Беларусь

Пад ударам – лёгкія


Вячаслаў ГАЎРЫЛЕНКА, галоўны пазаштатны пульманолаг вобласці, загадчык аддзялення пульманалогіі Брэсцкай абласной бальніцы:
– Хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх (ХАХЛ) характарызуецца не поўнасцю абарачальнай бранхіяльнай абструкцыяй, пры якой пашкоджваюцца паветраносныя шляхі, парэнхіма лёгкіх, і, як вынік, – прагрэсіруе задышка, кашаль, макрота, пахудзенне. Хвароба можа ўзнікнуць у адказ на экалагічную агрэсію – калі раздражняльныя часцінкі газаў навакольнага асяроддзя трапляюць у органы дыхання. Ды ўсё ж такі 80-90 працэнтаў тых, хто пакутуе ад яе, – курцы.
Ці часта сустракаецца такое захворванне? Лічбы могуць быць рознымі – усё залежыць ад узроўню курэння ў пэўнай краіне. У нас – прыкладна 4-6 чалавек на 1000 насельніцтва. Што да Брэстчыны ў прыватнасці – дзесьці 470 чалавек на 100 тысяч насельніцтва пакутуюць ад ХАХЛ.
Ёсць такое паняцце як індэкс курца: колькасць выкураных за дзень цыгарэт памнажаецца на 12. Калі атрыманая лічба будзе больш за 160, дык чалавек, безумоўна, належыць да групы рызыкі. Ён актыўна курыць, праз некаторы час з’яўляецца ранішні кашаль. Чалавек звычайна не звяртае на яго ўвагу, прывыкае. Але тут ужо мае месца абструктыўная хвароба лёгкіх у першай стадыі. Калі пачаць курыць у 20 год, то да 40 з’явіцца задышка. Ды і яе некаторыя спісваюць на ўзрост, а гэта няправільна. Амерыканцы правялі цікавае даследаванне: добраахвотнікаў падзялілі на дзве групы, адной з іх рабілі болевае раздражненне, а другой – удушша, тое, што характэрна для хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх. Потым – наадварот. На трэці раз паддоследным прапанавалі выбраць: боль, па сутнасці вельмі інтэнсіўны, ці ўдушша. Ведаеце, амаль усе выбралі боль.
Самае галоўнае ў лячэнні – навучанне. Чалавека неабходна адвучыць ад шкоднай звычкі, пераканаць, расказаць, як з гэтым захворваннем жыць ды што рабіць. Другі этап – прыём інгалятараў. Але тут таксама ёсць адна перашкода. Нашы людзі ў сілу свайго славянскага характару ніяк не могуць зразумець, што хранічная хвароба падразумявае пажыццёвае прыманне пэўных медыкаментаў. Патрэбна растлумачыць чалавеку з ХАХЛ, што інгалятар цяпер павінен стаць яго соскай. Некаторыя думаюць, што гэта такая вострая хвароба: падлячыўся трошкі стацыянарна – і да пабачэння. Вось у гэтым і заключаецца галоўная памылка, бо чалавек наш чамусьці не хоча вучыцца жыць з хваробай. Калі яна хранічная, дык лячэбныя маніпуляцыі праводзіць трэба пастаянна, а не ад выпадку да выпадку.
Хворым назначаюць антыбіётыкі, адхарквальныя прэпараты, дыхальную гімнастыку, робяць неабходныя прышчэпкі. Адным з эфектыўных метадаў лячэння з’яўляецца кіслародатэрапія, ды ў нас яна пакуль што не так развіта, як на Захадзе. Практыкуецца таксама санаторна-курортнае лячэнне, ёсць і праграмы рэабілітацыі. У перыяд інфекцыйнага наслойвання хваробы такія пацыенты характарызуюцца павышанай успрымальнасцю да інфекцый. А асобам ад 50 да 55 гадоў у перыяды грыпу пажадана рабіць прышчэпкі.
Гэтай праблеме прысвечаны шэраг даследаванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, зроблены істотныя дасягненні ў галіне медыцынскіх прэпаратаў, таму зараз мы можам аперыраваць пэўнымі пастулатамі ў хранічнай дыягностыцы абструктыўнай хваробы лёгкіх і дастаткова паспяхова яе лячыць.
Запісала
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля