Беларусь

Хто ўкраў каўбасу?


БРЭСТ
Пажар у манастыры
У сераду ў недабудаваным двухпавярховым памяшканні, якое належыць Свята-Афанасьеўскаму мужчынскаму праваслаўнаму манастыру, адбыўся пажар. Як паведамілі ў прэс-службе абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, людзі не пацярпелі, агнём пашкоджаны будаўнічыя матэрыялы, мэбля, станочнае абсталяванне і 5 тон воску. Матэрыяльны ўрон ад пажару склаў каля 8 мільёнаў рублёў. Яго прычына высвятляецца.
БРЭСЦКІ РАЁН
Мацнейшыя – гаспадары пляцоўкі
У аўторак на базе СШ Вялікія Матыкалы прайшоў калядны турнір па валейболе  сярод дзяўчат. Званне мацнейшай аспрэчвалі каманды Матыкальскай, Астрамечаўскай і Велямовіцкай школ Брэсцкага раёна і Расненскай – Камянецкага. У выніку ўпартай барацьбы перамогу заваявалі гаспадары пляцоўкі. Удзельнікі турніру, спонсарам якога выступіла РУСП “СГЦ “Заходні”, адзначаны граматамі і прызамі.
БАРАНАВІЧЫ
Абслугоўванне – на вышыні
Гарадскі выканаўчы камітэт падвёў вынікі падрыхтоўкі прадпрыемстваў і арганізацый да навагодніх свят. Улічваліся не толькі знешняе афармленне, але і выкананне паказчыкаў, культура абслугоўвання насельніцтва. У ліку пераможцаў: дом гандлю “Вясёлка”, гандлёвы дом “Цімбер”, магазіны ААТ “Прадукты”, а таксама “Златка”, “Падарункі”, “Савецкі”, “Южанка”, “Элара”, “Алеся”.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Хто ўкраў каўбасу?
У вёсцы Ятвезь абкрадзены магазін. Гандлёвы аб’ект быў абсталяваны сігналізацыяй, але злодзеі трапілі ў памяшканне праз дах, зняўшы некалькі лістоў шыферу. Невядомыя вынеслі каўбасу, спіртныя напіткі і цыгарэты на суму больш чым 1 мільён 200 тысяч рублёў.
БЯРОЗА
Заслужаныя людзі “Франдэсы”
У ТДА “Франдэса” ўпершыню прайшоў конкурс “Чалавек года-2010”. Пераможцамі ў розных намінацыях сталі: галоўны энергетык Дзмітрый Мазейчык, юрысконсульт Уладзімір Белка, начальнік змены Яўген Паўлюковіч, эканаміст Наталля Канасевіч, намеснік гендырэктара па вытворчасці Васіль Міранішын, укладчык-упакоўшчык Дзмітрый Некрашэвіч. А самай дружнай  камандай прадпрыемства прызнана бухгалтэрыя.
ГАНЦАВІЧЫ
Мінута славы раённага маштабу
Учора вечарам у гарадскім Доме культуры прайшоў заключны тур праграмы “Мінута славы”, якая распачалася яшчэ да Новага года. З вялікай колькасці жадаючых бліснуць талентам у харэаграфіі, вакале і інструментальным жанры журы адабрала васьмярых. Сярод іх – Таццяна Раджэпава, Андрэй Шут, Уладзімір Савончык, калектывы ДК… І няхай толькі пераможцы дасталіся прызы, але мінуту славы раённага маштабу адчулі ўсе фіналісты.
ДРАГІЧЫН
Адслужу, як трэба, і вярнуся!..
Такой колькасці юнакоў, як у чацвер, у школе мастацтваў, бадай, яшчэ не было ніколі. З усяго раёна прыехалі яны сюды, каб ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаць  павесткі ў армію. У гэты прызыў Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь папоўняць 60 маладых драгічынцаў. Павіншаваць навабранцаў з важнай у іх жыцці падзеяй і даць ім  наказ на дарогу прыйшлі прадстаўнікі ўлады,  райваенкамата, раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, родныя і сябры.
ЖАБІНКА
Дакладны дыягназ
Медыкі райбальніцы пачалі апрабоўваць апарат ультрагукавой дыягностыкі японскай вытворчасці, які набылі за кошт раённага бюджэту. Навінка адпавядае ўсім сучасным патрабаванням і характарыстыкам. Апарат будзе прымяняцца ў акушэрстве і гінекалогіі для даследванняў унутраных органаў. Гэта дасць магчымасць ставіць дакладны дыягназ хворым.
ІВАНАВА
Мотальскія Каляды на экране
Вёска Моталь здаўна славіцца сваёй самабытнай культурай, з’яўляецца своеасаблівай візіткай Іванаўшчыны. Нядаўна палескую глыбінку наведалі госці са сталіцы – супрацоўнікі “Белтэлерадыёкампаніі”. Яны зрабілі каларытны тэлесюжэт аб тым, як рыхтуюцца янаўскія палешукі да калядных свят. Убачыць яго можна будзе 9 студзеня ў 9 гадзін вечара на Першым тэлеканале.
ІВАЦЭВІЧЫ
Танцаваць не забараняецца
У  аўторак у Доме дзіцячай творчасці адбылася дабрачынная танцавальная праграма “Перадкалядны джайв-драйв” для цяжкіх падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. На музычным вечары хлопцы і дзяўчаты маглі не толькі патанцаваць, але і пазнаёміцца, абмеркаваць свае праблемы. А дапамаглі ім у гэтым арганізатары танцавальнай праграмы – прадстаўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх,  работнікі аддзелаў адукацыі і па справах моладзі райвыканкама.

КАМЯНЕЦ
Чытаем усёй сям’ёй
Акцыя пад назвай “Разам з кнігай – у новы год” распачалася  ў першыя дні студзеня ў дзіцячай раённай бібліятэцы. Будзе апрабавана новая форма работы – бацькоўскі дзень, які прысвечаны сямейнаму чытанню. Дарослыя змогуць пазнаёміцца з кніжна-ілюстраванай выставай, на ёй будуць прадстаўлены новыя выданні для дзяцей і кніжкі-малышкі для дашкольнікаў.
КОБРЫН
Ласункі ад дэсантнікаў
Віншаванні, цацкі і ласункі напярэдадні Новага года прывезлі воіны-дэсантнікі 38-й асобнай мабільнай брыгады выхаванцам Кобрынскага дзіцячага дома. Удзячныя маленькія гаспадары падарылі дарослым гасцям свае творчыя таленты ў святочным канцэрце.
ЛУНІНЕЦ
Успамінаючы год мінулы…
Абвешчаны традыцыйны раённы конкурс на званне “Чалавек года-2010”. Прэтэндаваць на яго могуць тыя, хто прадэманстраваў высокія дасягненні ў сваёй сферы дзейнасці. Заяўкі прымае аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама. Ну, а вынікі конкурсу і імёны пераможцаў стануць вядомыя ў лютым.

ЛЯХАВІЧЫ
Новае шчасце ў новым доме
У навагоднія святы старшыня райсавета Яўген Юрлевіч шчыра віншаваў з наваселлем дзве сям’і неабыякавых да чужога болю ляхавіччан. Лідзія і Сяргей Канапельчанкі, у якіх двое сваіх дзяцей і чацвёра прыёмных, а таксама Святлана і Аляксандр Страмавусы з 5-цю прыёмнымі дзецьмі (двое ўласных ужо выраслі) засяліліся ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Грошы ў суме 1 мільярда рублёў на іх будаўніцтва выдзелены з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у рамках выканання  прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”, а звыш 50 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту было накіравана на набыццё мэблі, бытавой тэхнікі, цацак.
МАЛАРЫТА
Мільён на падарункі
Тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва правёў акцыю “Ёлка жаданняў”. У ходзе яе на рахунак цэнтра паступіла каля мільёна рублёў. Усе сродкі пайшлі на набыццё  салодкіх падарункаў  для дзяцей-інвалідаў, дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і з сем’яў асоб сіроцкай катэгорыі, якія былі ім уручаны на Новы год і Каляды. Асноўнымі спонсарамі акцыі сталі прадпрымальнікі, фермерскія гаспадаркі і прыватныя прадпрыемствы раёна. 55 падарункаў для маладых інвалідаў паступіла з РУП “Белмытнясэрвіс”.
ПІНСК
Пад ёлкай – агрэгат
Самы вялікі падарунак да навагодняга свята атрымала Пінская друкарня. Тут усталявалі новы агрэгат па выпуску друкаваных форм агульным коштам 335 мільёнаў рублёў. Абсталяванне, якое павінна палегчыць работу пінскім друкарам, выраблялася ў Венгрыі. Наладзіць новую “машыну” пінчанам дапамаглі супрацоўнікі фірмы-пастаўшчыка “Гетц Груп”.
ПІНСКІ РАЁН
Стымул для школьнікаў
Напярэдадні Новага года ў Лагішынскай сярэдняй школе ўшанавалі пераможцаў другога этапа прадметнай рэспубліканскай алімпіяды. Акрамя падарункаў ад раённай арганізацыі “Белая Русь” і грамат адміністрацыі школы, школьнікі атрымалі грашовыя прэміі, якія падрыхтаваў бацькоўскі камітэт.
ПРУЖАНЫ
Там, дзе жылі Сапегі…
Завершаны першы этап рэстаўрацыйных работ у палацавым комплексе Сапегаў. Цяпер ва ўсходнім флігелі ствараецца музей “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”. Плануецца, што ў бліжэйшай будучыні візітная картка Ружан будзе адкрыта для наведвальнікаў, а супрацоўнікі музея ўжо гатовыя правесці захапляльныя экскурсіі.
СТОЛІН
Францыя стала яшчэ бліжэй
Супрацоўнікі мясцовага фонду “Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва” нарэшце задаволілі цікавасць жыхароў вёскі Велямічы. Па шматлікіх просьбах супрацоўнікі цэнтра Аляксей Дзямко і Канстанцін Машлякевіч падрыхтавалі справаздачу пра нядаўнюю паездку ў Францыю і пазнаёмілі з ёю прысутных. Вяскоўцы атрымалі кампетэнтныя адказы на свае пытанні пра развіццё сельскай гаспадаркі за мяжой.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля