Кветка, якая не вяне
О, як жа падабалася Сержыку цудоўная дзяўчынка Алінка!
Падабалася моцна, адчайна, душэўна. І закаханы ў Алінку хлопец ані дня не мог утрымацца, каб не падарыць дзяўчынцы чарговы прыгожы букет кветак.
Ён прыносіў ёй і дзіўныя ружы, і пышныя хрызантэмы, і крыху загадкавыя настуркі, і простыя ў сваёй таемнасці гваздзікі, і тонкія духмяныя фрэзіі, і шмат яшчэ іншых, самых розных і казачных кветак. Толькі праходзіла некалькі дзён, і прыгожыя бутоны паступова апускалі галовы. Пялёсткі зварочваліся, чэзлі, і кветкі, на вялікі жаль, вялі адна за адной.
Як шкада іх было Сержыку! Калі ён бачыў, што ад былога хараства амаль нічога не застаецца, што цудоўны букет няўмольна ператвараецца ў сухі гербарый, – ён толькі ціха апускаў галаву, каб Алінка не заўважыла, як сумна робіцца ў яго на душы.
А што сама дзяўчынка? Яна шчыра радавалася кожнай кветачцы, якія з’яўляліся ў яе пакоі, дзякуючы старанням і такой мілай, цёплай увазе Сержыка. Яна ашчадна даглядала кожны букет – такіх непаўторных і нечуваных красак!.. І, вядома, таксама не магла стрымаць суму, калі даводзілася прыбіраць звялыя кветкі з парцэлянавых ваз прэч.
А Сержыку ўсё здавалася, калі ён прынясе чарговы букет, яшчэ большы і прыгажэйшы за папярэдні, дык гэты будзе ўжо стаяць вечна. Аднак!.. Былі тыя спадзяванні дарэмнымі.
І вось аднойчы, калі чарговым разам хлопец пабачыў, што прынесенае ім некалькі дзён таму кветкавае дзівоснае хараство хутка згубіць усю сваю чароўнасць і водар, і вочы ягоныя ледзь не пырснулі самымі што ні на ёсць сапраўднымі і буйнымі слязамі, Алінка ціха ўзяла яго за руку і гэтак жа ціха прамовіла:
– Ведаеш што? Калі я цябе папрашу аб нечым, ты зможаш гэта зрабіць?
– Што?.. – знайшоў сілы Сяржук падняць набрынялыя вільгаццю вочы на дзяўчынку.
– Калі можна – проста дары мне сваю ўсмешку. Штодня, штораніцы, калі заўгодна. Яна і будзе для мяне – той кветкай, якая не вяне ніколі,– твая ўсмешка.
І Сяржук адразу ўсміхнуўся. І была тая ўсмешка найпрыгажэйшай кветкай. Шчырай, раскрытай, вельмі жывой і рухомай, поўнай непрыхаванай радасці, крыху сумнай цеплыні і абпальваючага кахання. Штодня, штораніцы, штовечар – заўжды!
Ігар СІДАРУК
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.