Маналог дырэктара
Аляксандр ЮШ, кіраўнік КУВП “Жыллёва-камунальная гаспадарка” г.Пінска:
– Кожная праца павінна быць чалавеку ў радасць. І чалавек павінен ганарыцца сваёй працай. Калі ёсць гэтыя два складальнікі, дык, мяркую, карысць ад такога працаўніка дзяржаве, вытворчасці, народу атрымаецца даволі адчувальная. Работа – гэта першаснае для кожнага, бо, маючы яе, атрымліваеш і пэўныя сацыяльныя даброты. Каб больш зарабляць, трэба лепш і якасней працаваць. А рабіць гэта якасна павінны ўсе, тады і агульны вынік калектыву будзе адчувальным.
У нас не проста работа, у нас – служба, служба дні і ночы. Горад спіць, а мы ўсё роўна забяспечваем яго: асвятляем, падаём ваду, чысцім ды прыбіраем. На некаторых аб’ектах работнікі прадпрыемства працуюць у тры змены. Калі чалавек атрымлівае ад сваёй працы радасць і дамоў ідзе з пачуццём гордасці, што ён зрабіў добрую справу для горада – гэта цудоўна.
Ганаруся калектывам. Падстава для гонару – “Дзякуй!”, якое гавораць нам людзі. Так, зробленае неабходна заўважаць, але наперадзе яшчэ шмат працы. Нашы перспектывы – гэта працяг дасягнутага. Яшчэ лепшае добраўпарадкаванне. Большая адказнасць за тое, што мы эксплуатуем. Імкненне стварыць дабротныя ўмовы жыцця ўсім гараджанам.
Востра стаяць многія пытанні жыццядзейнасці ў раёнах індывідуальнай забудовы. Нельга забываць пра абнаўленне асноўных фондаў: рыдлёўка, лом, венік хоць і надзейныя прылады працы, але ж на двары – ХХI стагоддзе. Нам патрэбны інавацыі, новыя тэхналогіі, матэрыялы, сучасныя прынцыпы арганізацыі вытворчасці. Усё гэта практыкуецца. Напрыклад, на рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў, якую па праграме “Чыстая вада” павінны зрабіць у бліжэйшыя 5 год.
Ведаю болевыя кропкі камунальнай гаспадаркі горада. Ёсць ідэі, як іх “вылечыць”. І тым не менш, сам сабе задаў бы пытанне: “Ці ўсё ты правільна робіш, дырэктар?” А адказ – напэўна, не ўсё. Не памыляецца той, хто нічога не робіць. Без справы чалавек чахне. Таму і аддаю перавагу актыўнай рабоце…
P.S. ад аўтара. З дырэктарам пінскага прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка” Аляксандрам Юшам мы былі знаёмыя па… тэлефоне. Даводзілася не раз браць, удакладняць інфармацыю. Цяпер ведаю: карэнны пінчанін Аляксандр Аляксандравіч аддана служыць свайму гораду. У камунальную галіну ён прыйшоў у 1986 годзе, з 1997-га кіруе КУВП “ЖКГ” роднага Пінска. Яго высокі прафесіяналізм, памножаны на багаты вопыт, дае важкі плён.
Аляксандру Юшу давяраюць не толькі калегі: аўтарытэтны чалавек, ён з’яўляецца дэпутатам гарсавета пяці скліканняў – з 1991 года і па сённяшні дзень. Самі за сябе гавораць шматлікія ўзнагароды, сярод якіх – знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”. Апошняе дасягненне дырэктара і яго калектыву: па выніках работы ў 2009 годзе прадпрыемства занесена на гарадскую Дошку гонару.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.