Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Прафесійнымі юрыстамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый распрацаваны законапраект, мэта якога – спыніць насілле ў беларускіх сем’ях

Прафесійнымі юрыстамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый распрацаваны законапраект, мэта якога – спыніць насілле ў беларускіх сем’ях


Штодзённа ў рэспубліцы ў органы ўнутраных спраў паступае каля 500 паведамленняў аб фактах сямейна-бытавых канфліктаў, з якіх больш за 70 працэнтаў складаюць выпадкі дамашняга насілля ў дачыненні жанчын і дзяцей. У той жа час значная колькасць выпадкаў насілля не фіксуецца. Каб змяніць сітуацыю, спецыялісты прапануюць розныя варыянты рашэння праблемы.
Іх прапановы нядаўна былі разгледжаны ў Брэсце на пасяджэнні “круглага стала” “Удасканаленне заканадаўства Рэспублікі Беларусь па прадухіленні дамашняга насілля”, ініцыятарам якога стала ГА “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”, а арганізатарам – ГА “Клуб дзелавых жанчын” г. Брэста. Удзельнічалі ў сустрэчы прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў,  тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання вобласці, органаў унутраных спраў.
У 1993 годзе ў Вене  на канферэнцыі па правах чалавека была зацверджана Дэкларацыя аб выкараненні насілля ў адносінах да жанчын. Пасля чаго 124 краіны свету прынялі нацыянальныя законы па гэтай праблеме, у тым ліку нашы краіны-суседкі Украіна, Польшча, Літва, Латвія. На жаль, у Беларусі такога закона пакуль няма. А гэта значыць, што ў спецыялістаў розных дзяржаўных органаў і арганізацый мала прававых асноў, каб уздзейнічаць на гвалтаўнікоў.
Міжнародным вопытам у час пасяджэння падзялілася Рымантэ Шалашэвічутэ, член парламента Літвы. У гэтай краіне падобны закон уступіў у сілу ў канцы 2011 года і рэальна дзейнічае і на “простых смяротных”, і на высокіх чыноўнікаў. Так, сёлета  ў літоўскім грамадстве атрымалі шырокі рэзананс некалькі выпадкаў: былі асуджаны два пракуроры і дэпутат, якія здзяйснялі насілле ў адносінах да жонкі.
Беларускія спецыялісты, грунтуючыся на сусветнай практыцы, прапануюць замацаваць у законе наступныя меры.
Чалавеку, які ўпершыню здзейсніў насілле ў сям’і (пры ўмове адсутнасці ў яго дзеяннях прыкмет злачынства), выносіцца афіцыйнае папярэджанне. Калі  ж яно не падзейнічала і зноў учынены гвалт, тады прымаюцца больш жорсткія меры. Выносіцца ахоўнае прадпісанне, згодна з якім гвалтаўнік:
–  павінен пакінуць месца пражывання (нават калі ён уласнік жылога памяшкання);
– павінен не дапускаць любых кантактаў з пацярпелым (-ай) (па месцапражыванні, працы і ў іншых месцах, у тым ліку праз трэціх асоб);
– не можа атрымліваць інфармацыю аб месцазнаходжанні  і наведваць пацярпелую (-ага);
– не можа весці тэлефонныя перамовы з пацярпелай (-ым), адпраўляць ёй (яму) пошту (электронную таксама), у тым ліку праз іншых;
– не можа аднаасобна распараджацца сумеснай маёмасцю;
– не можа набываць і карыстацца зброяй і інш.
Такія абмежаванні ўстанаўліваюцца на тэрмін да 15 сутак і пры неабходнасці падаўжаюцца да 30 сутак. А кантроль за іх выкананнем павінны ажыццяўляць органы ўнутраных спраў. Калі будуць парушаны гэтыя ўмовы, асоба можа быць прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.
Акрамя гэтага, у выпадку здзяйснення паўторнага насілля ў сям’і (пасля афіцыйнага папярэджання) асоба можа быць накіравана для абавязковага праходжання псіхалагічнай карэкцыйнай праграмы. Пры жаданні яе можна праходзіць і добраахвотна.
Пацярпелым жа выдаецца ахоўны ордар, у ім пералічваюцца загады (забаронныя  або абмежавальныя), якія павінен выконваць гвалтаўнік.
Законам прадугледжаны і іншыя меры для спынення насілля: прафілактычныя мерапрыемствы, інфармацыйная і прававая асвета грамадзян, прафілактычны ўлік асоб, якія ўчынілі насілле ў сям’і.
Па заканчэнні “круглага стала” прынята рэзалюцыя, якая будзе накіравана міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з мэтай уключэння законапраекта ў план на 2014 год.
Для таго, каб праект не застаўся толькі ў намерах (бо яшчэ ў 2001 годзе была спроба яго прыняць), Марыя Гамзюк, начальнік аддзела сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і падтрымкі ветэранаў і інвалідаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, прапанавала ўсім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва звярнуцца да дэпутацкага корпусу на месцах і актыўна падтрымліваць прасоўванне гэтай ініцыятывы. Такую ж прапанову прынялі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Лілія КАШТАНЮК, “НТ”.
Фота аўтара.

Даведка “НТ”
Дзе атрымаць дапамогу?
! Агульнанацыянальная “гарачая лінія” для пацярпелых ад дамашняга насілля – тэл. 8-801-100-8-801 (званок бясплатны са стацыянарных тэлефонаў).
! Сайт http://ostanovinasilie.org/, на якім можна знайсці неабходную інфармацыю, а таксама па электроннай пошце атрымаць ананімна кансультацыю юрыста і псіхолага.
! Крызісныя пакоі ў Брэсцкай вобласці, дзе можна некаторы час жыць (да 30 сутак) і атрымліваць кваліфікаваную дапамогу спецыялістаў. Яны знаходзяцца пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
! г. Брэст, вул. Халтурына, 8, тэл.: (8 0162) 21-52-80, 21-35-27;
! г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 89, тэл.: (8 0163) 42-34-06,  42-23-56;
! г. Кобрын, вул. Савецкая, 103, тэл.: (801642) 2-31-28,  2-79-58;
! г. Лунінец, вул. Фрунзэ, 6, тэл.: (801647) 2-34-01,2-33-88;
! г. Пінск, вул. Савецкая, 7, тэл.:  (8 0165) 35-30-55,35-67-13.
! ГА “Клуб дзелавых жанчын” г. Брэста (пл. Свабоды, 8, кабінет №5, час работы з 9.00 да 18.00, выхадныя дні – субота і нядзеля), дзе можна запісацца на кансультацыю да юрыста, псіхолага і атрымаць неабходную інфармацыю, або накіраваць пытанне па электроннай пошце noviolence.brest@gmail.ru.

Паслугі ва ўсіх арганізацыях аказваюцца бясплатна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля