Лепшыя прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя вобласці атрымалі ўзнагароды
Напярэдадні прафесійнага свята лепшыя прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя вобласці атрымалі ўзнагароды за сваю добрасумленную працу
11 чэрвеня на медыцынскі “агеньчык” завітаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. Ён прызнаўся, што віншаваць медыкаў яму лёгка, бо дактары, медыцынскія сёстры, санітаркі, якія працуюць у сістэме аховы здароўя Брэстчыны, адпавядаюць свайму прызванню і па чалавечых, і па прафесіянальных якасцях. “Нашы медыкі ўкладаюць часцінку сваіх сэрцаў і здароўя, каб дапамагчы кожнаму чалавеку, – сказаў Канстанцін Андрэевіч. – Плюс велізарная работа па мадэрнізацыі медыцынскіх устаноў, аснашчэнні іх сучасным абсталяваннем, што дазваляе выконваць самыя складаныя аперацыі, аказваць якасную дапамогу пацыентам”.
Насамрэч, за апошнія гады змяніўся не толькі знешні выгляд устаноў аховы здароўя, але ўмовы лячэння пацыентаў і работы медыкаў, якія актыўна асвойваюць найноўшыя медыцынскія тэхналогіі. Змяніць якасць жыцця людзей, падоўжыць яго – па сілах медработнікам вобласці. Начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Святлана Крапівіна падкрэсліла: “Мы дасягнулі галоўнага паказчыка, якім ацэньваецца эфектыўнасць усёй сістэмы аховы здароўя – зніжэнне смяротнасці асоб працаздольнага ўзросту. Прафесія медыцынскага работніка такая, што яе эфектыўнасць вымяраецца жыццямі людзей: нованароджаных, выратаваных у аперацыйных залах, “адноўленых” пасля цяжкіх траўм”…
На ўрачыстасці з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў гучала шмат цёплых і кранальных слоў пра людзей у белых халатах. Іх прафесіяналізм падкрэслілі і ўзнагароды аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галіновага міністэрства. Знакі “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” атрымалі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Нэлі Гіндзюк, намеснік галоўнага ўрача Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Лілія Селязнёва, урач станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі УАЗ “Баранавіцкая цэнтральная паліклініка” Таццяна Фаміна, выкладчык Пінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Валянцін Якутовіч. Пад апладысменты калег за ўзнагародамі выходзілі ўрач-кардыёлаг, загадчык дыспансернага кардыялагічнага аддзялення абласнога кардыялагічнага дыспансера Алена Радзіеўская, галоўная медыцынская сястра абласнога радзільнага дома Вольга Зямскова, урач-педыятр участковы Івацэвіцкай ЦРБ Вольга Кулініч, галоўны ўрач Пінскага міжраённага радзільнага дома Святлана Шапяцько, фельчар-лабарант абласной станцыі пералівання крыві Кацярына Шаўчэнка і іншыя.
Віноўнікаў урачыстасці адарылі танцамі і песнямі самадзейныя артысты. А яны, здавалася, нават трошкі разгубіліся ад такой увагі да сябе журналістаў, тэлекамер, фотакарэспандэнтаў. У белым халаце на прыёме ў паліклініцы ці ў аперацыйнай зале – вось там яны ў сваёй стыхіі. Дык няхай яна ніколі не будзе агрэсіўнай, бо нам усім надзвычай важна ведаць, што і на зямным шляху ёсць ахоўнікі людскіх жыццяў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.