Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Кожны можа паўплываць на прысуджэнне літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка

Кожны можа паўплываць на прысуджэнне літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка


Прайшло першае пасяджэнне савета па прысуджэнні літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. На абмеркаванне былі вынесены больш за два дзясяткі кніг. Найбольшая колькасць з іх – паэтычныя зборнікі.
Перш-наперш гэта чарговая кніга Віктара Вабішчэвіча, настаўніка гісторыі з Давыд-Гарадка, пад назваю “Уражанне”. Яна ўбачыла свет летась у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. Пра высокі ўзровень паэзіі сведчаць хоць бы наступныя радкі: “Прыгажосці не бывае лішняй – //Нам яе заўсёды не стае. //Аблятае ўмомант квецень з вішняў, //І губляем вёсны мы свае”.
У спрэчку з гэтай пазіцыяй уступае кніга паэзіі Надзеі Парчук “Раскрыліўся бусел над хатай” (2009), а таксама новая яе кніга “Зарунее жыта зноў”, выдадзеная сёлета.
Далей сімпатыі савета па прысуджэнні прэміі размеркаваліся наступным чынам: “Знакі на валуне” Лявона Валасюка, “Хлеб надзённы” Івана Мельнічука, “На два галасы” Любові Красеўскай (дарэчы, гэты паэтычны зборнік удастоіўся Дыплома на свяце беларускага пісьменства ў Хойніках, як і кніга “Свята для сэрца” Анатоля Бензерука – леташняга лаўрэата Калеснікаўскай прэміі), “Доўгі шлях у Кіцеж” Мікалая Аляксандрава, дзве кнігі паэзіі Алеся Корнева з Баранавіч “Як песня, год мінае” і “Мядовы полюс” (абедзве выдадзены сёлета ў Брэсцкім выдавецтве “Альтэрнатыва”; што і казаць, ураджайны для паэта год, тым больш, што і зборнікі не тоненькія, дый паэзія, у цэлым, добрая, за некаторым хіба выключэннем) і добры дзясятак кніг іншых аўтараў, якія цалкам могуць спаборнічаць з названымі вышэй.
У галіне прозы ўдзельнікі першага пасяджэння савета вылучылі сярод іншых перш-наперш кнігі Аляксандра Валковіча “Алеся. Белавежскія сны” (Выдавецтва “Літаратура і мастацтва”, 2009 г.), “Бяроза чорная. Бяроза белая” (выдавецтва “Альтэрнатыва”), а таксама сёлетнюю дакументальна-мастацкую кнігу “Пісьмы вайны” (ААТ “Брэсцкая друкарня”), аснову якой складаюць салдацкія лісты з фронту часоў Вялікай Айчыннай, дый прымеркавана яна да 65-годдзя Перамогі над гітлераўскім фашызмам.
Сімпатыі членаў савета выклікалі таксама кнігі “Там, за Днепра-Бугам” Васіля Літвінчука (гэта разгорнутая і праўдзівая эпапея партызанскай вайны на тэрыторыі цяперашніх Драгічынскага, Іванаўскага і памежных з імі раёнаў), “Дарога дамоў” Веры Пракаповіч, “Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ ст.ст.” Вольгі Папко ды некаторыя іншыя.
Дзіцячы літаратурны “агарод”, на жаль, значна бяднейшы. На абмеркаванне былі вынесены кнігі Зоі Гарадзецкай “Казкі навагодняга лесу”, у якой сабраны драматургічныя творы для дзетак і якую выдрукавала летась сталічнае выдавецтва “Літаратура і мастацтва”, ды каля дзясятка тонкіх, багата ілюстраваных кніжачак для самых маленькіх чытачоў Іосіфа Рогаля, які цяпер жыве ў Маскве, аднак родам з Піншчыны і з’яўляецца членам Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, а ўсе кнігі выдаў у ААТ “Брэсцкая друкарня”.
Пасля першага пасяджэння кнігі і творы працягваюць паступаць на разгляд. Калі ласка, час яшчэ ёсць, і калі нехта мае што прадставіць на вышуканне прэміі, прычым не толькі сваё, але і тых аўтараў, каго лічыць вартым звання лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка, чакаем вашых прапаноў. Дасылайце на адрас савета (г. Брэст, пр-т Машэрава, 75/1, к.605, электронны адрас krejdzich@tut.by, тэл. 8(0162) 20-40-78, 8(029)52-23-079), у рэдакцыі найперш абласных газет “Заря” ці “Народная трыбуна” і рэгіянальных, гарадскіх, раённых рэцэнзіі, водгукі на згаданыя тут, а таксама іншыя кнігі, выдадзеныя ў бліжэйшыя два-тры гады. Яны абавязкова будуць улічвацца пры вызначэнні пераможцаў.
Нагадаю, што лаўрэатамі гэтай прэміі, заснаванай аблвыканкамам у 2007 годзе, ужо з’яўляюцца: у галіне прозы – Мікола Купрэеў (пасмяротна), Зінаіда Дудзюк, Васіль Ласковіч, Алесь Паплаўскі і Аляксандр Юдзіцкі; у галіне паэзіі – Валерый Грышкавец, Міхась Рудкоўскі (пасмяротна), Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Ніна Мацяш; у галіне дзіцячай літаратуры – Валерый Гапееў, Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук.
Кожны, хто падключыцца да абмеркавання кніг-кандыдатаў на сёлетнюю прэмію, здолее паўплываць на канчатковае рашэнне савета. Натуральна, чым больш прафесійнымі будуць доказы нашых грамадскіх экспертаў, тым большы ўплыў яны акажуць.
Да сказанага лічу неабходным дадаць, што на цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў літпрэміі атрымаюць дыпломы і падарункі таксама пераможцы дзіцячага літаратурнага конкурсу, заснаванага Брэсцкім аддзяленнем СПБ, які сёлета мае назву “Доблесць продкаў – нашчадкам у спадчыну” і прымеркаваны да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Шаноўныя вучні, студэнты, маладыя людзі да 30 год, час прыёму творчых работ працягнуты з 1-га па 15-га кастрычніка, так што ў вас ёсць яшчэ час напісаць верш, апавяданне, эсэ, нарыс, нават звычайнае сачыненне альбо іншы твор і даслаць на той жа адрас (у тым ліку і электронны), які прыведзены вышэй. Палажэнне конкурсу друкавалася ў абласных і раённых газетах, яно змешчана і на сайце абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі spb.brest.by. Чакаем вашых допісаў.
Анатоль КРЭЙДЗІЧ,
старшыня савета па прысуджэнні літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля