Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Пасля рэканструкцыі адкрылі Дамачаўскую гарадскую бальніцу

Пасля рэканструкцыі адкрылі Дамачаўскую гарадскую бальніцу


Сонечны дзень быў сугучны святочнаму настрою, нагодай для якога стала ўрачыстае адкрыццё бальніцы ў гарадскім пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна.
На мерапрыемства прыехалі кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар, старшыні Брэсцкіх гарадскога і раённага выканкамаў Аляксандр Палышанкоў і Уладзімір Мацука, начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя Ігар Ласіцкі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Федарук і Алег Вялічка…
Больш за год вяліся работы на гэтым сацыяльна значным для гарадскога пасёлка аб’екце. Амаль 3,5 мільярда рублёў укладзена ў рэканструкцыю бальніцы на 40 ложкаў з розных крыніц фінансавання. Больш за 250 мільёнаў выдаткавана на абсталяванне. Пастараліся будаўнікі Брэсцкай ПМК-1: прыгожы будынак, пасвяжэўшыя палаты, утульныя кабінеты і сталовая – усё радавала вока. Таму дружнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя перадачу сімвалічнага ключа, які начальнік ПМК-1 Віктар Гуц уручыў загадчыку гарбальніцы Андрэю Дубовіку.
– Здароўе – гэта той рэсурс, на якім трымаецца будучыня кожнага чалавека, а здароўе народа – гэта будучыня нашай дзяржавы, – адзначыў Канстанцін Сумар. – Сёння можна сцвярджаць, што даручэнне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі аб рэканструкцыі і пераабсталяванні медыцынскіх устаноў паспяхова выконваецца.
Губернатар падкрэсліў, што ў рэгіёне створаны добрыя ўмовы як для лячэння пацыентаў, так і для работы медыкаў. І слушна заўважыў: улада бачыць існуючыя яшчэ праблемы і гатова іх мэтанакіравана вырашаць.
Добраўпарадкаванне Дамачава, умацаванне яго сацыяльнай сферы знаходзіцца ў полі зроку і раённых, і абласных органаў улады. Пра гэта Канстанцін Андрэевіч гаварыў пасля агляду бальніцы ў час сустрэчы з яе калектывам. Летась для навядзення парадку ў населеным пункце быў выдаткаваны 1 мільярд бюджэтных сродкаў. Фінансаванне многіх праектаў прадоўжыцца і сёлета.
Адказваючы на пытанні медработнікаў, старшыня аблвыканкама пацвердзіў, што будзе вырашацца жыллёвае пытанне. У перспектыве – рамонт мясцовай паліклінікі, пашырэнне шэрага вытворчасцей з абавязковай арганізацыяй новых працоўных месцаў. У Дамачаве чакаецца адкрыццё дзіцячага сада з басейнам, рэканструкцыя школы, у адноўлены будынак пераедуць пасялковы выканаўчы камітэт, Дом быту, аптэка. Няма сумненняў, што пасёлак будзе развівацца. Аптымізм грунтуецца на дынамічным развіцці эканомікі.

Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля