Магія сэрцаў
Жыў на свеце добры хлапчына Ігарок, і было ў яго два захапленні: прыгожая дзяўчына Ганулька і магія.
І так ён захапіўся і першаю, і другою, што вырашыў утварыць незвычайнае.
О, толькі адзін ён ведаў, якія такія чары закарцела яму засвоіць. І не толькі засвоіць, а ўвасобіць у жыццё. І ён пачаў рыхтавацца, трэніравацца, скарыстоўваць на практыцы…
Вось змяшаў ён шкіпінар з чартапалохам, дадаў туды па кроплі ёду і мёду, працадзіў скрозь актываваны вугаль і леташнюю лістоту ды намазаў даброцтвам тым сабе шчокі. А потым, гледзячы на Ганульку, усміхнуўся ёй шырока і шчыра. Але яна толькі па-сяброўску ўсміхнулася яму ў адказ, і не спрацавала магія…
Тады Ігарок пасек на калодцы з ігральных карт выключна чэрві й пікі і нацёр сабе ўсім тым ужо свае пяты. І зноў, як мог, усміхнуўся Ганульцы – але анічога не адбылося.
Ды магічны наш хлопец і не думаў здавацца. А злавіў на падворку ашалелага пеўня ды выдзер у яго з хваста тры пёры. Што рабіў з тых пёраў – ужо невядома, аднак у ягоным пакоі ў той дзень смярдзела, шкварчэла, куродыміла, екатала, гікала і ляскатала… А калі пабачыў Ганульку, усміхнуўся ёй так, што нават вароны ў сумёты галовамі ўніз пападалі, а мілая дзяўчынка толькі ў здзіўленні надламала і ўскінула свае бровы.
І тады… Ад бяссілля, тугі, невыноснай дарэмнасці й шкадобы Ігарок заплакаў. Слёзы каціліся па ягонай шчацэ, падалі ў снег, падалі на далонь і сэрца Ганулькі.
І раптам – яно стала залатым і цёплым, гэтае дзявочае, прамяністае сэрца; яе ўсмешка – сонцам, што загойвала болькі ад слёз на марозных Ігарочкавых шчоках; яе рукі – абдымкамі снежнага месяца, які ніколі не ўмеў абдымаць, а вось сёння – глядзі ж, навучыўся… Дзень стаў, дзень быў – адначасна ноччу, а ноч – агнём хатняй каменкі, побач з якой нерухома застылі прыгожыя юнак і дзяўчына.
Яны ціха вяршылі бясконцую магію загадкавых рук і пяючых вачэй, мігатлівых дотыкаў і сонечных прамянёў, такіх жывых і такіх залатых сэрцаў…
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.