Ганцавічы
В. Праскураву
Ёсць ціхі гарадок над рэчкай Цною,
сярод лясоў палескіх і балот…
Не знаю, што ў жыцці было б са мною,
калі б яго на свеце не было.
Відаць, я б жыў, відаць бы, не загінуў,
пісаў бы вершы, сена ў копы клаў, –
ды толькі не такой была б Айчына
і песня б незакончанай была.
Там у мяне сяброў харошых многа,
з якімі па вясне блудзіў, як Лель;
дзесь там, ля партызанскае дарогі,
буяе той, пасеяны мной хмель.
Хай я пайшоў і хай змяніў прызванне,
хай я не быў у краі тым даўно, –
мая любоў высокая, бы ранне,
к вам прыляціць – пастукае ў акно.
Калі пачуеце, не адпужніце:
яна ўсё такая ж, як калісь, –
як ластаўка, як той на дубе ў жыце
зялёны і незапылёны ліст.
З забытасці засмужана гуллівай
яна ляціць туды – у маладосць…
Ёсць Ганцавічы – ёсць! – і я шчаслівы,
шчаслівы, што яны на свеце ёсць.
Міхась РУДКОЎСКІ
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.