Праўду пра салдат і партызан ВАВ устанаўліваюць настаўнік і яго вучні
Праўду пра салдат і партызан Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў вёскі Навасёлкі Кобрынскага раёна, рупліва ўстанаўліваюць настаўнік Аляксандр Дронец і яго вучні.
Героі вайны… Мы сустракаем іх імёны ў назвах вуліц, сквераў і плошчаў – і ўспамінаем ваенныя падзеі. Праходзім каля помнікаў і абеліскаў – і ў памяці зноў і зноў усплываюць бязмежная самаадданасць і гераізм. Яны жывуць у нашых сэрцах і на старонках гістарычных кніг… Заўсёды будуць побач з намі.
Але задумаемся, колькі мы памятаем імёнаў і прозвішчаў землякоў, якія абаранялі наш край? Тых, пра каго практычна не пішуць у кнігах, чыіх імёнаў няма ў назвах вуліц? Гэтую публікацыю мы прысвячаем ураджэнцам вёскі Навасёлкі – салдатам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны, звесткі пра якіх рупліва сабраў у музеі Навасёлкаўскай школы выкладчык гісторыі, кіраўнік музея Аляксандр Дронец. Менавіта на іх падставе і створаны матэрыял.
СУСТРЭЛІ Ў СТРАІ
Іх было 12, і амаль што ўсіх прызвалі ў армію яшчэ да вайны. Лёс гэтых 12 жыхароў вёскі, якія прымалі ўдзел у абарончых баях 1941-1942 гадоў, склаўся па-рознаму. Мала хто з тых, што прынялі на сябе першы ўдар ворага, дайшоў да канца вайны… Загінуў у фашысцкім канцлагеры пад Лідай Мікалай Выжыкоўскі, памёр ад ран у шпіталі каля Чэлябінска Мечыслаў Грынявецкі.
Вайсковая часць, дзе служылі навасёлкаўцы Серафім Кайла, Мікалай Пятручык, Мікалай Кардаш і Аляксей Крыганчук, адступала з-пад украінскага горада Сумы і трапіла ў акружэнне. Эшалон, дзе ехалі байцы, быў разбомблены, а воіны, што ўцалелі, дабраліся да бліжэйшай вайсковай часці.
Пасля праверкі заходніх беларусаў і ўкраінцаў раззброілі і адправілі на тылавыя работы ва ўсходнія рэгіёны СССР: Крыганчук, Кардаш, Пятручык і Кайла апынуліся на будаўніцтве ваеннага завода пад Свярдлоўскам. Серафім Кайла захварэў на туберкулёз і памёр у пачатку 1942 года, Мікалай Кардаш прапаў без вестак, Мікалай Пятручык трапіў на фронт і загінуў у 1944 годзе ў Польшчы. Вярнуцца дадому з той чацвёркі навасёлкаўцаў удалося толькі Аляксею Крыганчуку, які ў роднай вёсцы ў першыя пасляваенныя гады працаваў у калгасе. Памёр Аляксей Сцяпанавіч у 2008 годзе.
Яшчэ адзін ураджэнец вёскі, Іван Яшчук, за сваё жыццё прайшоў аж тры вайны. Пасля Першай сусветнай і грамадзянскай ён працягваў службу ў Чырвонай Арміі, перажыў рэпрэсіі. На фронце Іван Фёдаравіч апынуўся з пачатку Вялікай Айчыннай. Баі ва Украіне, абарона Севастопаля, вызваленне Крыма, баявыя дзеянні ў Румыніі і Венгрыі… Сярод узнагарод – ордэн Леніна, медаль «За абарону Севастопаля» і многія іншыя. Памёр ён пасля цяжкай хваробы ў 1948 годзе ў Брэсце, дзе і быў пахаваны.
Ёсць сярод навасёлкаўцаў і абаронцы Ленінграда. На Лужскім рубяжы загінулі Сцяпан і Трафім Марчукі. Дарэчы, першы на танк перасеў адразу з трактара, на якім працаваў да вайны ў калгасе суседняй вёскі Паўлопаль. Пад Ленінградам развіталіся з жыццём аднавяскоўцы Васіль Кардаш і Міхаіл Вяршко, які да вайны працаваў у Дзівінскім райвыканкаме інспектарам па фінансах. Толькі ў 2009 годзе стала вядома, што ў час Ленінградскай блакады загінула сям’я ўраджэнца вёскі Навасёлкі Пятра Паляцілы – аб гэтым расказала і перадала ў школьны музей фотаздымкі яго пляменніца Марыя Крыганчук… Не дачакаліся салдацкіх пісьмаў-«трохвугольнічкаў» родныя Андрэя Сяргуты і Аляксея Паляцілы, якія прапалі без вестак у страшных баях 1941-1942 гадоў.
ПАРТЫЗАНСКІ КРАЙ
У адказ на фашысцкія здзекі, тэрор і насілле ў партызаны ішлі і дарослыя, і старыя, і дзеці. Устаноўлена 28 прозвішчаў жыхароў вёскі Навасёлкі, якія змагаліся супраць захопнікаў – былі партызанамі або сувязнымі ў васьмі партызанскіх атрадах. 15 з іх – партызаны і сувязныя атрада імя Фрунзэ брыгады імя Сталіна Брэсцкага злучэння, 13 вяскоўцаў дзейнічалі ў складзе іншых партызанскіх злучэнняў.
Гістарычная даведка: «Старасельскі партызанскі атрад імя М.М. Чарнака быў арганізаваны ў Старасельскім лесе і дзейнічаў у Жабінкаўскім раёне. 22 сакавіка 1944 года злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі, быў перафарміраваны і зноў накіраваны на акупіраваную тэрыторыю».
З лета 1941 года жыхары вёскі сталі сувязнымі партызанскіх груп і атрадаў, у тым ліку Старасельскага. Амаль усе яны былі ўдзельнікамі антыпольскага руху ў 1920-1930 гадах і актывістамі Савецкай улады ў перадваенны час. Іх сувязь з партызанамі гітлераўцы хутка выявілі. У 1942 годзе пачаліся арышты…
У ліпені 1942-га фашысты расстралялі на ўскрайку вёскі дэпутатаў даваеннага Навасёлкаўскага сельсавета і партызанскіх сувязных Ілью Паляцілу, Івана Рогача і Кірыла Сахарчука. Усе яны былі сувязнымі Старасельскага атрада і падтрымлівалі сувязь з іншымі фарміраваннямі з самага пачатку вайны. Таксама за сувязь з партызанамі каля вёскі Патрыкі быў расстраляны Іван Піліпук, якога перад гэтым прымусілі капаць магілы для забітых яўрэяў.
У верасні 1942 года за сувязь з партызанамі карнікі схапілі Кірыла Букрабу, чый сын пайшоў у партызаны. Ранкам, калі Кірыл стаяў на вуліцы, яго арыштавалі і прывялі ў памяшканне школы. Доўгі час вялі допыты, па-зверску збівалі, прывязвалі на некалькі сутак да вярбы без ежы і вады, накінуўшы на галаву мяшок. Урэшце выкалалі вочы і закапалі жывым ва ўрочышчы Калатыўшчына. Нягледзячы на страшныя пакуты, Кірыл Букраба ні ў чым не прызнаўся ворагам. Разам з ім пакутніцкую смерць прыняў партызанскі сувязны з вёскі Старое Сяло Іван Паляціла, якога схапілі ў той самы дзень. Уратавацца пашчасціла толькі жыхару вёскі Паўлопаль Лявону Хінцу, яму дапамог адзін з немцаў, які добра размаўляў па-польску.
Другое вядомае пад-раздзяленне, якое дзейнiчала ў Кобрынскiм i Жабiнкаўскiм раёнах, – атрад імя Фрунзэ. У яго радах змагаліся жыхары вёскі Навасёлкі:
І. А. Ніканчук, С. А. Бляян, В. С. Пятручык, А. Я. Рогач, І. В. Яшчук, С. М. Паляціла і многія іншыя.
Гістарычная даведка: «Атрад iмя Фрунзэ быў арганiзаваны 3 лiпеня 1943 г. i ўвайшоў у склад брыгады iмя Сталiна. На момант утварэння атрад налiчваў 40 чалавек. Месцам яго арганiзацыi быў лес каля в. Антанова, а пастаянным месцам дыслакацыi – Чарнянскi, Паўлопальскi i Барысаўскi лясы. Першапачаткова атрад знаходзiўся ў Паўлопальскiм лесе i ў залежнасцi ад абставін мяняў месца дыслакацыi. Партызаны атрада праводзiлi баявыя аперацыi, часта сумесна са Старасельскім атрадам (iмя Чарнака)».
У жнiўнi 1943 года партызаны-фрунзенцы лiквiдавалi нямецкую гаспадарку «Губерня» на поўдні ад Кобрына (па Уладаўскай шашы), забралi 150 галоў буйной рагатай жывёлы, 45 коней з вупражжу i павозкамi.
Восенню 1943 года атрад папоўнiўся мясцовай моладдзю i налічваў каля 600 чалавек: 5 рот i некалькi дыверсiйных груп. Партызаны ўзрывалi нямецкiя эшалоны, грамiлi фашысцкiя гарнiзоны ў райцэнтрах Ратна i Дзiвiне, у вёсцы Макраны, камендатуры ў вёсках Азяты i Чарняны. Звычайнай справай для партызан былi засады (у тым лiку памiж вёскамi Перкi i Пескi па Маскоўскай шашы). У адной з засад было забiта 29 нямецкiх афiцэраў i адзін генерал. Партызаны разбуралi тэлефонна-тэлеграфную сувязь, распаўсюджвалi лiстоўкi i зводкi Саўінфармбюро сярод насельнiцтва.
У сакавiку 1944 года атрады iмя Фрунзэ i iмя Чарнака злучылiся з часцямi Чырвонай Армii, вялi жорсткiя баi з ворагам уздоўж шашы Кобрын – Маларыта i асаблiва на канале Ор, што каля Дзiвiна. Праявiлi адвагу ў баях разведчыкi Мiкалай Бычак i Павел Семянюк, кулямётчык Мацвей Краўчук, які адбiў восем нямецкiх атак. Сiлы аказалicя няроўнымi. Часцi Чырвонай Армii, а разам з iмi i партызаны, вымушаны былi адступiць за р.Прыпяць. Там атрады i былi расфармiраваны. З атрада iмя Фрунзэ было выдзелена 70 чалавек, i ў маi 1944 года яны зноў былi перакiнуты для дыверсiйнай работы ў Дзiвiнскi i Кобрынскi раёны (у другi раз атрад злучыўся з Чырвонай Армiяй 21 лiпеня 1944 г.).
На момант злучэння з Чырвонай Армiяй у атрадзе iмя Фрунзэ было 407 народных мсціўцаў. Партызаны атрада разграмiлi 12 варожых гарнiзонаў, падарвалi 47 эшалонаў, 46 чыгуначных i шашэйных мастоў, разбурылi каля пяці кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязi, знiшчылi каля тысячы нямецкiх салдат i афiцэраў. Партызанамi i сувязнымi атрада iмя Фрунзэ былi многiя жыхары в.Навасёлкі (на 01.01.2010 г. устаноўлена 15 прозвішчаў).
Вядомы сваёй дзейнасцю і атрад «25 гадоў Савецкай Беларусі», арганізаваны вясной 1944 года з партызан атрада імя Фрунзэ. Партызаны гэтага атрада ўдзельнічалі ў баях з фашыстамі на рацэ Прыпяць. У складзе атрада быў жыхар вёскі Навасёлкі Мікалай Улезла.
Ветэраны партызанскага руху вёскі Навасёлкі пасля вайны не раз наведвалі школу, расказвалі дзецям пра сваё ваеннае жыццё. На жаль, з кожным годам іх застаецца ўсё менш – час і хваробы няўмольна збіраюць сваю даніну. А нам застаецца памяць: пра подзвігі і гераізм, пра суровыя франтавыя будні, пра цяжкі лёс нашых землякоў, дзякуючы якім мы сёння жывём пад мірным небам. Пра тое, што нельга забыць.
НА ПЕРАЛОМЕ ВАЙНЫ
Ды не толькі на сваёй роднай зямлі змагаліся ў той страшнай вайне навасёлкаўцы. Сямёна Паляцілу прызвалі ў армію ў 1940 годзе. Ён быў кулямётчыкам, а іх, як вядома, гітлераўцы ў ходзе бою заўсёды імкнуліся знішчыць першымі. Алё ён уцалеў у Сталінградскай бітве, а потым яшчэ прымаў удзел у вызваленні Крыма. Там, у час баёў за Керч, быў цяжка паранены і пасля шпіталя ў Свярдлоўску дэмабілізаваны. Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Лёс сяржанта Мікалая Кекуха правёў яго праз другую гістарычную бітву – на славутай Курскай дузе. І ён таксама здолеў выйсці жывым. Пасля гэтага ваяваў у Чэхаславакіі, сустрэў Перамогу ў Празе.
Ход вайны быў зменены. Так званы «бліцкрыг» – маланкавая вайна, на якую разлічвалі гітлераўцы, праваліўся. Прыйшла пара вызваляць сваю Радзіму ад захопнікаў і гнаць ворага на Захад. У вызваленні Беларусі і Прыбалтыкі прымалі ўдзел навасёлкаўцы Уладзімір Бондараў, Сцяпан Паляціла, Мікалай і Іван Пятручыкі, Іван
Яшчук, Ануфрый Ніканчук, Сямён Паляціла, Васіль, Міхаіл і Сцяпан Сахарчукі.
Каб падрабязна апісаць ваеннае жыццё кожнага з іх, мабыць, не хопіць нават цэлай кнігі… Закончыў вайну ў Берліне былы партызан атрада імя Фрунзэ Сцяпан Паляціла. На тэрыторыі Польшчы ў мястэчку Асуўна Варшаўскага ваяводства загінуў Мікалай Пятручык. Прайшоў шлях ад уцёку з прымусовых работ у працоўным лагеры да партызанскага атрада імя Фрунзэ, а потым – да вызвалення Латвіі Міхаіл Сахарчук, які сустрэў 9 Мая ва Усходняй Прусіі. На трэцім Беларускім фронце са сваім кулямётам ваяваў Сцяпан Сахарчук, які быў паранены за некалькі месяцаў да Перамогі…
Вайна набліжалася да свайго завяршэння.
НА АПОШНІХ ПЛАЦДАРМАХ
На заключным этапе вайны жыхары вёскі Навасёлкі ўдзельнічалі ў вызваленні Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, ваявалі на тэрыторыі Германіі, у тым ліку і ва Усходняй Прусіі. Толькі ў баях за свабоду Польшчы змагаліся 12 навасёлкаўцаў – чацвёра з іх загінулі. Ёсць і тыя, хто прымаў удзел у разгроме мілітарысцкай Японіі. Многія загінулі ў змаганні з фашызмам за свабоду і незалежнасць еўрапейскіх народаў. Усе яны былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Звесткі пра іх захоўваюцца ў школьным музеі. Сцяпан Бляян загінуў у Польшчы, у мястэчку Краўцавіска Бяла-Падляскага ваяводства, Іван Міхальчук – у баях за Прагу, Аляксей Ніканчук – у баях за Варшаву, Мікалай Сахарчук – таксама ў час вызвалення Польшчы.
Сяржант і камандзір узвода Фёдар Пятручык – з тых, хто ўдзельнічаў у страшных баях за вызваленне Варшавы і ў фарсіраванні Віслы. Пад Варшавай ён і атрымаў раненне, пасля якога быў дэмабілізаваны. Там жа, пад Варшавай, быў паранены і ўдзельнік Навасёлкаўскага паўстання сялян, а потым – партызанскі сувязны Андрэй Сахарчук, які раней быў прыгавораны белапольскімі ўладамі да 12-ці гадоў турмы… Баі на чыгунцы Брэст – Варшава, цяжкае раненне і ампутацыя нагі ў наступным – такі шлях прайшоў Іван Яшчук, які да гэтага вызваляў Маларыту, Брэст, а таксама ўкраінскія гарады Ковель і Ратна. Многія вялікія і малыя гарады прайшоў былы разведчык партызанскага атрада імя Фрунзэ Мікалай Улезла…
Гэты спіс можна працягваць вельмі доўга. За кожным прозвішчам – свой лёс, свае подзвігі, свая гісторыя. 11 жыхароў вёскі прымалі ўдзел і ў самым апошнім этапе вайны – баявых дзеяннях на тэрыторыі Германіі.
…Кароткія звесткі, якія захаваліся, наўрад ці могуць даць сённяшняму пакаленню поўнае ўражанне аб тым, праз што давялося прайсці жыхарам вёскі Навасёлкі ў гады вайны. Праз боль, кроў і цяжкія раны яны, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, крок за крокам набліжалі нашу краіну да доўгачаканай Перамогі. У знак ушанавання памяці загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну аднавяскоўцаў каля сельскага Дома культуры ўстаноўлены абеліск. У спісе, які захоўваецца ў музеі Навасёлкаўскай школы, – 74 прозвішчы…
Усе гэтыя звесткі натхнёна, літаральна па радочку, на працягу доўгага часу збіраліся ў музеі Навасёлкаўскай школы. Тут — салдацкія лісты, франтавыя ўзнагароды, рэдкія дакументы, якія цудам захаваліся да нашага часу, дзякуючы кіраўніку гэтага музея і вялікаму энтузіясту сваёй справы — выкладчыку гісторыі Аляксандру Дронцу.
У выніку яго пошукавай работы сённяшнія навасёлкаўскія школьнікі ведаюць пра гераічнае мінулае сваіх аднавяскоўцаў, памятаюць іх імёны… Для іх Вялікая Айчынная вайна – гэта не проста раздзел з падручніка гісторыі, гэта — перш за ўсё, памяць аб сваіх земляках, якія загінулі на палях баёў. Яна — у кожнай выяве са старога чорна-белага фотазды-мка, у кожнай гільзе ці прабітай куляй касцы, у кароткім салдацкім лісце-трохвугольнічку, што ляжыць пад шклом музейнага стэнда…
Па зацікаўленых тварыках зусім яшчэ маленькіх вучняў, якія ловяць кожнае слова свайго настаўніка аб тых далёкіх падзеях, разумееш: гэтыя людзі будуць памятаць сваё мінулае і ведаць сваіх герояў.
Дзмітрый БЯЛОЎ,
Кобрынскі раён.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.