Ірына Сахарко дапамагае маладым паразумецца і стварыць сям’ю
Гэтая сімпачная дзяўчына з пяшчотнай усмешкай трапіла на ААТ “Белавежскі” ў 2007 годзе па размеркаванні. Пачынала інжынерам па тэхніцы бяспекі. Калі тэрмін адпрацоўкі скончыўся, выпускніца Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Ірына Сахарко пачала збіраць рэчы. Ёй, актыўнай і творчай, хацелася чагосьці больш дынамічнага, незвычайнага. Не трымала ў сакрэце, што калісьці марыла аб журналісцкай кар’еры, але паступаць у ВНУ на адпаведную спецыяльнасць не рызыкнула. І вось, выканаўшы ўсе абавязкі перад прадпрыемствам і ўніверсітэтам, дзе атрымлівала веды, дзяўчына вырашыла нарэшце шукаць нешта блізкае да гэтай прафесіі. Пэўна, амбіцыі і памкненні маладой работніцы не ўкрыліся ад пільнага вока дырэктара прадпрыемства Юрыя Мароза – ён прапанаваў Ірыне заняць новую пасаду, якая, здаецца, выдатна падыходзіла ёй. Так Ірына стала менеджарам па рэкламе.
Калі ў “Белавежскім” з’явілася пярвічная арганізацыя ГА “БРСМ”, кіраваць ёю адразу ж даверылі Ірыне. Работы было шмат: на прадпрыемстве працуе каля 400 чалавек моладзі, зараз 100 з іх – члены пярвічкі. У гэтым годзе гаспадарка папоўнілася яшчэ 20 навічкамі, якіх таксама трэба далучыць да вялікай дружнай сям’і. Каб арганізаваць маладых людзей, перазнаёміць, зацікавіць, аб’яднаць, патрэбна быць яркай, неардынарнай асобай. Лідарскія задаткі, моцны характар, падтрымка надзейных сяброў і калег па рабоце дапамагаюць Ірыне вырашаць нават самыя цяжкія задачы, таму не раз актыў пярвічкі даводзіў: і немагчымае магчыма!
Асабліва складана было ў першыя месяцы існавання суполкі – на сустрэчы і канцэрты, што рыхтавалі, даводзілася літаральна “зганяць” народ. З цягам часу аб’яднанне набыло аўтарытэт, маладыя зразумелі і адчулі на сабе, наколькі патрэбнымі і цікавымі могуць быць такія мерапрыемствы. Асабліва яны важныя для навічкоў – былых выпускнікоў, якім цяжкавата рабіць першыя крокі ў прафесію ў адзіночку. Што датычыцца падтрымкі маладых спецыялістаў у плане жылля ці розных сацыяльных ільгот, дык у адкрытым акцыянерным таварыстве з гэтым праблем няма. Але гаспадарка вялікая, і здараецца так, што новенькія нават у твар адзін аднаго не ведаюць. Менавіта на традыцыйных вечарах пасвячэння маладых спецыялістаў у маладыя супрацоўнікі ААТ “Белавежскі” навічкі знаёмяцца адзін з адным, са старэйшымі таварышамі.
– Вельмі важна дапамагчы маладым адаптавацца да месца працы, – расказвае Ірына Сахарко. – Прадпрыемства ў нас вялікае, і дзе б яны яшчэ пазнаёміліся, як не на нашых сустрэчах? Былі выпадкі, калі людзі пасля знаёмства стваралі пары, а з цягам часу – і сем’і. Запомніўся вечар “23+8” – пад такім дэвізам моладзь адсвяткавала 23 лютага і 8 Сакавіка. Адразу дзве маладыя сям’і сваім каханнем абавязаны менавіта гэтай падзеі. А для сямейных арганізоўваем асаблівыя вечары, каб змаглі расслабіцца, адпачыць ад паўсядзённых клопатаў.
Дзяўчына прызнаецца: у любой лідарскай справе галоўнае самааддача, а яшчэ – каб людзі ў цябе паверылі. Немалаважным з’яўляецца і падтрымка кіраўніцтва ААТ “Белавежскі” ў фінансавых і арганізацыйных пытаннях.
Саму пярвічку можна ахарактарызаваць так: актыў суполкі тут, сапраўды, вельмі актыўны, а невычэрпная фантазія сакратара Ірыны Сахарко, яе жыццёвы запал рухаюць гэты механізм у правільным кірунку з неверагоднай хуткасцю. Маладыя ініцыятыўныя людзі разам думаюць над сцэнарыямі, падарункамі, запрашэннямі.
Грамадскае жыццё віхорам закружыла дзяўчыну, нават вольнага часу амаль не засталося. Адносна нядаўна Ірыну абралі ў раённы Савет дэпутатаў. Ці варта казаць, што менавіта інтарэсы маладога пакалення будзе адстойваць дзяўчына ў коле ўлады? Аднаго позірку на ўпэўненую, мэтанакіраваную Ірыну дастаткова, каб пераканацца – у яе абавязкова ўсё атрымаецца!
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
Камянецкі раён.
Фота з архіва райкама БРСМ
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.