Беларусь

Дзе можна цікава і весела адпачыць у водпуску адной?


Хрысціна і Сняжана ўвесь год збіраліся паехаць адпачываць разам у Егіпет. Перад тым, як выкупіць пуцёўку ў турфірме, Сняжана нешта засумнявалася, ды і грошай стала шкада. А Хрысціна вырашыла ажыццявіць даўнюю мару. Вярнуўшыся з Егіпта, дзяўчына расказала, што выходзіць замуж за мясцовага бізнэсмена. Сняжана за сяброўку парадавалася, але чамусьці задумалася аб тым, што нешта яна ўпусціла.
Гэтая гісторыя здарылася ў мінулым годзе. Хрысціна ўжо змяніла беларускае прозвішча Лузай на такое, што і не вымавіш, а пра водпуск цяпер і не ўспамінае, бо кожны дзень жыве, быццам на курорце. А Сняжана сёлета збіраецца адпачываць таксама ў Егіпце і абавязкова сама.
У большасці выпадкаў мы падстройваем свае водпускі пад іншых людзей. Вядома ж, галоўнае – не дзе, а з кім адпачываць. Здараецца так, што доўгачаканы водпуск ужо настаў, а кампаніі для вандроўкі няма. Для таго, каб не рызыкаваць, многія застаюцца дома ці праводзяць некалькі дзён на бліжэйшым пляжы. Між тым, адной атрымаецца адпачыць нават лепш, чым у кампаніі сябровак. Тыдзень на марскім беразе можа ў адну хвіліну змяніць жыццё.
– Да нас часта прыходзяць дзяўчаты з просьбай падабраць індывідуальны тур, –  расказвае Яна Платніцкая, супрацоўнік турыстычнай фірмы. – Па цэнавым дыяпазоне і па культурнай праграме на першым месцы Чорнае мора, асабліва – Крым. Да таго ж, там няма ніякіх моўных перашкод. А вось суседка па моры, Турцыя, наадварот, не прываблівае дзяўчат. Цікава, што пабойваюцца яны тэмпераментных паўднёвых мужчын. Аматары адпачынку з карысцю выбіраюць так званыя еўратуры. У такой паездцы можна не толькі даведацца шмат новага, але і знайсці сабе спадарожніка.
Чым экзатычней краіна, тым страшней ехаць у адпачынак. У турагенцтвах прызнаюць, што ў Тайланд ці на Кубу дзяўчаты лятаюць выключна ў суправаджэнні мужчын. Асцерагаючыся праблем, суайчынніцы часцей сталі адпачываць у беларускіх санаторыях і на нашых турбазах.
– У водпуску сучасныя красуні імкнуцца памножыць сваю прыгажосць, – расказала Вольга Мікалайчык, кансультант па турызме. – Яны заказваюць увесь спектр магчымых працэдур і не шкадуюць грошай на розныя навамодныя штучкі – кіслародныя маскі для скуры, антыцэлюлітнае абгортванне і спа-тэрапію. У такіх паездках мы падбіраем групы па ўзросце, таму ў нумары засяляем, зыходзячы з анкетных даных кліента. Ведаю такія выпадкі, калі на адпачынку дзяўчаты знаходзілі сабе жаніхоў, таму ехаць у водпуск адной зусім не азначае і вярнуцца адной.
Новыя знаёмствы, змена навакольнага асяроддзя, курортныя раманы і спантанны сюжэт канікулаў можна аднесці да плюсаў самастойнага адпачынку. Няма спадарожнікаў – не страшна! Настройвайцеся на прыгоды з авантурным ухілам і ўвесь год будзеце ўспамінаць, як цудоўна было ў водпуску.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля