Прэзентацыя новага экскурсійнага маршруту на востраў Пагранічны ў Брэсцкай крэпасці адбылася ў аўторак, 19 лютага
Апярэджваючы святкаванне Дня абаронцаў Айчыны, у Брэсце ўрачыста адкрылі адноўлены вантавы мост, які пакладзе пачатак новаму экскурсійнаму маршруту на востраў Пагранічны. Размешчаны паміж нашай краінай і суседняй Польшчай, востраў доўгі час лічыўся закрытай тэрыторыяй. Аднак у чэрвені 2011 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць доступ турыстам да ўнікальнага гістарычнага аб’екта. Наступным крокам у ажыццяўленні маштабнай задумы павінна стаць стварэнне гісторыка-культурнага цэнтра “Брэст”.
Першымі ў гэты снежны лютаўскі дзень на востраў трапілі старшыні аблвыканкама Канстанцін Сумар і гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, дыпламаты, ветэраны, сярод якіх – абаронца крэпасці Пётр Кацельнікаў, журналісты. У ліку запрошаных быў і інвестар праекта Уладзімір Мікулік.
Нават дрэннае надвор’е не сапсавала незабыўныя ўражанні ад надзвычай ёмістага экскурсу. Мажліва, сучаснаму пакаленню цяжка ўявіць сабе жахі вайны, аднак пра бессмяротны подзвіг тых, каму мы абавязаны мірным небам, памятаць трэба заўжды. Гэта частка нашай гісторыі.
– А калі людзі памятаюць вялікае мінулае, – падкрэсліў Канстанцін Сумар, – у іх ёсць шанс пабудаваць вялікую будучыню. Ды хацелася б, каб вайну мы ўзгадвалі толькі па музейных рэліквіях…
Востраў Пагранічны, і сапраўды, мае багатае мінулае. Геаграфічна ён уваходзіць у склад Цярэспальскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Прыкладна ў канцы XVIII – сярэдзіне XIX стагоддзя тут ажыццяўляўся мытны кантроль падарожнікаў, якія перасякалі мяжу Расійскай імперыі. На востраве нават захаваўся будынак вартавой будкі таго часу. А ў ходзе навуковых даследаванняў, праведзеных супрацоўнікамі мемарыяла, выяўлена 38 цікавых гістарычных аб’ектаў XIX – першай паловы XX стагоддзя (парахавыя склепы, фрагменты казарм, земляныя валы з казематамі і іншыя). Свой след на Пагранічным пакінуў і легендарны генерал Дзмітрый Карбышаў, які прыклаў руку да будаўніцтва некаторых казарм.
Аб’екты на закрытай дагэтуль тэрыторыі вострава мы можам бачыць такімі, якімі яны былі 70 гадоў таму. Здаецца, што час тут насамрэч спыніўся. Зрэшты, “пасмакаваць” гэтае адчуванне ў поўнай меры хутка зможа кожны жадаючы. Як расказаў Рыгор Бысюк, дырэктар мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”, наступная экскурсія на востраў Пагранічны адбудзецца вясной: заяўку ўжо падалі брэсцкія мытнікі. Падобнае падарожжа разлічана прыкладна на дзве гадзіны, а яго кошт складзе 40-50 тысяч рублёў з чалавека.
Больш таго, прадстаўнікі ўлады разглядаюць перспектыву арганізаваць на востраве спрошчаны пагранічны пераход “Брэст – Цярэспаль”. Але ўсяму свой час…
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Пётр КАЦЕЛЬНІКАЎ, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці, выхаванец музычнага ўзвода 44-га
стралковага палка:
– …Мы прачнуліся сярод агню і смерці, не разумелі, што адбываецца. Артылерыйскія кананады, выбухі снарадаў – усё гэта разам ускалыхнула зямлю. Гарэлі казармы, гарэла нават тое, што, здавалася, не павінна гарэць. У крэпасці бушаваў пажар…
Вось у такім становішчы сустрэлі першы дзень вайны. Акрыяўшы ад раптоўнага ўдару, мы, хлапчукі, аказвалі дапамогу параненым, выконвалі розныя даручэнні старэйшых, рабілі вылазкі, каб адшукаць боепрыпасы ці даставіць ваду ў падвал, дзе знаходзіліся людзі.
Па-рознаму склаліся лёсы абаронцаў крэпасці, многія загінулі тут. Таму памяць пра мінулае не проста гісторыя – гэта найвялікшае багацце народа. Памяць пра той подзвіг заклікае нас да здзяйснення подзвігаў у мірны час і нагадвае пра недапушчальнасць паўтарэння жахаў вайны. Зараз мы адкрываем новы куточак для наведвання, дзе ў турыстаў будзе магчымасць даведацца аб тых страшных падзеях.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.