Віктару Вабішчэвічу — 50!
“Я, здаецца, крыху летуценнік”, — з доляй здзіўлення напісаў пра сябе Віктар Вабішчэвіч, калі паэту было ўжо за сорак. З такой самахарактарыстыкай пагаджаешся нават без слоў “здаецца” і “крыху”.
Захаваць датклівасць душы, веру ў свет і чалавека пры ўсіх праявах іх празмернага рацыяналізму і прагматызму або, наадварот, вар’яцтва сёння надзвычай важна і для творцы, і для чытачоў, абдзеленых аптымізмам у XX і XXI стагоддзях. Нейкі іншасвет, дзе “валадарства красы” і няма “ні зла, ні маны”, зусім не ілюзорны для аўтара, а магчымы і тут, на планеце Зямля, на якой ёсць не такая ўжо і маленькая радзіма пад белым бусліным крылом і, на жаль, усё яшчэ не развеяным ценем радыяцыйнай навалы.
Віктар Вабішчэвіч як паэт — адзін з нямногіх, хто застаўся стала жыць на Століншчыне, шчодрай на літаратурныя таленты. Пасля гістфака БДУ ён усяго змяніў прапіску — перабраўся з роднай вёскі Рубель у Давыд-Гарадок, дзе працуе настаўнікам гісторыі, вядзе гурток культуралогіі і плённа займаецца краязнаўствам. Не спакусіўся, у адрозненне ад вядомых землякоў, ні сталіцаю, ні большымі даляглядамі. І разам з тым азначэнне “правінцыяльны паэт” – не пра яго з такім шырокім ягоным абсягам фантазіі, дапытлівым пранікненнем у мінулае народа і чалавецтва, спалучэннем сучаснай праблематыкі з адвечнымі матывамі жыцця і смерці, прыроды і кахання… Зрэшты, як Леанід Дранько-Майсюк зведаў “стомленасць Парыжам”, гэтак жа Віктар Вабішчэвіч “стамляўся” Італіяй, прывозіў адтуль вершы-ўражанні пра славутыя гістарычныя, архітэктурныя помнікі, шэдэўры жывапісу і скульптуры, экзатычныя краявіды. Аднак ён нязменна асацыіраваў убачанае і адчутае з радзімай, куды ляцелі малітвы і перазовы званоў чужых храмаў. Дый бываў ён у далёкай краіне не экскурсантам, а апекуном групы дзяцей з чарнобыльскай зоны.
“Чорным болем” назваў паэт сваю дэбютную кніжку (2003 г.). Эмацыянальны напал у ёй адпавядае ўсведамленню маштабнасці бяды, аўтар звяртаецца да купалаўскіх інтанацый і вобразаў-сімвалаў у перадачы трагедыі:
Чорны птах – хаўруснік смерці –
На радзіме васільковай
Забірае душы, сэрцы,
Вырывае з вуснаў Мову…
Жыццесцвярджальны другі збор-нік – “Кахаю і люблю” (2006 г.). Менавіта перш за ўсё гэтымі найглыбейшымі пачуццямі сілкуецца, бруіцца жыццё, няхай яно для асобнага чалавека толькі імгненне, няхай у акіяне, дзе зліваюцца ўсе рэкі, “мы ракой не зможам быць”. Малюнкі маленства і юнацтва, развагі лірычнага героя на вышыні сталага веку неад’емныя ад палескай прыроды, мудрай і ў сцішанасці лістападу, маўклівасці снягоў, і ў бурлівасці крыгаходаў ды паводак. Гэтак жа паяднаны ў творах Віктара Вабішчэвіча засяроджанасць і летуценнасць, пра што засведчыла і яго трэцяя кніжка “Уражанне” (2009 г.). Сціплая назва — як праяўленне даўняй прыхільнасці аўтара да імпрэсіянізму, які ён лічыць за “самы лепшы, самы чысты рэалізм”. Так што паэт не перастае быць рамантыкам (удумлівым, трэба дадаць, рамантыкам), мацней за ўсё ўлюбёным у сваё Палессе, у свой глыбінь-гарадок.
Алесь КАСКО,
паэт,
г. Жабінка.
Віктар ВАБІШЧЭВІЧ
Быць
чалавекам
Цябе збівалі дзіды лёсу,
Лілася кроў, і ўсё балела.
Над галавой свісталі косы.
А ты быў смелы.
Бясконца вылі завірухі,
І свет ад роспачы хістаўся.
Усе былі ў палоне ў скрухі.
А ты трымаўся.
Усё ад цемравы дзічэла,
Жывых труціў паволі стронцый.
Святло ад болю анямела.
А ты быў сонцам.
І ўсё таму, што ў свеце гэтым
Ты жыць хацеў не ценем нейкім.
Хацеў ты быць патрэбным свету.
Быць чалавекам.
Лабірынт
Калісь
У часе раннегістарычным
Быў лабірынт заблытаны,
Адзін,
На Крыце –
Ніхто з пакояў выбрацца не мог.
А зараз колькі
На зямлі тых лабірынтаў?
Дзясяткі тысяч
Ці мільёны,
Ці мільярды.
Ты кажаш, іх няма?
Дзівак.
Лепш глянь вакол сябе.
Ты ўбачыш,
Што ў сучасным свеце
Сярод людзей –
Што ні душа, то таямніца,
Што ні душа –
Сапраўдны лабірынт.
Ты сэрца аддавай
Шмат рэчаў дзіўных
Ёсць у нашым свеце,
Якія не тлумачацца законамі прыроды.
Згадаць тут можна дабрыню і сэрца,
І нават зло,
Якое часта ходзіць побач, –
Чым болей іх ты хочаш мець,
Тым больш ты аддавай іх іншым.
Калі захочацца вялікае мець сэрца,
То сэрца ўласнага
Ніколі не шкадуй для іншых.
Заўсёды шчодра аддавай яго:
І чалавеку кожнаму,
І кожнай кветцы,
І дрэвам, і звярам, і птушкам –
Усяму, што ўбачыш.
Аддай ты сваё сэрца
Іншым,
Каб чалавекам быць
З вялікім сэрцам.
Таццяна ПЯСЕЦКАЯ,
г. Брэст.
* * *
Межы,
масты,
бязмежжа…
Дарогі,
пасты –
замежжа…
Ён там,
як і ты –
залежны
Ад сіл
вышыні.
Прылежны
ў працы і…
незалежна
ад нацыі –
Прыгожай душы
чалавек.
* * *
Твае ўспаміны –
Іржа
На вастрыі
Нажа –
Адчуваю.
Атрута
Ў стрэлах слоў,
Я
З салодкіх сноў
Адлятаю.
На мяжы
Паміж палын-травы
Праўду
Шукаю.
Ала МІРЗАЛІЕВА, Ганцавіцкі раён.
* * *
Па-свойму мы ўспрымаем
гэты свет,
Жыццё, людзей па-рознаму
ўспрымаем.
І продкаў знак – званіца й мінарэт –
Жыць поруч нам амаль
не замінаюць.
Ах, гэтае няпэўнае “амаль”… –
Крыніца столькіх непаразуменняў,
Дзе кожная нязначная дэталь
Мільгае мноствам з’едлівых адценняў.
І так – штодня ў сумніўнай барацьбе:
У мроіве пачуццяў ілюзорных
Скарыцца непаўторнаму табе
Ці самазахавацца непаўторнай.
Іван ЛАГВІНОВІЧ, г. Баранавічы.
* * *
Кветкавы двор, бы ягадны сок,
піў у гайку першароднай бязгрэшнасці.
Слёзы з вачэй вымывалі пясок
тэлевізійнай залежнасці.
Там аздабляў я разьбою кіёк,
каб ужо смець называць яго посахам.
Кропкі ў пісьмёнах палеткаў над “ё”
дзень ставіў пчоламі й восамі.
Над ціхамір’ем палёў і лугоў
сонца не засцілася аблачынамі.
Маці-Прырода з аблічча майго
выцерла слёзы з пясчынкамі.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.