыі заняла і Дар’я Дацкевіч.
Кобрын
“Стаўка” – у чвэрцьфінале
Рэкордная колькасць каманд – 18 – удзельнічае ў чарговым сезоне адкрытай Кобрынскай лігі клуба вясёлых і знаходлівых, які стартаваў у мінулыя выхадныя на сцэне гарадскога Палаца культуры. Два дні працягваліся гульні 1/8 фіналу. Пераможцамі сталі каманды “Перыферыя” з г. Пінска, “Стаўка” з САШ №2 г. Кобрына і “Свекла” (г. Брэст). Яны і выйшлі ў чвэрцьфінал гумарыстычных спаборніцтваў.
Лунінец
Пра дэмаграфію, санітарыю і працу…
На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў чацвер, абмеркаваны актуальныя пытанні заканадаўства аб працы. Акрамя гэтай тэмы, на парадак дня кіраўніцтва раёна вынесла не менш важныя праблемы: удасканаленне сацыяльнай работы з адзінокімі грамадзянамі, пытанні дэмаграфічнай бяспекі рэгіёна, а таксама забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту лунінчан.
Ляхавічы
Сельсаветы згуляюць з запалам
Сёння на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў райцэнтры пройдзе трэці этап штогадовай спартакіяды “Вертыкаль” сярод каманд сельсаветаў. У праграме – гульнявыя віды спорту. Спартсмены-аматары гатовы згуляць з запалам, бо лічаць для сябе важным не толькі ўдзел, але і перамогу.
Маларыта
55-ы лістапад завода
Напрыканцы мінулага тыдня кансерваваагародніна-сушыльны завод святкаваў 55-годдзе з дня свайго заснавання. Для ветэранаў завода кіраўніцтва арганізавала цікавую экскурсію па перааснашчаных цэхах, пасля чаго ўвесь калектыў і госці сабраліся ў  гарадскім Доме культуры, дзе адбыліся ўрачысты сход і канцэртная праграма.
Пінск
Закрыццё сезона
Заўтра ў гарадскім Доме культуры  пройдзе свята “З любоўю да зямлі”. Яно прымеркавана да 10-годдзя клуба “Дачнік”. Па традыцыі будзе арганізавана выстава агародніцтва і садаводства, дзе ўсе жадаючыя змогуць паказаць вынік сваёй дачнай руплівасці, абмяняцца вопытам догляду сотак, прадэманстраваць творчыя здольнасці.
Пінскі раён
Бывай, кінатэатр. Прывітанне, МЦК!
У гарадскім пасёлку Лагішын 18 лістапада ўрачыста адкрылі маладзёжны цэнтр культуры. Новы статус пасля рэканструкцыі, з якой выдатна справіліся будаўнікі ПМК-33, набыў былы кінатэатр. Цяпер тут, акрамя глядзельнай залы, ёсць і дыскатэчная з выдатным афармленнем, сучаснай апаратурай. Новая ўстанова культуры клубнага тыпу будзе не толькі забаўляць моладзь і падлеткаў, але праз гурткі, аматарскія аб’яднанні, клубы па інтарэсах прапаноўваць карысны і змястоўны адпачынак.
Пружаны
Маладыя, ды гаспадарлівыя
Сёлета ў пяты раз у раёне адбыўся конкурс сярод маладых сем’яў “Лепшае сельскае падвор’е”. Яго арганізатары – аддзел па справах моладзі райвыканкама і РК БРСМ сумесна з сельвыканкамамі і раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК выбіралі пераможцаў з 11 сем’яў. Лепшых ушанавалі на ўрачыстасці, якая прайшла ў будынку аддзела ЗАГС. Перамаглі маладыя гаспадары –  Іна і Сяргей Тарасевічы з вёскі Сланімцы. Спецыяльным прызам была адзначана сям’я з Мокрага – Таццяна і Андрэй Нядведскія.
Столін
Да Сербіі не даехаў
Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі райаддзела ўнутраных спраў сумесна з пінскімі мытнікамі затрымалі буйную партыю нелегальнага тавару. У сваім аўтамабілі грамадзянін Сербіі спрабаваў правезці праз граніцу з Украінай 310 літраў дызельнага паліва агульным коштам амаль 800 тысяч рублёў. На правапарушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, а кантрабанда канфіскавана.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля