Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Наша зямлячка двойчы была лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта

Наша зямлячка двойчы была лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта


Наша зямлячка двойчы была лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Кожны год мы з хваляваннем назіраем за тым, як удзельнікі ад Беларусі рыхтуюцца да “Еўрабачання”. Перажываем за нашых на чарговай “Фабрыцы зорак” або на конкурсе “Новай хвалі”. Здаецца, што гэта і ёсць уся музыка. Між тым, у краіне многа таленавітых піяністаў, баяністаў, скрыпачоў, якія перамагаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах. На вялікі жаль, поспехі “класікаў”, часцей за ўсё, застаюцца па-за кадрам. Мала паказваюць іх выступленні па тэлевізары, рэдка гучаць яны і ў радыёэфіры. Але, паверце, добрыя музычныя творы ў выкананні інструменталіста-віртуоза дастаўляюць не меншае задавальненне, чым любое выступленне самай знакамітай эстраднай зоркі. Яркі таму прыклад – Пятро Дранга з Расіі і яго акардэон. А зусім нядаўна я даведалася, што наша зямлячка Святлана Барэйка таксама заваёўвае музычны Алімп з акардэонам і ўжо мае пэўныя поспехі.
“ВЫРАСТУ – СТАНУ
НАРОДНАЙ АРТЫСТКАЙ!”
Святлана Барэйка нарадзілася 9 красавіка 1987 года ў горадзе Іванава. У сям’і не было музыкантаў і артыстаў. Бацька працаваў слесарам, а маці – майстрам-тэхнолагам мясцовага трыкатажнага атэлье “Вясёлка”. Хіба толькі бабуля любіла спяваць унучцы песні, пад якія тая і засынала.
Галасавыя даныя ў дзяўчынкі заўважыла выхавальніца дзіцячага садка і параіла маці адвесці яе на праслухванне ў музычную школу. Святлане выбралі музычны інструмент – акардэон, ён і стаў спадарожнікам на ўсё далейшае жыццё.
Малая Света аддавала свайму вялікаму новаму сябру многа часу. Спачатку хацелася быць падобнай на выхавальніцу садка, што грала на баяне. Праз нейкі час у дзяўчынкі з’явілася іншая мэта – працаваць дырэктарам музычнай школы. А потым яна заявіла: “Вырасту – стану народнай артысткай!..”
На акардэоне, улічваючы яго габарыты, звычайна пачынаюць навучаць з другога класа. А ў першым – вучні засвойваюць фартэпіянную клавіятуру, у многім падобную да той, якая ў акардэона. Света ж літаральна з першых дзён пачала прасіць, каб ёй далі інструмент. І ўжо ў шэсць гадоў у яе з’явіўся свой акардэон. Ярка-чырвоны, бліскучы! Рукі самі так і пацягнуліся да сюрпрызу, які прывезлі бацькі з Брэста.
З кожным годам яна прыбаўляла ў майстэрстве ігры. Гэтага не маглі не заўважыць педагогі мясцовай музычнай школы. Таму Святлану часцей і часцей уключалі ў спісы на розныя конкурсы. За яе кволай знешнасцю хаваліся стойкая натура і байцоўскія якасці.
І вось першы сур’ёзны поспех: дыплом пераможцы Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча ў сакавіку 1999 года. У тым жа годзе Святлана стала лаўрэатам Міжнароднага дзіцячага фестывалю “Пралескі”.
ДЗЯЎЧЫНКА І МЭТР
Маці, Алене Міхайлаўне, трэба было выбіраць: везці дачку ў Мінск ці адмовіцца ад паступлення ў рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яна доўга не думала – адправілася з дачкой у сталіцу.
Вялікі горад, у якім віравала жыццё, спачатку спужаў маленькую музыкантку. Але за падолам мамінай спадніцы можна было і схавацца, калі што. Таму Светка моцна трымалася за цёплую матуліну руку, ні на хвіліну не выпускаючы яе са сваіх далоняў. А потым засталася адна ў інтэрнаце.
Запомніўся першы ўрок у Мірона Іванавіча Булы.
– Было страшнавата: ён – гэткі мэтр! Але Мірон Іванавіч змог так пабудаваць занятак, што я сама павінна была знайсці шляхі, як лепей сыграць той ці іншы музычны фрагмент. Гэтым не толькі абудзіў у мяне цікавасць да самастойнага мыслення, але і дазволіў адчуць сябе быццам на грэбні хвалі: прымусіў жыць, верыць у лепшае, імкнуцца да гэтага, – успамінае Святлана Барэйка. – Мірон Іванавіч Була – мой любімы педагог. Акрамя яго прафесійных якасцей, ён, можна сказаць, – другі бацька, бо заўсёды побач, і ўсе пытанні мы вырашаем з ім разам, без камандных метадаў, шляхам узаемапаразумення.
Алена Міхайлаўна разрывалася паміж Мінскам, дзе дачка ўсё шпарчэй і ўпэўнена “бегала” па клавішах акардэона, і Іванавам. Дачушку накіроўвала заўсёды толькі на перамогу.
Дзяўчынка вырасла. Яна ўзбіралася на музычны Парнас, уражваючы журы розных конкурсаў сваёй музычнасцю. Складаныя творы ў яе выкананні заўсёды вылучаліся не толькі віртуознасцю, але і вялікай эмацыянальнасцю. Цудоўна валодаючы інструментам, Святлана не прамінае падкрэсліць у час выступленняў і сваю неверагодную артыстычнасць, што прыносіць ёй чарговыя ўзнагароды: Малдова, 26 чэрвеня 2002 года – другая прэмія на Міжнародным конкурсе імя Я. Кока; 2003 год – лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Што і казаць, дацэнт Мірон Була быў задаволены сваёй выхаванкай.
ПАДТРЫМКА РАДЗІМЫ
– Радзіма – гэта што? – часта пытаюцца ў Святланы Барэйка.
– Вядома, Беларусь! – адказала яна аднаму з карэспандэнтаў, пры гэтым зусім не задумваючыся.
Акардэаністка пастаянна адчувае клопат пра сябе з боку дзяржавы. У свае 18 гадоў яна ўжо лічылася адным з лепшых выканаўцаў і мела сродкі, каб купіць добры музычны інструмент, а гэта, згадзіцеся, немалаважна. Прэзідэнцкая стыпендыя паскорыла набыццё акардэона.
Асабліва шчодрым на ўзнагароды стаў для Святланы 2005 год. Другая прэмія Рэспубліканскага конкурсу памяці Ігара Атраднага ў красавіку, а затым – першае месца і залаты медаль лаўрэата Дэльфійскіх гульняў краін-удзельніц СНД. У тым жа годзе дзяўчына паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Света працягвае навучанне пад кіраўніцтвам Мірона Булы. За выдатную вучобу на трэцім курсе яна яшчэ раз атрымлівае званне лаўрэата і гранд-прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі на стварэнне ўмоў для пошуку, станаўлення і творчага развіцця.
Святлана зноў бліскуча заявіла пра сябе на міжнародным узроўні. Спачатку было другое месца на Міжнародным конкурсе імя Я.Кока летам 2008 года, а затым у Саратаве на Сусветных Дэльфійскіх гульнях ва ўзроставай групе 18-35 гадоў заваявала званне лаўрэата, першае месца і залаты медаль. Завяршыўся год бліскучай перамогай беларускі на VII Міжнародным конкурсе выканаўчага майстэрства на народных інструментах у Белгарадзе, дзе ў намінацыі “Акардэон” яна атрымала дыплом першай ступені, а таксама дыплом за лепшае выкананне арыгінальнай музыкі “Кубак Белагор’я”.
Дзяўчына марыць атрымаць дастойную работу ў сваёй краіне, бо ёй падабаецца тут жыць, тварыць і радаваць сваім майстэрствам людзей. Яна хоча бачыць на сваіх канцэртах здаровых і жыццярадасных слухачоў, задаволеных, забяспечаных, якім не хапае толькі добрай класічнай музыкі ў яе віртуозным выкананні. А пакуль набытым майстэрствам ігры на акардэоне наша зямлячка шчодра дзеліцца са сваімі вучнямі, бо паралельна выкладае музыку ў дзіцячай музычнай школе №8 г.Мінска.
Дык няхай жа ўсміхнецца зорка на небе для гэтай працавітай і таленавітай дзяўчыны!
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
г.Іванава

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля