“Дажынкі-2010” сёлета пройдзуць у Маларыце

“Дажынкі-2010” сёлета пройдзуць у Маларыце

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010” сёлета пройдзе ў Маларыце. У раённым цэнтры ў гэтыя дні ўзмоцненымі тэмпамі рыхтуюцца да правядзення свята і прыёму шматлікіх гасцей: будаўнікі з розных куткоў вобласці ўзводзяць тут новыя і рамантуюць старыя аб’екты, мяняюць камунікацыі, добраўпарадкоўваюць вуліцы і завулкі. Што ні дзень, горад мяняе сваё аблічча, набывае сучасны выгляд.
Ну, а гаспадары абласных дажынак, хлебаробы Маларытчыны, па традыцыі ўжо аднымі з першых у вобласці распачалі жніво. Услед за азімым ячменем, ураджайнасць якога па раёне склала 40 цэнтнераў з гектара, убіраюць рапс, на падыходзе – збожжавыя каласавыя. Сёлета на жніве будуць задзейнічаны 66 збожжаўборачных камбайнаў. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Сяргея Захожага, выпрацоўка на адзін агрэгат складзе 180 гектараў. Гаспадаркам раёна належыць убраць 12, 2 тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Тэхніка і людзі для правядзення жніва ў аптымальныя тэрміны ёсць. Галоўнае, каб не здарылася якіх прыродных катаклізмаў накшталт моцных навальніц ці ўраганаў. А калі надвор’е будзе спрыяць хлебаробам, дык, нягледзячы на тое, што вясной давялося перасеяць больш за 3,5 тысячы гектараў загінуўшых азімых збожжавых, яны змогуць выйсці па валавым намалоце на леташні ўзровень і годна прадставіць раён у абласным спаборніцтве на жніве. Гэта абяцаюць і кантрольныя намалоты. Дарэчы, у мінулым годзе хлебаробы Маларытчыны атрымалі 39 тысяч тон зерня. А ПУСП “Савушкіна” было прысуджана першае месца ў вобласці па вытворчасці збожжа.
…На леташні паказчык у прыватным унітарным сельгаспрадпрыемстве плануюць выйсці і ў заключным годзе пяцігодкі. Дырэктар гаспадаркі Пётр Яцура, для якога сёлетняе жніво тут 31-е, гаворыць, што віды на ўраджай абнадзейваючыя, хоць уборачная плошча і меншая – частка азімых загінула зімой. Кіраўнік спадзяецца, што дасягнуць мінулагодняга намалоту ўдасца за кошт больш высокай ураджайнасці. Летась у “Савушкіна” на круг атрымалі па 42,9 цэнтнера збожжавых і зернебабовых. Калі ж нешта не атрымаецца са збожжавымі, дык кампенсаваць валавы збор тут плануюць зернем кукурузы, пасевы якой у параўнанні з мінулым годам павялічаны.
– Чым адметнае сёлетняе жніво ад папярэдніх 30-ці? – цікаўлюся ў Пятра Пракопавіча.
– Свае асаблівасці ёсць у кожным жніве. Што тычыцца сёлетняга, дык яно адметнае тым, што праходзіць у апошні год пяцігодкі, а гэта значыць, што ад яго вынікаў будзе залежаць выкананне прагнозных паказчыкаў і пяцігодкі ў цэлым, – гаворыць адзін з вопытнейшых кіраўнікоў сельгасвытворчасці. – А яшчэ ў нашым раёне восенню адбудуцца абласныя дажынкі, таму хацелася б годна паказаць на іх і сваю гаспадарку, і Маларытчыну таксама. Каб справіцца з гэтай задачай, у нас ёсць неабходная колькасць камбайнаў. Усе шэсць агрэгатаў укамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі, людзьмі, якія па-сапраўднаму ўлюбёныя ў свой край і зямлю, на якой вырошчваюць хлеб. Не падвяло б толькі надвор’е.
А яно не-не, ды і ўстаўляе палкі ў колы камбайнаў: то навальніцай, то кароткачасовым дажджом. Вось і даводзіцца камбайнерам, а разам з імі і вадзіцелям, якія задзейнічаны на адвозцы зерня, чакаць, як у мінулы аўторак, калі падсохне пасля прайшоўшага ўранку дожджыка рапс. Яго ва ўрочышча Сітка на ўчастак Збураж прыехалі ўбіраць экіпажы ў складзе братоў Віталя і Генадзя Берчукоў, Аляксандра і Аляксея Ківачукоў. А астатнія камбайнеры рыхтаваліся да выезду ў поле на мехдвары з надзеяй на тое, што надалей надвор’е будзе радаваць іх толькі сонечнымі дзянькамі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
 
Маларыцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Што такое “нездаровы” посуд

Следующая запись

Пачынаецца маладзёжны чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні