Беларусь

Як выкарыстоўваюць у народнай медыцыне дары лесу


Стары бор. Гонкія меднастволыя сосны ажно млеюць пад спякотным летнім сонцам. А ва ўлонні дрэў сярод багатага разнатраўя дзе-нідзе пракідваюцца чубкі разложыстай светла-зялёнай папараці ды гараць, чырванеюць на сонцы, разліваючы ў паветры салодкі ягадны дух, лясныя суніцы. Здаўна яны вядомы людзям не толькі сваімі смакавымі якасцямі, але і як гаючы сродак.
У народнай медыцыне суніцы і сунічнае лісце ўжываюцца ад многіх хвароб. У прыватнасці, сок са свежых ягад п’юць, каб пазбавіцца ад нырачных і пячоначных камянёў. Водным настоем з ягад лечацца ад гастрыту. Ужываўся ён і як патагонны сродак. Настой прыгатаваць няцяжка. Дзве сталовыя лыжкі сухіх ягад кідаюць у шклянку з кіпенем, працэджваюць і п’юць у два прыёмы.
Вядомы фалькларыст і этнограф Міхаіл Федароўскі ў сваіх запісах адзначаў, што ў народзе ягады суніц ужываліся як добры сродак для вывядзення вяснушак, вугроў і экзэмы. Можа, таму ў Беларусі так мала вясну-шчатых дзяўчат, а ўсё болей – белых ды румяных з твару.
Экзэму лячылі так. На чыстую мяккую льняную анучку клалі тоўсты слой расцёртых ягад і прыкладвалі да хворага месца, час ад часу замяняючы ягады на свежыя. У першыя чатыры-пяць дзён чалавек пазбаўляўся ад струпаў, але залечваў да канца экзэму ўжо мазямі. Вядома, што адну з іх рыхтавалі з каранёў рачной лілеі.
Таксама шырока прымяняюцца і адвары з сушанага лісця сунічніку. Іх можна піць пры гастрытах, бранхіяльнай астме, жоўцекамянёвай хваробе, бяссонніцы. Вядома, што раней прапаноўвалі таксама піць адвар худым і пасля хваробы. Ды й проста чай з сунічніку – на дзіва духмяны.
Павел Седзір у кнізе “Магічныя расліны”, выда-дзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1912 годзе, вось што піша пра суніцы: “Плод мяккі і карысны ад жаўтухі. А калі насіць пояс з іх лісцяў – змеі не ўкусяць. У народнай медыцыне ўжываюцца ад прастуды – піццё; ад болю вачэй і зубнога болю – у выглядзе прыпарак; ад хвароб печані – карэнне вараць, а сок ягад п’юць нашча; ад задухі – у выглядзе адвару; ад крывацёку ў жанчын – адвар…”.
Прырода шчодра дорыць свае багацці чалавеку. Памятайце, што яна патрабуе ад нас толькі аднаго – беражлівага абыходжання.
Аляксандр ЗАЙКА,
в. Заполле, Івацэвіцкі раён

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля