“На працу – з радасцю, з працы – з гордасцю”
Такім лозунгам, які вісіць на ўваходзе ў кувп “Жыллёва-камунальная гаспадарка”, камунальнікі ў Пінску вызначаюць сутнасць сваёй работы.
Прыехаць у Пінск напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў была выдатная нагода: горад стаў пераможцам у рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Вынік 2009 года паўтарыў поспех 2006-га, калі горад над Пінай упершыню атрымаў вымпел за чысціню і парадак. Вядома, захацелася зазірнуць на камунальную “кухню” пінчукоў.
Пінская ЖКГ сёння – гэта 6 падраздзяленняў: водаправодна-каналізацыйная гаспадарка (лідар, між іншым, на прадпрыемстве па выніках вытворчай дзейнасці), жыллёва-эксплуатацыйная, дарожна-эксплуатацыйная, фізкультурна-аздараўленчая гаспадаркі, “Гарсвет” і спецаўтагаспадарка. У полі іх зроку, у сферы адказна-сці – сацыяльна-бытавы дабрабыт 130-тысячнага горада. На прадпрыемстве працуе 1860 чалавек, сярэдні ўзрост – 45 год. У горадзе Пінск – 7 ЖЭСаў. Практычна няма ведамаснага жылля, усё абслугоўвае ЖКГ. Нават кааператывы просяць, каб камунальнікі ўзялі іх пад сваю апеку – значыць, давяраюць прафесіяналізму службы.
Летась калектыў жыллёва-камунальнай гаспадаркі забяспечыў рэнтабельную работу, чысты прыбытак склаў 959 мільёнаў рублёў. Выкананы заданні па энергазберажэнні, зніжэнні затрат, эканоміі рэсурсаў і іншыя. Сярэдняя зарплата – больш за 870 тысяч рублёў. Няхай няспешна, але яна падрастае. А па колькасці выплачаных у гарадскую казну падаткаў прадпрыемства займае трэцяе месца.
Асаблівую ўвагу надаюць камунальнікі ахове працы. Летась на гэтыя мэты было затрачана амаль 870 мільёнаў рублёў. Прадуманы комплекс мер дапамог дасягнуць прызнання: першыя месцы ў абласным і рэспубліканскім конкурсах-аглядах на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы заняла камісія водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. На прадпрыемстве працуе 67 грамадскіх інспектараў і 6 камісій. Толькі летась яны правялі больш за 13600 праверак. Тут не чакаюць правяраючых з вышэйшых інстанцый ці кантралюючых службаў, а самі выяўляюць парушэнні і выпраўляюць іх.
Увогуле, прафсаюзны камітэт прадпрыемства вылучаецца зайздроснай актыўнасцю. Яго старшыня Галіна Халімоненка пераканана: жыць толькі вытворчымі адносінамі людзі не могуць. Не забываюць камунальнікі ветэранаў вайны і працы. Старым людзям ужо цяжка прыйсці на які сход ці “агеньчык”, таму прафсаюзныя актывісты з падарункамі да розных свят наведваюць іх дома. Адгукаецца адміністрацыя і прафсаюз на просьбы інвалідаў, шматдзетных маці, ветэранаў вытворчасці. Падтрымліваюць на прадпрыемстве самадзейных артыстаў і спартсменаў.
Дарэчы, камунальнікі выступаюць у 15 відах спорту на круглагадовай гарадской спартакіядзе, а па 10 відах праводзяцца спаборніцтвы сярод філіялаў прадпрыемства. Не раз перамагалі пінчане і ў абласных галіновых стартах, па выніках мінулага года прызнаны лепшымі ў абласным аб’яднанні ЖКГ па спартыўна-масавай рабоце. Пінскія камунальнікі маюць магчымасць займацца ў трэнажорнай зале, секцыях па плаванні, валейболе, настольным тэнісе і більярдзе. Кожная ініцыятыва здаровага ладу жыцця знаходзіць не толькі разуменне, але і падтрымку. Напрыклад, у цэнтральным офісе прадпрыемства штодня праходзіць вытворчая гімнастыка.
На думку дырэктара Аляксандра Юша, добры спецыяліст не проста добра працуе, а робіць гэта з душой: выслухае чалавека, дапаможа. Таму імкненне да адукацыі тут у пашане. Невыпадкова ў ЖКГ Пінска 71 работнік вучыцца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах. Прафесіяналізм падымаюць і ў вучэбных цэнтрах. Летась перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі прайшлі 232 работнікі.
Ідэальны калектыў? Ды не, сам дырэктар прызнае, што ёсць слабыя месцы. Тым не менш, нават ва ўмовах недастатковага бюджэтнага фінансавання пінскія камунальнікі змаглі зарабіць грошы. Толькі 30 працэнтаў ад той сумы, што горад выдаткаваў летась на жыллёва-камунальныя паслугі, выкарыстала прадпрыемства, бо атрымалі 9,8 мільярда рублёў, а 6,6 мільярда вярнулі ў бюджэт падаткамі.
У Пінску ў каторы раз упэўнілася: за ўсімі лічбамі стаяць людзі. Ганарацца на прадпрыемстве вадзіцелем спецаўтагаспадаркі Міхаілам Казлякоўскім, старшымі майстрамі будучасткаў ЖЭС-1 Аркадзем Чумакевічам і ЖЭС-5 Сцяпанам Ліхманам, якія ў калектыве працуюць па 35 год.
Выклікаюць павагу працоўныя дынастыі. Таццяна Хлус загадвае лабараторыяй водазабора “Піна-2”, яе муж Сяргей Мікітавіч – начальнік ЖЭС-3, сын Аляксандр – кіраўнік водазаборных збудаванняў, нявестка Яніна – лабарант-хімік цэха каналізацыі. Агульны працоўны стаж дынастыі Балук – 72 гады. Дыспетчар спецаўтагаспадаркі Ганна Балук у ЖКГ з 1972 года. Разам з ёй у камунальнай службе працуюць сын, дачка і нявестка.
Прыкладам для калег з’яўляюцца перадавікі вытворчасці. З 1983 года вядзецца “Кніга гонару прадпрыемства”. У ёй – дзясяткі фотаздымкаў і прозвішчаў лепшых людзей калектыву. Сёлета да Дня бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі загадам па прадпрыемстве будзе ўпісана яшчэ 8 новых прозвішчаў. Такім чынам вырашана адзначыць намесніка галоўнага бухгалтара ЖКГ Марыю Рамановіч, трактарыста Юрыя Дразда, кантралёра Алену Рыжко, майстра ўчастка дарожнага будаўніцтва Васіля Нікалаевіча, электраманцёра Юрыя Лемяшэўскага, старшых майстроў Мікалая Туніка і Сцяпана Ліхмана, начальніка абаненцкага аддзела Лідзію Юшкавец. Прозвішчы яшчэ 14 работнікаў будуць занесены на Дошку гонару прадпрыемства. Шэраг працаўнікоў атрымаюць граматы, падзякі, прэміі і падарункі. Так што ў многіх будзе нагода вяртацца з працы – з гордасцю. Каб потым зной прыйсці на яе – з радасцю.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.