Мазалі і кветкі Лідзіі Брызгі

Мазалі і кветкі Лідзіі Брызгі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Жыццё гэтай жанчыны нагадвае незвычайны калейдаскоп падзей
Калі я пазнаёмілася з Лідзіяй Дзмітрыеўнай, калгаса імя Жданава, які даў раёну трох Герояў Сацыялістычнай Працы (і яна – адна з іх), на сельскагаспадарчай карце Прыбужжа ўжо не існавала. Быў калгас “Беларусь” на чале са старшынёй Аляксеем Іўчыным. Ды і сама Лідзія Брызга, якая нарадзілася і працяглы час жыла ў Барысах, працавала ў мясцовай гаспадарцы, пераехала ў Астрамечава. Даіла кароў у калгасе “Памяць Ільіча” – адным з лепшых сельгаспрадпрыемстваў у Брэсцкім раёне.
Дзяцінства… Яно было цяжкім. Ні Ліда, ні яе малодшая сястра Галя не помнілі бацьку. Ён пайшоў на фронт, калі старэйшай дачушцы было паўтара года, а малодшай – усяго два тыдні ад нараджэння. За два месяцы да перамогі загінуў у Венгрыі. Вось і давялося яе маці быць і за гаспадыню, і за аратага, і за касца. Ды яшчэ выхоўваць чацвёра дзяцей: дваіх хлопцаў мужа ад першага шлюбу (Алена Андрэеўна выйшла замуж за ўдаўца) ды дваіх агульных дзяўчынак. А дзяцей жанчына ніколі не дзяліла – усіх аднолькава любіла і шкадавала. І Ліда не раўнавала матулю да зводных братоў. У іх з сястрой хоць маці родная ёсць, а ў хлопчыкаў, па сутнасці, нікога.
Лягчэй удаве-салдатцы стала, калі ў Барысах утварылі калгас. Яна ахвотна ўключылася ў калектыўную працу. Любую работу старалася выконваць так, каб пасля не было сорамна людзям у вочы глядзець. Калі дочкі крыху падраслі, а старэйшая Ліда стала сапраўднай памочніцай для матулі дома – была і за няньку, і за гаспадыню, Алена Андрэеўна пайшла на ферму даяркай. Сюды ж з малодшай сястрой часта прыходзіла і Ліда. Асабліва, калі маці па нейкіх прычынах затрымлівалася на рабоце.
– Памочніцы прыйшлі, – крычалі даяркі, убачыўшы ў дзвярах кароўніка дзве фігуркі.
І хоць памочніцы з дзяўчынак былі яшчэ ніякія, старэйшая дачка ўсё часцей брала ў рукі вядро і падсаджвалася да кароў. Гэта былі першыя і яшчэ нясмелыя працоўныя крокі Ліды, якія з кожным разам станавіліся больш упэўненымі. Ды ў хуткім часе яна стала для мамы сапраўднай памочніцай і на ферме.
Працавітасць дзяўчыны заўважыў і старшыня калгаса.
– Добрую змену гадуеш, Андрэеўна, – сказаў аднойчы.
На што жанчына не без гордасці за сваю дачку адказала: “Лічы, што выгадавала ўжо. Папрацую яшчэ крыху ды перадам сваю групу кароў дачцэ. Цяжка мне ўжо, Пятровіч”.
Так яно хутка і сталася. І хоць маці вельмі хацела, каб дачка вучылася далей, пасля заканчэння восьмага класа Ліда прыняла яе групу кароў.

Раней за ўсіх дзяўчына прыбегла на ферму ў свой першы самастойны працоўны дзень. Старалася з усіх сіл: не хацела адставаць ад вопытных даярак. А яшчэ ж трэба, каб і надой быў не меншы, чым у маці. Даведаецца, што менш надаіла, – засмуціцца. Надумае вярнуцца назад, а яна і так ужо стамілася, можна сказаць – адпрацавала сваё.
Час у тую першую дойку праляцеў, як ніколі, хутка. Вось ужо суседкі дахаты зазбіраліся, а ў яе яшчэ некалькі рагуль не выдаены. Адна з жанчын прапанавала дапамогу, але дзяўчына адмовілася: сама спраўлюся. Даяркі не сталі настойваць, маўляў, няхай з першага дня паверыць у свае сілы. Ды і маці парадуецца за дачку, калі даведаецца, што сама справілася. А ёй тады яшчэ і 16 гадоў не было…
З таго незабыўнага дня і пачалася працоўная біяграфія будучага Героя. Работу сваю Лідзія старалася выконваць сумленна. Прыкладам для яе ў гэтым была не толькі матуля – яна заўсёды хадзіла ў перадавіках, за працу сваю ордэнам узнагароджана, але і Лідзія Іванаўна Асіюк, якая першай атрымала Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Між іншым, шлях да вядомасці гэтай даяркі пачынаўся з худых і брудных кароў, з паламаных стойлаў у старым хляве. Яна навяла ў памяшканні парадак, вычысціла рагуль. І ў першы год надаіла ад каровы па 600 кілаграмаў малака. А праз два дзесяцігоддзі нястомнай працы надоі ў групе Лідзіі Іванаўны выраслі да 8000 кілаграмаў…
Прыкладна столькі часу спатрэбілася і яе цёзцы для пакарэння гэтай вышыні і атрымання высокага прызнання. Пасля першага самастойнага дня работы былі першая пахвала ад вопытных даярак, першая зарплата, першая “маланка” ў яе гонар на стэндзе ля калгаснай канторы, першая паездка на раённы злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі. Далей пайшлі больш знамянальныя падзеі: выбранне Лідзіі Брызгі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, узнагаро-джанне ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знак Пашаны”.

Гады… Нібы хуткакрылыя птушкі, праляцелі яны. Зараз многага з таго, што было, няма. У тым ліку і энтузіязму з натхненнем, якія працаваць і ствараць дапамагалі. Няма побач усіх блізкіх і родных людзей. Няма мужа і мамы, зводнага брата. Год таму не стала малодшай сястры.
Мікалай… Замуж за яго, як прызналася жанчына, выходзіла не па каханні, а таму, што аб гэтым яе папрасіла маці. І дзяўчына паслухалася. Магчыма, таму, што была ўпэўнена: мама дрэннага не параіць. А Колю яна ведала з дзяцінства. Раслі, лічы, разам. І быў ён ніколькі не горшы за іншых яе кавалераў. Сярэдняга росту, стройны, русавалосы, прыгожы. Хіба што бяднейшы за іншых. І гаротны – рос без маці. Затое працавіты. І да Ліды ставіўся з павагай. Аб каханні сваім амаль не гаварыў: яно было ў вачах хлопца, у пяшчотных дотыках яго рук. Дзяўчына адчувала гэта. Разумела, што за ім будзе, як за каменнай сцяной. Але на вяселлі чамусьці расплакалася.
36 гадоў пражылі яны з Мікалаем. Гады тыя былі самымі шчаслівымі ў жыцці Лідзіі Дзмітрыеўны. Бо менавіта ў гэты час нарадзіліся і зрабілі першыя крокі іх дзеці. Старэйшы Віктар пайшоў у год і тры месяцы, Аркадзь – у паўтара. А дзяўчынкі – Лена з Ірай – першыя крокі зрабілі ў 10 месяцаў. Жанчына памятае тыя моманты, хоць і не хавае, што дзяцей гадавала яе мама. Варыла ім баршчы і кашу, адпраўляла ў школу. А яшчэ ў гэты час да Лідзіі Дзмітрыеўны прыйшлі вядомасць і слава.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы даярцы калгаса імя Жданава Лідзіі Брызга прысвоілі ў 1981 годзе. Аб чым паведамілі па тэлебачанні ў праграме “Время”. Яна гэтага, вядома ж, не чула – была на вячэрняй дойцы. Радасную навіну на ферму прывёз старшыня калгаса Васіль Каліноўскі.
– Лідачка, Лідачка, – абдымаючы і цалуючы даярку, усхвалявана гаварыў ён. – Дык я ж Героя зрабіў!
У 1985 годзе Лідзія Брызга з мужам і дзецьмі пакідае калгас імя Жданава. У “Памяці Ільіча”, куды яна пераехала, ёй прапанавалі не толькі работу, але і шыкоўны дом з цэнтралізаваным ацяпленнем. У Астрамечаве, як і ў Барысах, дзецьмі займалася маці, а Ліда з Мікалаем працавалі. На гэты перыяд прыходзіцца і пік яе грамадскай дзейнасці, якую яна сумяшчала з работай на ферме. Паездкі ў Мінск, Маскву, удзел у розных форумах і сходах, сустрэчы ў працоўных калектывах і школах зрабілі жанчыну знакамітай на ўсю краіну. Яна засядала ў высокіх прэзідыумах, знаёмілася з вядомымі людзьмі. На адным са здымкаў сямейнага архіва Герой Сацыялістычнай Працы даярка Лідзія Брызга – побач з Героем Савецкага Саюза лётчыкам-касманаўтам Пятром Клімуком у складзе беларускай дэлегацыі на ХХVI з’ездзе КПСС. А на ферме ў гэты час гаспадарыў яе муж. Ён радаваўся поспехам Ліды і заўсёды любаваўся сваёй прыгажуняй-жонкай, калі яе паказвалі па тэлевізары.
– Я вельмі даражыла гэтым чалавекам, – змахваючы з вачэй няпрошаную слязу, гаварыла жанчына ў адну з нашых сустрэч. – А поспехам сваім працоўным абавязана яму і маме, якія ва ўсім дапамагалі мне і падтрымлівалі як дома, так і на рабоце.
Дзеці, унукі… Яны заўсёды побач. Але ніхто не заменіць яе Колю. Ён пакінуў іх так хутка і нечакана! Хоць, мабыць, адчуваў гэта. Інакш навошта той апошняй восенню так старанна плёў кошыкі, нарыхтоўваў чаранкі для вілаў і рыдлёвак? Імі ў сям’і карыстаюцца і зараз.
У Астрамечаве Лідзія Дзмітрыеўна ўжо 26 год. 19 з іх разам з сястрой, нябожчыцай Галінай, працавалі на ферме Рудавец. Прычым 11 – будучы на пенсіі. Тут знайшлі сябе і трое яе дзяцей. Усе працуюць у СВК “Астрамечава”: сын Аркадзь – на камбікормавым заводзе аператарам, старэйшая дачка Лена – начальнікам аддзела кадраў, малодшая Іра – ветурачом. Ну, а старэйшы Віктар жыве ў Віцебску. Ён аграном-аграхімік. Усе дзеці маюць сем’і. Нявесткі і зяці да Лідзіі Дзмітрыеўны адносяцца з павагай. Унукі (іх у яе 9) і два праўнукі душы не чуюць у любай бабулі. І яна іх заўсёды чакае: каго – са школы (з ёй жыве Ірына з мужам і дзецьмі), а каго – у госці.
Зараз Лідзія Дзмітрыеўна мала выходзіць з хаты, амаль не бывае на ўрачыстасцях, на якія яе заўсёды запрашаюць: ногі не хочуць хадзіць – прафесійная хвароба многіх даярак. Таму ўвесь свой час бавіць у акружэнні дзяцей і ўнукаў – самых блізкіх і дарагіх яе сэрцу людзей. Не забываюць пра яе і ў раёне, а старшыня сельгаскааператыва Аляксей Скакун заўсёды павіншуе са святамі, з днём нараджэння.
Аб чым думае, калі застаецца адна? Магчыма, успамінае свайго Мікалая, з якім на старэнькім “Масквічы”, атрыманым на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, часта ездзілі на малую радзіму па грыбы і ягады. А можа, паездку ў Венгрыю, падчас якой усклала кветкі да брацкай магілы, дзе пахаваны бацька. А яшчэ ж былі турыстычныя паездкі ў Польшчу, Чэхаславакію, Балгарыю, ГДР. Былі апошнія з’езды КПСС, дэлегатам якіх яна выбіралася. І шыкоўныя кветкі, дастаўленыя жанчынам у гасцінічныя нумары ад кіраўнікоў іншых краін…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Брэсцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Мы там, дзе вам зручна”

Следующая запись

З камфортам да Баранавіч