Крок насустрач памяці
Мы павінны ўшанаваць ветэранаў вайны, дзякуючы якім жывём пад мірным небам.
Слынны беларускі пісьменнік Якуб Колас аднойчы сказаў: “Няхітрая справа патрапіць нагою ў пракладзены след; значна цяжэй пракладваць шлях самому”.
Вось нашы і дзядулі, і бабулі цаной сваіх сіл, а часам – ахвяруючы сваім жыццём, праклалі нам шлях у свет, дзе пануе мір, спакой, дабрабыт. А ці часта мы, маладыя, задумваемся аб сваіх адносінах да ветэранаў, проста пажылых людзей? На жаль, не ўсе мае равеснікі паважліва ставяцца да іх.
Але ёсць і іншыя адносіны. Тут я падзяляю меркаванне маёй аднакласніцы Ірыны Здановіч: “Ветэранам неабходна наша павага. Яны ж змагаліся за свабоду і незалежнасць Радзімы. Мы цяпер карыстаемся гэтай свабодай, забываючы, што яна не ўзнікла сама па сабе, а яе цана – пралітая кроў”.
Іра чатыры гады несла вахту памяці на пасту №1 ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці. Менавіта гэта дапамагло ёй пранікнуцца глыбокай павагай да гераічнай гісторыі Брэста і адчуць удзячнасць да ўсіх тых, хто змагаўся з фашызмам.
Ірыніна аднакласніца Дзіяна Гетман таксама несла вахту на пасту №1. Яна лічыць: “Варта адкласці ўбок некаторыя справы і наведаць ветэранаў. Тым, хто дажыў да 65-годдзя Перамогі, будзе прыемна ўвага маладых”.
Мы пакуль што ідзём па слядах, пракладзеных нашымі продкамі, свае нам яшчэ давядзецца зрабіць. І няхай у ліку першых годных крокаў будуць тыя, якія прывядуць нас гэтай вясной да ветэранаў вайны, былых вязняў канцлагераў, блакаднікаў, працаўнікоў тылу. Успомнім усіх!
Хрысціна ЛЕСНІК
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.